У Беларусі і ва Ўкраіне ўжо некалькі дзён гараць лясы
Гэта ўкраінскія лясы на мяжы зь Беларусьсю, побач з Брагінскім раёнам Гомельскай вобласьці і Столінскім раёнам Берасьцейскай вобласьці. А таксама — беларускія лясы на Палесьсі. Па стане на 9 верасьня пажар на Палесьсі ахопліваў 50 гектараў, паведамляў Мінлясгас.
Так тушаць пажары зь зямлі і з паветра.
У вёсцы Вялікія Аўцюкі Калінкавіцкага раёну Гомельскай вобласьці празь лясныя пажары 9 верасьня згарэлі чатыры дамы. Ніхто зь людзей не пацярпеў.
9 верасьня стала вядома, што гараць Альманскія балоты ў Берасьцейскай вобласьці — гэта найбуйнейшы ў Эўропе комплекс балотаў, які захаваўся ў натуральным стане. Яго працягваюць тушыць больш за 100 чалавек.
10 верасьня паведамілі пра пажар на Ельні — адным з найбуйнейшых беларускіх балотаў, што ў Віцебскай вобласьці, паміж азёрамі Валажэя і Яжгіня. Мінулы раз Ельня гарэла год таму, напрыканцы верасьня.
Як адзначыў навуковец Сяргей Бесараб у размове са Свабодай, лясныя пажары побач з чарнобыльскай зонай апошнія гады здараюцца часьцей. Гэта можа быць наступствам глябальнага пацяпленьня. Ён мяркуе, што раней такіх буйных пажараў, як сёлета, не было. Паводле ацэнак Бесараба, пажары на балотах працягнуцца яшчэ месяц. Ён перакананы, што тарфянікі немагчыма хутка патушыць, як пра гэта заяўляюць улады.
Дым вісіць над Беларусьсю
Беларусь цяпер у атмасфэрна-радыялягічнай пастцы. У краіне можна назіраць рэдкую зьяву — тэмпэратурную інвэрсію. Гэта значыць, што з вышынёй тэмпэратура паветра ня падае (на 1 градус кожныя 100 мэтраў), а наадварот, павялічваецца. Так сталася празь непрадказальны зьбег мэтэаралягічных абставінаў, расказаў Свабодзе Сяргей Бесараб.
У звычайнай сытуацыі дым ад лясных пажараў расьсейваўся б у атмасфэры з вышынёй. Аднак цяпер гэтага не адбываецца. Дым застаецца вісець над Беларусьсю. Гэта наступства глябальнага пацяпленьня, мяркуе навуковец.
«Гэта можна ўявіць як каўпак, пад які трапіла Беларусь, і пад які заходзіць яшчэ і дым», — патлумачыў суразмоўца.
Выпадкова межы гэтага «каўпака» супалі прыкладна зь межамі Беларусі.
Распаўсюд радыяцыі
Усе лясныя пажары дзеляцца на тры катэгорыі: верхавыя (абгараюць вершаліны дрэваў), нізавыя (гарыць падлесак, апалае лісьце, ігліца) і глыбінныя і падглебавыя, тлумачыць навуковец.
Найменш шкодныя — верхавыя, бо ў хвоі і лісьці зьбіраецца няшмат радыянуклідаў. Але дым ад верхавых пажараў хутка разносіцца.
Калі гарыць падлесак (да 15 сантымэтраў углыб глебы), гэта найбольш небясьпечна, са словаў экспэрта, бо ў глебе назапашваюцца 90% радыянуклідаў: перадусім цэзій, месцамі стронцый.
Сяргей Бесараб мяркуе, што лясныя пажары на забруджаных радыянуклідамі тэрыторыях трэба называць радыяактыўнымі пажарамі, бо радыянукліды, якія згараюць, становяцца крыніцамі выпраменьваньня. Але такое акрэсьленьне ад беларускіх уладаў не гучыць.
Цяпер у Беларусі нізавыя пажары пераходзяць у глыбінныя — гараць тарфянікі на забалочаных тэрыторыях, на Альманскіх балотах, у Ельні. У тарфяніках найбольш радыянуклідаў, бо яны добра іх уцягваюць у сябе, тлумачыць хімік. Калі гараць тарфянікі, радыяцыя выходзіць наверх. Але яна распаўсюджваецца невялікай плямай. Найбольш небясьпечныя месцы ў радыюсе 500–1000 мэтраў ад цэнтру пажару.
Брагінскі раён забруджаны ня толькі цэзіем, але таксама плютоніем і амэрыцыем. Гэта цяжкія мэталы, яны разьлятаюцца недалёка. Аднак пры пажары яны выпраменьваюць у 20 разоў больш, чым у звычайным стане.
Пацярпяць людзі ў радыюсе 5 кілямэтраў ад цэнтру пажару
Найбольш пацярпяць ад гэтых пажараў, на думку экспэрта, жыхары бліжэйшых вёсак — да 5 кілямэтраў ад ачагоў узгараньня, а таксама тыя, хто тушыць пажар. Далей небясьпека зьніжаецца ў разы.
Навуковец адзначыў, што літоўцы перасьцерагаюцца беларускіх пажараў. Рассылаюць паведамленьні пра небясьпеку, раяць жыхарам Літвы не выходзіць з дому. Аднак Сяргей Бесараб мяркуе, што радыяактыўныя рэчывы да Літвы не даляцяць, яны асядуць значна раней.
На здымках са спадарожніка відаць, што найбольш густы, малочны дым падымаецца на мяжы Беларусі зь Літвой, а таксама на мяжы Беларусі з Украінай. Шчыльны дым відаць у заходняй частцы Менскай вобласьці і на поўначы Горадзенскай. Аднак большая белізна дыму на здымках ня сьведчыць пра большую небясьпеку, тлумачыць Бесараб. Колер паказвае толькі тое, як дым адбівае сьвятло.
Суразмоўца заўважае, што ў найбольш небясьпечнай сытуацыі — жыхары Брагінскага раёну, раёнаў, бліжэйшых да Чарнобыльскай зоны. У параўнаньні зь імі тэрыторыя Альманскіх балотаў нашмат чысьцейшая ў пляне радыяцыі.
Каб лепш зразумець, хто можа пацярпець ад лясных пажараў, Сяргей Бесараб раіць паглядзець, дзе ачагі пажараў, знайсьці на «Атлясе сучасных і прагнозных наступстваў катастрофы на ЧАЭС» 1999 году, якія месцы забруджаныя радыяцыяй, і параўнаць гэта з тым, куды дзьме вецер. Арыентавацца на радыюс каля пяці кілямэтраў ад ачагу.
«Проста выйсьці і панюхаць паветра — не спрацуе. Паветра разносіцца па ўсёй краіне», — кажа суразмоўца.
Як дадае Сяргей Бесараб, часам дым у паветры — гэта толькі эстэтычна непрыемна, а вялікай пагрозы ён не нясе.
Навуковец заўважае, што пасьля пажараў пераразьмяркуецца радыяактыўная мапа Беларусі. Трэба мець дазымэтар, каб разумець узровень радыяцыі там, дзе жывеш.
Прамянёвая хвароба, анкалёгія, алергія, таксыкалягічныя захворваньні
На думку Бесараба, наступствам цяперашніх лясных пажараў вострая прамянёвая хвароба ня стане.
«Для гэтага (вострай прамянёвай хваробы. — РС) там трэба знаходзіцца па 24 гадзіны некалькі дзён бяз сродкаў бясьпекі... Хапаць попел радыяактыўны, вымазвацца ім, і то ня ўдасца», — мяркуе суразмоўца.
Аднак, на думку навукоўца, побач зь ляснымі пажарамі ў некалькі разоў вырасьце рызыка анкалягічных захворваньняў.
«Радыяактыўнае выпраменьваньне павялічвае аксыдатыўны стрэс чалавечага арганізму, утварэньне свабодных радыкалаў. Свабодныя радыкалы шкодзяць ДНК. Пашкоджанае ДНК — гэта мутацыі. Мутацыі — гэта анкалёгія», — тлумачыць Бесараб.
Шкода можа быць ня толькі ад радыяцыі, але і ад мікрачасьцінак, што завісьлі ў паветры. Іх чалавек удыхае, і яны адразу трапляюць у крываток. Высокая канцэнтрацыя гэтых мікрачасьцінак можа павялічыць рызыку ўзьнікненьня захворваньняў алергічнага і таксыкалягічнага характару.
Сяргей Бесараб раіць: калі побач гараць лясы, варта менш выходзіць на вуліцу, часта рабіць вільготнае прыбіраньне. Насіць рэсьпіратары з добрай абаронай, якія людзі насілі, прыкладам падчас каранавірусу. Зьмяняць рэсьпіратары, калі скрозь іх становіцца цяжка дыхаць. Без рэсьпіратара на вуліцу не выходзіць.
Форум