Надпіс чырвонай фарбай зьявіўся каля будынку прыватнага цэнтру ўцекачоў зь Беларусі Dapamoga. Невядомыя на літоўскай мове напісалі «Беларускім паразытам тут ня месца». Пра гэта паведаміў сам фонд Dapamoga.
У надпісе ёсьць граматычная памылка, абрысы рукапісных літараў лацінскага альфабэту адрозьніваюцца ад прынятых ў Літве.
На месца выклікалі паліцыю, якая склала пратакол і дазволіла прыбраць надпіс. Dapamoga піша, што абразлівы надпіс уначы зафарбаваў экс-палітвязень Міхаіл Жамчужны.
Кіраўніца фонду Натальля Калегава з мэнтарам Dapamoga выяжджалі з Замку на машыне і, заўважыўшы на дарозе надпіс, выйшлі. Фарба была вільготная, было зразумела, што надпіс зрабілі нядаўна. Выклікалі паліцыю.
«Мы лічым, што пакінуты ля Замку Dapamoga надпіс — правакацыя беларускіх спэцслужбаў», — заявілі ў фондзе.
«Дапамога» — некамэрцыйная валянтэрская арганізацыя, якая дапамагае беларусам, вымушаным уцякаць у Літву ад рэпрэсій на радзіме.
Кіраўніца цэнтру Dapamoga: «Пачулі, што нехта хаваецца ў хмызьняку»
Кіраўніца валянтэрскай арганізацыі Dapamoga Натальля Калегава расказала Свабодзе, што, на яе думку, правакацыйны надпіс па-літоўску «Беларускім паразытам тут ня месца», які зьявіўся позна ўвечары 4 верасьня каля шэлтэру «Замак», быў зроблены на загад беларускіх спэцслужбаў.
Паводле Натальлі Калегавай, у валянтэраў быў невялікі шанец затрымаць невядомага чалавека, які зрабіў гэты надпіс. «Мы яго ня бачылі, але чулі, ён схаваўся ў хмызняках і адтуль уцёк пасьля таго, як мы паднялі шум», — успомніла Натальля Калегава момант, калі яна з валянтэрамі выяжджала з «Замку» і ўбачыла на дарозе чырвоны надпіс.
«Позна ўвечары вяжджалі з Замку. Праехалі браму, потым туі ўжо закончыліся, і тут у сьвятле фараў бачу чырвоны надпіс на дарозе. А зусім жа нядаўна нічога не было! Ужо амаль праехалі, але здала назад і мы выйшлі з машыны. Глядзім, а фарба зусім сьвежая, проста высыхае на вачах. І тут мы пачулі, што нехта стаіць побач у хмызьняку. Быў гук, як трасуць балёнчыкам, там жа такі шарык унутры. Тады наша мэнтар, вельмі сьмелая дзяўчына, сапраўдная змагарка-беларуска, пачала крычаць: „Выходзь, гад такі!“. Але ніхто не зьявіўся. Ён, відаць, уцёк праз гаражы і на другі бок, там непрыкметна можна ўцячы. Бо потым прыйшлі нашы з „Замку“, усё там агледзелі, але ўжо яго не было», — расказала Натальля Калегава.
Актывістка перакананая, што абразьлівы для беларусаў надпіс — з таго ж шэрагу, што і ранейшыя правакацыі каля Цэнтру беларускай супольнасьці, беларускага праваслаўнага прыходу і творчай прасторы і крамы Kropka.
«Гэта справа рук беларускіх спэцслужбаў. Яўна яны арганізавалі, а робіцца ўсё рукамі дробных выканаўцаў. Нейкаму хлопцу далі грошай — і ўсё», — падзялілася сваёй вэрсіяй Натальля Калегава.
Калегава мяркуе, што мэта такіх правакацый — запалохаць беларусаў, якія праз рэпрэсіі ўцяклі з радзімы ў Літву.
«Хочуць пасеяць у галовах беларусаў страх, у тым ліку страх перад магчымай дэпартацыяй. Ня ўсе ж хутка і лёгка могуць атрымаць дазвол на жыхарства, статус уцекача, працу. Дык ім трэба, каб нашы людзі забаяліся, што нічога тут у іх не атрымаецца, што мясцовыя нібыта да іх ставяцца з варожасьцю, каб ехалі адсюль альбо сюды не прыяжджалі. Мяркую, вось такі разьлік у іх галоўны», — сказала Натальля Калегава.
Паводле Калегавай, паліцыянты прыехалі на выклік да «Замку» вельмі хутка, усё ўважліва агледзелі і задакумэнтавалі.
«Паліцыянты мяркуюць, што, хутчэй за ўсё, гэтым будзе займацца іншы аддзел, ня той, дзе яны працуюць. Бо гэта не звычайнае вулічнае злачынства, а нешта больш сур’ёзнае», — сказала Натальля Калегава.
Тры інцыдэнты за апошнія суткі
У ноч на 4 верасьня невядомыя стрэлілі з пнэўматычнай зброі ў вакно царквы беларускага праваслаўнага прыходу ў Вільні, які знаходзіцца ў юрысдыкцыі Канстантынопальскага (Сусьветнага) патрыярхату.
У тую ж ноч невядомыя разьбілі шыбы ў Цэнтры беларускай культуры ў Вільні. Ніхто не пацярпеў. Пра здарэньні праінфармавалі літоўскую паліцыю.
Раней стала вядома пра пашкоджаньне крамы беларускіх сувэніраў Kropka у Вільні.
Свабода накіравала запыты аб камэнтары ў паліцыю Вільні і Дэпартамэнт нацыянальных меншасьцяў ураду Літоўскай Рэспублікі.
Офіс Ціханоўскай асудзіў акты вандалізму ў Вільні
«Мы рашуча асуджаем сэрыю актаў вандалізму ў Вільні, накіраваную супраць беларускіх арганізацыяў і ўстановаў. Абстрэлы вокнаў храма Беларускага праваслаўнага прыходу, разьбітыя шыбы Цэнтру беларускай культуры, абразьлівыя надпісы каля шэлтару для ўцекачоў „Дапамога“ — гэта агрэсіўная акцыя з мэтай запалохаць свабодалюбных беларусаў і беларусак, якія знайшлі прытулак у Літве»,— заявіў офіс Сьвятланы Ціханоўскай.
«Такія дзеяньні, відавочна, накіраваныя на тое, каб пасеяць варожасьць паміж беларусамі і літоўцамі. Мы ўпэўненыя: за гэтым стаіць рэжым Лукашэнкі, які пастаянна спрабуе стварыць атмасфэру страху і нянавісьці ў беларускім грамадстве і ў суседніх краінах».
Офіс Ціханоўскай заклікаў літоўскія ўлады правесьці грунтоўнае расследаваньне гэтых нападаў і прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. А беларусам і беларускам у выгнанні параілі быць пільнымі, дбаць пра бясьпеку і падтрымліваць адно аднаго.
МЗС Літвы: «Мы рашуча асуджаем акты вандалізму супраць беларускай супольнасьці»
5 верасьня Міністэрства замежных спраў Літвы адрэагавала на атаку беларускіх установаў у Вільні.
«Мы рашуча асуджаем акты вандалізму супраць беларускай супольнасьці, учыненыя па сцэнары КДБ. Вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасьці.
Мы цалкам падтрымліваем свабодалюбівых людзей, якія змагаюцца за дэмакратычную Беларусь і яе эўрапейскую будучыню», — гаворыцца ў паведамленьні МЗС Літвы ў сацыяльнай сетцы Х.