Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У будынку Цэнтру беларускай культуры ў Вільні пабілі шыбы, небясьпекі для наведнікаў няма

абноўлена

Пабітая шыба ў будынку Цэнтру беларускай культуры, фота @vilniaus20
Пабітая шыба ў будынку Цэнтру беларускай культуры, фота @vilniaus20

На месцы здарэньня выклікалі паліцыю. У Беларускім доме Свабодзе расказалі пра інцыдэнт.

«Мы так шмат зьдзекваліся з памылак у вядомых графіці на літоўскай мове, што нам вырашылі троху прасьцей зрабіць», — пракамэнтавалі напад супрацоўнікі Цэнтру беларускай культуры ў Вільні.

Ва ўстанове зазначылі, што выклікалі паліцыю.

«Пабілі дзьве шыбы звонку, небясьпекі няма»

Дырэктарка віленскага Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры Людвіка Кардзіс расказала Свабодзе пра інцыдэнт адразу пасьля яе сустрэчы з супрацоўнікамі паліцыі, якія прыяжджалі на выклік.

Паводле Людвікі Кардзіс, паліцыянты агледзелі месца здарэньня і склалі адпаведныя дакумэнты.

Людвіка Кардзіс, архіўнае фота
Людвіка Кардзіс, архіўнае фота

Калі дакладна адбыўся інцыдэнт, Людвіка ня ведае, пакуль што адлік здарэньня яна вядзе ад моманту, калі заўважылі наступствы інцыдэнту.

«Было 9:45, калі на працу прыйшла наша супрацоўніца Марына, якая першай убачыла, што шыбы двух вокнаў, якія выходзяць у двор, пабітыя. Адно вакно — пакоя, які мы завём бібліятэкай, побач зь ім стаіць піяніна. Другое вакно выходзіць у калідор. Шыбы там дубальтовыя, пабілі толькі вонкавыя. Ніхто не пацярпеў, унутры памяшканьняў аскепкаў няма. Небясьпекі для наведнікаў няма.

Чым дакладна пабілі шыбы, сказаць пакуль ня можам. Бо камянёў ці нечага іншага ў вокнах не знайшлі, трэба шукаць унізе. Спадзяёмся, паліцыя ўсё высьветліць. Паліцыянты сказалі, што адразу пачынаюць шукаць вакол нашага будынку тыя відэакамэры, на якіх можа быць запісана, як нам б’юць вокны. Як знойдуць такі запіс ці сьведак, тады і будзем ведаць, калі гэта адбылося. Шыбы на іх просьбу мы пакуль не чапаем», — расказала Людвіка Кардзіс.

Што да матываў інцыдэнту, дырэктарка Цэнтру перакананая, што ён стаіць у тым жа шэрагу, што і напад на краму «Кропка», які адбыўся ўлетку.

«Вэрсія ў мяне адна — што гэта расейскі ФСБ ці беларускі КДБ прыклаў руку. Хочуць пасварыць беларусаў зь літоўскай грамадзкасьцю, паказаць, што нібыта паміж імі ёсьць нейкай напружанасьць. Хаця насамрэч яе няма. Я даўно жыву ў Вільні, тут вельмі талерантнае грамадзтва, і я ведаю, што нічога з гэтых правакацый не атрымаецца. А мы не займаемся палітыкай, мы займаемся разьвіцьцём культуры, сувязямі народаў. Вось і цяпер мы рухтуемся да Тыдня беларускай культуры, які пачнецца празь некалькі дзён. Усё будзе добра, мы пераможам!» — пракамэнтавала інцыдэнт дырэктарка Цэнтру беларускай супольнасьці і культуры Людвіка Кардзіс.

  • Цэнтар беларускай супольнасьці і культуры ў Вільні — некамэрцыйная арганізацыя беларусаў Літвы, якая стварае прастору для беларускіх праектаў і ініцыятываў.
  • Беларускі цэнтар культуры таксама аказвае псыхалягічную дапамогу беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій.
  • На базе Цэнтру працуе беларуская нядзельная школа, дзе кожныя выходныя праводзяцца 15 заняткаў для беларускіх дзяцей і падлеткаў.
  • У гэтым жа будынку знаходзіцца Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча.
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча
Віленскі беларускі музэй імя Івана Луцкевіча

Гэта ня першы напад на беларускую ўстанову за апошні час ў Вільні. Так, у ноч на 28 ліпеня невядомыя разьбілі шкло ў краме сувэніраў Kropka (яна належыць былому палітвязьню Зьмітру Фурманаву) і пакінулі на сьцяне каля ўваходу ў яе ксэнафобскі надпіс на літоўскай мове.

Літоўская паліцыя пачала папярэдняе расьсьледаваньне ў сувязі з нападам. Пакуль інцыдэнт расцэньваецца як факт зьнішчэньня або пашкоджаньня маёмасьці, але можа быць перакваліфікаваны ў распальваньне нянавісьці. Шкоду, нанесеную краме, ацанілі ў 1000 эўра.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG