Тацяна Хоміч нагадала, што Марыя Калесьнікава больш за паўтара года знаходзіцца ў памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Але, паводле зьвестак Тацяны, з ПКТ сястру пэрыядычна зьмяшчаюць яшчэ і ў ШЫЗА, а там дзейнічаюць абмежаваньні на набыцьцё тавараў і на перадачы.
Між тым Марыі Калесьнікавай, якая перанесла апэрацыю на прабадной язьве, патрэбнае адмысловае харчаваньне, кажа сястра зьняволенай Тацяна. Паводле ейнай інфармацыі, у ШЫЗА набыць гэтую ежу сястра ня можа. Таксама, паводле Тацяны Хоміч, для нармальнага харчаваньня Марыі не хапае грошай, якія дазваляюць патраціць у ПКТ.
«Турэмную ежу яна ня можа есьці, гэта вельмі грубая для яе ежа. Умовы ў ПКТ прадугледжваюць, што можна патраціць 35–70 рублёў на месяц, гэта каля 10–20 эўра на месяц. Але ўявіце, што на гэтыя грошы можна набыць у Беларусі? У лепшым выпадку гарбату, печыва. Але ж ёй яшчэ патрэбныя пракладкі, рэчы гігіены, якія ў перадачах да яе не трапляюць. Таму ўвесь гэты час Маша недаядае, фактычна яна галадае», — расказала Тацяна Хоміч пра сястру.
Таксама Тацяна пракамэнтавала тое, што цяпер адбываецца ў зьняволеньні зь яе сястрой.
«Ад гэтага, скажу шчыра, я шакаваная. Мы пачулі, што яна важыць 45 кіляграмаў, і гэта пры яе росьце ў 175 — уявіце!» — кажа Тацяна Хоміч.
Напярэдадні выданьне «Новы час» са спасылкай на сваю крыніцу паведаміла, што з кастрычніка 2023 году Марыі Калесьнікавай не перадаюць лістоў: іх ірвуць у яе на вачах. На думку Тацяны Хоміч, ейнай сястры стварылі такую ізаляцыю, «каб яна думала, што пра яе ўсе забылі».
«А яшчэ — каб не магла пра сябе перадаць нейкія зьвесткі, паколькі лічаць, што нават цяпер Маша — той чалавек, які вельмі моцна натхняе людзей. Але чаму да ўсяго гэтага дадаецца яшчэ і галадаваньне?
Гэтыя ўмовы, якія ёй ствараюць, — вось гэта мне незразумела! Я лічу, што гэта немагчыма — у XXI стагодзьдзі, у цэнтры Эўропы мець такія цяжкія і нечалавечыя ўмовы. І я баюся, што ў нейкі момант можа паўтарыцца сытуацыя, як з Аляксеем Навальным, якую мы назіралі паўгода таму», — выказала асьцярогу Тацяна Хоміч.
- У верасьні 2021 году Менскі абласны суд пакараў Калесьнікаву 11 гадамі пазбаўленьня волі ў справе аб публічных закліках да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы, стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня і змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам. Праваабаронцы прызналі яе палітзьняволенай. Сваякі Калесьнікавай атрымалі апошні ліст ад яе 15 лютага 2023 году. Улады Беларусі не паведамляюць родным ніякай інфармацыі пра яе.
- Палітзьняволеная, асуджаная на 11 гадоў калёніі, знаходзіцца ў гомельскай жаночай ПК у рэжыме інкамунікада: блізкія ня ведаюць пра яе нічога больш за год, яна ізаляваная ад іншых зьняволеных, не атрымлівае ні лістоў, ні перадач.
Форум