Ужо некалькі гадоў палітзьняволеным жанчынам дапамагае «Палітвязынка», якая з мастацкага пераўтварылася ў мэдыйны праект, прысьвечаны палітзьняволеным беларускам. Суразмоўца Ганны Соўсь — Яўгенія Доўгая, стваральніца «Палітвязынкі». Днямі Яўгенія Доўгая разам з паплечніцай Настай Захарэвіч атрымалі з рук Сьвятланы Ціханоўскай узнагароду за руплівасьць і настойлівасьць у падтрымцы жанчын у няволі.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
— Ці магчымае вызваленьне беларускіх палітвязьняў і на якіх умовах яно магло б адбыцца? Наўпрост кажучы, ці ёсьць іх на каго памяняць, як было падчас гучнага абмену вязьнямі паміж ЗША і Расеяй з удзелам афіцыйнага Менску?
— Гэта балючае пытаньне ўсяго грамадзтва. Мая асабістая думка — у гэты абмен маглі трапіць беларускія палітвязьні. Проста пытаньне беларускіх палітвязьняў было недастаткова пралабіявана. Вызваленьне палітвязьняў — у нашых інтарэсах, і мы павінны лабіяваць гэтае вызваленьне. На каго мяняць? Як мяняць? Абменныя працэсы вельмі цяжкія. Нядаўна спадар Латушка казаў, што мы ня ведаем, што Лукашэнку трэба. Але спытацца за чатыры гады можна, што яму трэба. У нас ёсьць замарожаныя актывы нейкіх кампаніяў. Напрыклад, Швэцыя замарозіла ў 2020 годзе грошы, якія ішлі на грамадзянскую падтрымку так званым прадзяржаўным арганізацыям. Гэта таксама можа быць абменам... Гэта вялікі мазгавы штурм, вялікая праца. Мы як грамадзтва вельмі захрасьлі на жудасных пытаньнях: «вызваляць групкамі ці не вызваляць групкамі», «вызваляць усіх і адразу»...
Напрыклад, калі ўзяць ЗША, то можна было прапанаваць, каб нейкая група кангрэсмэнаў прыехала зь візытам да Лукашэнкі. Гэта таксама можа быць умовай перамоваў. Яны хаця б даведаюцца, што яму трэба. Гэта ня проста павінна быць: «Я вас прашу дапамагчы вызваліць усіх палітвязьняў». Гэта павінна быць канкрэтнай прапановай. Гэта вельмі цяжка, але калі здараюцца падобныя абмены, каб умоўны Байдэн успомніў, што ўчора яму даслалі на пошту інфармацыю пра Марыю Калесьнікаву, што пра яе нічога невядома.
— Як вы ставіцеся да прапановы былога сьпікера КР Андрэя Ягорава пра прыезд у Менск амбасадараў, што азначала б частковую легітымізацыю Лукашэнкі наўзамен на масавае вызваленьне палітвязьняў?
— Вельмі рада, што хоць нейкая альтэрнатыва прагучала. Мне здаецца, што абмены (як быў зараз) будуць працягвацца. Але калі яны будуць працягвацца бяз нас і калі Ўкраіна з Расеяй вымушана сядуць за стол перамоваў аб замарозцы ваеннага канфлікту, мы зусім будзем у вельмі цяжкім стане... Я ня ведаю, пра што Сьвятлана Ціханоўская размаўляла з тым жа Орбанам, пра што яна размаўляла з Макронам. Я думаю, што прапановы, якія гучалі апошнімі днямі, былі пачутыя, і што саму Сьвятлану гэты абмен вельмі закрануў асабіста. Гэта важна.
— Ведаю, што ў вас вельмі шмат інфармацыі пра палітзьняволеных жанчын, і вялікая частка яе непублічная. Што вядома пра стаўленьне жанчын за кратамі да ўмоваў і магчымасьці іх вызваленьня?
— На самой справе кожны дзень усе чакаюць вызваленьня. І ўжо там такія настроі, быццам усё роўна, на якіх умовах гэта будзе. Усё роўна, як гэта назавуць — гандлем людзьмі, абменам ці яшчэ нечым. Людзі ў вельмі жудасным стане, асабліва вось тыя, хто з гуманітарнага сьпісу. Разам з жанчынамі сядзяць і іх сем’і, і іх дзеці... Я ведаю як мінімум шасьцярых маці палітвязьняў, у якіх анкалёгія, якія чакаюць сваіх дачок. Жанчыны чакаюць. Ім усё роўна, як гэта назавуць. Памілаваньне... Яны прызнаюць віну. Яны спрабуюць нешта рабіць. Канечне, ёсьць і тыя, хто гэтага ня робіць, каму вельмі важна, калі рэжым рухне. Але такіх вельмі мала, проста адзінкі.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум