Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Хрысьціянская візія»: Перасьлед хрысьціянаў у Беларусі ўзмацняецца


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Сытуацыя зь перасьледам хрысьціянаў у Беларусі ў ліпені 2024 году застаецца крытычнай, вынікае з маніторынгу «Хрысьціянскай візіі».

У ліпені 2024 году ў Беларусі працягваўся перасьлед хрысьціянскіх лідэраў і вернікаў. Міжнародная супольнасьць па-ранейшаму ўважліва сочыць за разьвіцьцём падзеяў, выказваючы сваю салідарнасьць зь беларускімі хрысьціянамі і заклікаючы да спыненьня рэпрэсій, адзначае «Хрысьціянская візія».

Паводле маніторынгу ініцыятывы, беларускія ўлады працягваюць абмяжоўваць абʼектыўную і альтэрнатыўную інфармацыю аб царкоўных супольнасьцях: дадаюць хрысьціянскія мэдыя ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і блякуюць доступ да іх.

Так, на тэрыторыі Беларусі заблякавалі доступ да незалежнага каталіцкага рэсурсу Katolik.life, які інфармуе аб жыцьці каталіцкай царквы ў краіне. Праект актыўна асьвятляў арышты сьвятароў і вернікаў, катаваньні ў зьняволеньнях і ўплыў вайны на вернікаў. Доступ да сайту цяпер магчымы толькі праз VPN, што істотна абмяжоўвае яго аўдыторыю ў Беларусі і Расеі.

Таксама «Хрысьціянскай візія» згадала ўзмацненьне перасьледу ксяндза Анджэя Юхневіча, праваслаўнага хрысьціяніна і рэгіянальнага актывіста групы «Хрысціянская візія» Дзьмітрыя Карняенкі, а таксама шматдзетнага бацькі Марʼяна Голуба, які вывучаў псыхалёгію ў каталіцкім унівэрсытэце ў Польшчы.

Справа Анджэя Юхневіча

Ксёндз Анджэй Юхневіч стаў адным з найбольш прыкметных абʼектаў рэпрэсій. 8 траўня 2024 году яго затрымалі і зьмясьцілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе неаднаразова падвяргалі адміністрацыйным арыштам. У пачатку ліпеня супраць яго завялі крымінальную справу, пасьля чаго Юхневіча перавялі ў сьледчы ізалятар (СІЗА).

Юхневіча прызналі палітычным зьняволеным. У турме сьвятар зазнаў катаваньні і знаходзіўся ў цяжкім стане. Яму ўпершыню за два месяцы дазволілі прыняць душ толькі пры пераводзе ў СІЗА. Абвінавачаньні супраць яго застаюцца невядомымі, бо адвакат падпісаў пагадненьне аб невыдаваньні. Юхневіч ведаў пра магчымы перасьлед, але сьвядома прыняў гэтую рызыку, пра што сьведчаць публікацыі на сайце Місіянэраў-аблатаў у ЗША.

Арышт Анджэя Юхневіча выклікаў шырокі рэзананс у міжнароднай прэсе. СМІ ў Аўстрыі, Нямеччыне, ЗША, Вялікай Брытаніі і Італіі асьвятлялі гэтую сытуацыю, прыцягваючы ўвагу да рэпрэсій у Беларусі.

Перасьлед Дзьмітрыя Карняенкі

23 ліпеня 2024 году стала вядома аб завядзеньні крымінальнай справы на Дзьмітрыя Карняенку, праваслаўнага хрысьціяніна і рэгіянальнага актывіста групы «Хрысціянская візія». Карняенку абвінавачваюць у садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці (арт. 361-4 КК) за інтэрвію тэлеканалу «Белсат» (прызнаны ў Беларусі экстрэмісцкім фармаваньнем), якое ён даў на пачатку расейскага ўварваньня ва Ўкраіну. У інтэрвію ён расказваў пра сытуацыю ў Адэсе, дзе тады пражываў.

Справа Марʼяна Голуба

27 ліпеня 2024 году ў Гомлі затрымалі Мар'яна Голуба, шматдзетнага бацьку, псыхоляга і сацыяльнага прадпрымальніка. Пасьля двух дзён у ІЧУ ягоная справа разглядалася ў Навабеліцкім судзе Гомля па абвінавачаньні ў распаўсюджваньні экстрэмісцкіх матэрыялаў (арт. 19.11.). Суд вызваліў Голуба, але ягоныя электронныя прылады засталіся канфіскаванымі.

«Хрысьціянская візія» падкрэсьлівае важнасьць міжнароднага асьвятленьня сытуацыі ў Беларусі ў час, калі ўлады спрабуюць абмежаваць аб’ектыўную і альтэрнатыўную інфармацыю пра жыцьцё рэлігійных супольнасьцяў, прыгнятаць іх, рэпрэсаваць сьвятароў і вернікаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG