Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не абурайцеся, а зразумейце. Чаму расейскамоўным беларусам ня варта крыўдаваць на крытыку


Кніга Ігара Случака «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы»
Кніга Ігара Случака «10 стагодзьдзяў дзяржаўнасьці і дыскрымінацыі беларускай мовы»

Моўны праваабаронца Ігар Случак напісаў у сваім фэйсбуку пост пра агіду да таго, калі беларусы між сабой размаўляюць па-расейску, і выклікаў красамоўную хвалю рэакцыі ў беларускіх сацсетках.

Ёсьць такое ўжо, мабыць, трохі нямоднае інтэрнэтнае слэнгавае слова «батхёрт», якое апісвае надзвычай нэрвовую рэакцыю чалавека на неабавязкова адрасаваную непасрэдна на яго крытыку, якая пры гэтым вельмі балюча яго зачапіла і вымусіла прызнацца ў тым, у чым ён раней прызнавацца, можа, і не хацеў. Тут акурат такі выпадак.

Трэба сказаць, што расейскамоўныя беларусы выклікаюць адмоўныя эмоцыі ня толькі ў нейкіх страшных беларускіх нацыяналістаў, а і ў многіх суседзяў Беларусі.

Менавіта расейскамоўных абыякавых беларусаў маюць перад вачыма ўкраінцы, калі разважаюць пра беларусаў як суагрэсараў і памагатых Пуціна. Ва Ўкраіне моўнае пытаньне пасьля 2022 году вырашылася даволі адназначна: многія жыхары разбомбленых дамоў у некалі расейскамоўных усходнеўкраінскіх рэгіёнах цяпер даюць тэлевізіі камэнтары на недасканалай, але ўкраінскай мове, незалежна ад узросту і сацыяльнага статусу.

Менавіта расейскамоўных сярэднестатыстычных беларусаў маюць на ўвазе многія літоўцы, палякі, латвійцы, калі ставяцца да беларусаў зь недаверам, уводзяць абмежаваньні ў візах і для аўтатранспарту. Калі прыраўноўваюць іх да расейцаў і ацэньваюць як расейцаў. Бо, а як інакш?

У краінах Балтыі і ва Ўкраіне расейская мова — маркер актыўнага ці пасіўнага правадніка «русского мира». І ў Беларусі роўна тое ж самае. Проста ступень пашыранасьці расейшчыны ў Беларусі сьведчыць пра ступень дэградацыі нацыянальнай ідэнтычнасьці, культуры й мовы, пра ступень русыфікацыі і саветызацыі, якая зьяўляецца крыніцай патэнцыйнай пагрозы міру і бясьпецы, як усім павінна быць зразумела пасьля 2022 году. Жахлівую ступень, пры якой, напрыклад, нават паважаныя беларускамоўныя незалежныя СМІ лічаць нармальным не перакладаць расейскую мову ў інтэрвію, што ня можа не ствараць уражаньне (памылковае), што беларуская мова нават для іх ёсьць толькі жэстам і дэкарацыяй.

Мы жывём у такі час, калі кожны расеец, якога вы сустракаеце, першай справай пасьля знаёмства павінен тлумачыцца наконт таго, што ён думае пра Пуціна і на чыім баку ён у пуцінскай вайне супраць Украіны. Кажу вам як чалавек, якога паводле фармальных прыкметаў таксама можна было б назваць расейцам.

Гэта натуральна. Бо, паводле сацыялёгіі, больш за 80% расейцаў віталі захоп Крыму і, такім чынам, у цэлым падзяляюць матывацыю Пуціна адносна агрэсіі супраць Украіны. Так што імавернасьць таго, што расеец, якога вы бачыце перад сабой, зьяўляецца прыхільнікам агрэсіі супраць Украіны (гэта значыць, маральным саўдзельнікам злачынства) складае ніяк ня менш за 50%.

Калісьці гэтая вайна скончыцца, і расейцам давядзецца доўга тлумачыць сьвету і сваім суседзям, што іхная мова не зьяўляецца калянізатарскай зброяй або сымбалем расейскай уласнасьці і расейскай «кананічнай тэрыторыі».

І зь беларусамі (у сілу вядомых геапалітычных абставінаў) тое ж самае. Размаўляючы па-расейску і тым больш абураючыся з таго, што хтосьці адмоўна ставіцца да вашай расейскамоўнасьці, вы сыгналізуеце, што зь вялікай імавернасьцю належыце ці то да 30% прыхільнікаў Лукашэнкі, ці то да 35% абыякавых. І таму заслугоўваеце як мінімум падазрэньняў, а як максымум — усіх тых санкцый і таго, каб вас разглядалі як «расейцаў са знакам якасьці». Не крыўдуйце, а зразумейце.

Праблема не ў расейскай мове

Зрэшты, «расейскамоўны беларус» асабіста для мяне — гэта ня проста той, хто ў асноўным карыстаецца расейскай мовай у побыце. Я й сам карыстаюся пераважна ёй (праўда, я і не зусім беларус).

Дзеці Васіля Быкава вырасьлі расейскамоўнымі — такія былі абставіны і такі быў час.

Палітвязень Эдуард Пальчыс у сацыяльных сетках пісаў амаль выключна па-расейску, але пры гэтым знаходзіцца цяпер у лукашэнкаўскай турме — хутчэй за ўсё, акурат за тое, што прасоўваў каштоўнасьці самастойнай і беларускамоўнай Беларусі. А значыць, рыхтаваў глебу для таго, каб пераход на беларускую мову для чалавека зрабіўся натуральным працэсам.

Павал Шарамет, які ў 90-я гады крытыкаваў БНФ з расейскамоўна-лібэральных пазыцый, свой апошні ці перадапошні тэкст прысьвяціў каштоўнасьці беларускай мовы.

Страшна сказаць: нават Зянон Пазьняк (паслухайце які-небудзь ягоны выступ) часта размаўляе на трасянцы, з расейскімі словамі і абаротамі. А некаторыя ягоныя прыхільнікі, здавалася б, апантаныя нацыяналісты, кранальна посьцяць спасылкі на расейскамоўную вэрсію «Нашай нівы» (бо чытаюць яе, а не беларускі арыгінал) або скрыншоты са сваіх сацсетак, зь якіх робіцца зразумела, што ў іх стаіць расейскі інтэрфэйс.

Праблема ж не ў расейскай мове як такой. Праблема ў стаўленьні да яе і яе выкарыстаньня. Калі вы як беларус адчуваеце рэўнасьць і «батхёрт» ад таго, што ў 2024 годзе, пасьля Бучы, Марыюпаля і «Охматдита», нехта крытыкуе вашую (ці нават ня вашую) зрусыфікаванасьць, трэба паглядзець у люстэрка і задумацца. Прабачце, але магчыма, праблема ў вас.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Алесь Чайчыц

    Нарадзіўся ў 1984 годзе ў Маскве. З пачатку 2000-х — актывіст беларускай дыяспары ў Расеі, пазьней — у Вялікай Брытаніі. З 2013 году сябра Рады Беларускай Народнай Рэспублікі. У 2017–2021 гг. сябра Вялікай Рады Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Друкаваўся ў «Нашай Ніве», «Беларускім партызане» і інш. Пражывае ў Нямеччыне. Узнагароджаны мэдалём да стагодзьдзя БНР.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG