Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Банглядэш праходзяць масавыя арышты пратэстоўцаў, колькасьць ахвяраў пратэстаў вырасла

На пратэстах у Банглядэш
На пратэстах у Банглядэш

Сутыкненьні адбываюцца вакол гарантаваных квотаў пэўным катэгорыям насельніцтва.

Колькасьць арыштаваных за некалькі дзён гвалту ў Банглядэш наблізілася да адзнакі 1200 у падліках агенцтва AFP у аўторак пасьля таго, як пратэсты супраць квотаў на працаўладкаваньне выклікалі масавыя беспарадкі.

Сама меней 174 чалавекі загінулі, у тым ліку некалькі паліцыянтаў. Зьвесткі пэрыядычна паведамляюць паліцыя і шпіталі.

Дэманстрацыі супраць палітызаваных квотаў прыёму на запатрабаваныя дзяржаўныя вакансіі перарасьлі на мінулым тыдні ў адны з найгоршых хваляваньняў за ўвесь час знаходжаньня на пасадзе прэм’ер-міністаркі Шэйх Хасіны.

Улады ўвялі камэнданцкі час, салдаты разгорнутыя па ўсёй паўднёваазіяцкай краіне. Агульнанацыянальнае адключэньне інтэрнэту рэзка абмежавала паток інфармацыі, зьмяніўшы паўсядзённае жыцьцё многіх людзей.

У нядзелю Вярхоўны суд скараціў колькасьць зарэзэрваваных вакансій для пэўных групаў, у тым ліку для нашчадкаў «змагароў за свабоду» падчас вызваленчай вайны Банглядэш супраць Пакістану ў 1971 годзе. Студэнцкая група, якая ўзначальвала дэманстрацыі, прыпыніла свае акцыі пратэсту ў панядзелак на 48 гадзін, а яе лідэр заявіў, што яны не жадаюць рэформаў «коштам такой вялікай колькасьці крыві».

Абмежаваньні засталіся ў сіле ў аўторак пасьля таго, як галоўны камандзір войска заявіў, што сытуацыя ўзятая «пад кантроль».

У сталіцы краіны Дацы шмат войскаў, на некаторых скрыжаваньнях зрабілі бункеры, а ключавыя дарогі перакрытыя калючым дротам. Але людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, па горадзе езьдзяць сотні рыкшаў. Нягледзячы на цяжкасьці ў перасоўваньні, жыхары Банглядэш адзначаюць, што ня маюць іншага выбару — ім трэба карміць сем'і.

Паліцэйскі агонь стаў прычынай больш як паловы сьмерцяў, сьведчаць апісаньні, перададзеныя AFP супрацоўнікамі лякарняў. Памежнікі і паліцыянты стралялі па натоўпе зь вінтовак, кідалі шумавыя гранаты і ўжывалі сьлезацечны газ. Пасьля гэтага вуліцы былі пакрытыя кулямі і плямамі крыві.

Расчараваныя адсутнасьцю працоўных месцаў студэнты патрабавалі скасаваць сыстэму квотаў, паводле якой 30% дзяржаўных пасадаў рэзэрвуецца для сваякоў вэтэранаў вайны за незалежнасьць Банглядэш у 1971 годзе. Нягледзячы на разьвіцьцё прыватнага сэктару, дзяржаўная служба лічыцца ў краіне больш стабільнай і прыбытковай. Штогод на 3000 месцаў прэтэндуюць каля 400 тысяч выпускнікоў.

Пасьля папярэдніх масавых студэнцкіх пратэстаў у 2018 годзе ўлады прыпынілі дзеяньне сыстэмы квотаў, аднак у чэрвені 2024 году Вярхоўны суд Банглядэш задаволіў скаргі сваякоў вэтэранаў і аднавіў квоты. На пастанову суду падалі апэляцыю. Прэм’ер-міністарка краіны Шэйх Хасіна, прыхільнікам якой, як лічыцца, выгадная сыстэма квотаў, заклікала ўсіх «цярпліва чакаць судовага вэрдыкту».

Чакаецца, што ў аўторак Банглядэш афіцыйна прыме пастанову суду аб скарачэньні квотаў на дзяржаўныя працоўныя месцы. Такім чынам, разгляд апэляцыі можа задаволіць ключавое патрабаваньне студэнтаў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG