Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвійскі ўнівэрсытэт вылучыў бюджэтныя месцы ў магістратуры для беларусаў


Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Унівэрсытэту Даўгаўпілса
Сьвятлана Ціханоўская падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Унівэрсытэту Даўгаўпілса

Даўгаўпілскі ўнівэрсытэт вылучыў некалькі бюджэтных месцаў у магістратуры для беларускіх студэнтаў і зьмякчыў патрабаваньні да апастылізацыі дакумэнтаў — дамоўленасьці дасягнутыя па выніках сустрэчы Ціханоўскай з кіраўніцтвам ВНУ.

Беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская 4 ліпеня распачала працоўны візыт у Латвію сустрэчамі ва ўнівэрсытэце Даўгаўпілса, паведамляе яе прэс-служба. Падчас перамоваў з кіраўніцтвам ВНУ Ціханоўская ўзгадала пра супрацоўніцтва ўнівэрсытэту зь беларускімі ВНУ — да 2020 году каапэрацыі ладзіліся ў Віцебску, Менску, Горадні. Цяпер дэмакратычныя сілы аднаўляюць узаемадзеяньне, каб даць магчымасьць студэнтам зь Беларусі атрымліваць эўрапейскую адукацыю.

Вынікамі сустрэчы сталі:

  • Вылучэньне некалькі бюджэтных месцаў у магістратуру па спэцыяльнасьці «эканоміка» ў Даўгаўпілскім унівэрсытэце, куды беларусы змогуць паступаць ужо з гэтага году.
  • Наданьне беларускім навукоўцам у выгнаньні абсталяваньня ўнівэрсытэту для дасьледаваньняў.
  • Спрошчанае стаўленьне да апастылізацыі дакумэнтаў.

Таксама Ціханоўская папрасіла кіраўніцтва ВНУ аднавіць супрацоўніцтва зь беларускімі выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўнівэрсытэтаў, якія цяпер у выгнаньні. «Важна працягваць працу зь людзьмі, захоўваць сувязь між народамі, нягледзячы на тое, што рэжым спрабуе нас падзяляць», — падкрэсьліла Ціханоўская.

Сустрэча ва Ўнівэрсытэце Даўгаўпілса адбылася ў межах распачатага 4 ліпеня працоўнага візыту Ціханоўскай у Латвію.

Даўгаўпілскі ўнівэрсытэт заснаваны ў 1921 годзе, сёньня гэта найбуйнейшы рэгіянальны дзяржаўны ўнівэрсытэт у Латвіі. Цяпер ва ўнівэрсытэце навучаецца больш за 2,2 тысячы студэнтаў з розных краін, гаворыцца на сайце ўстановы.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG