Чацьвёртага ліпеня група беларусаў Польшчы правяла акцыю «Ультыматум» на польска-беларускай мяжы. Удзельнікі акцыі знаходзіліся на адзіным пункце пропуску грузавога транспарту Кукурыкі/Казловічы з 9-ай гадзіны раніцы да 18-ай вечара.
Яны выходзілі на паласу кожную гадзіну і на працягу паўгадзіны не прапускалі грузавы транспарт. У руках беларусы трымалі плякаты з партрэтамі палівязьняў, каб нагадаць пра нявінна асуджаных, якіх рэжым Лукашэнкі незаконна трымае ў турмах.
Блякаваньне вельмі ўмоўнае. Як расказаў выданьню Most адзін з арганізатараў, Руслан Хазін, асноўны рух фураў ідзе ў той бок, які не блякуецца падчас акцыі. А па перакрытым участку дарогі раніцай 4 ліпеня і так праяжджае ў сярэднім адзін аўтамабіль раз на 15-20 хвілін. Таму фактычна рух ня ўскладнены. Хазін гаворыць, што галоўнае, каб «пайшло папярэджаньне» рэжыму Лукашэнкі.
Удзельнікі акцыі падкрэсьліваюць, што ня хочуць настройваць супраць сябе перавозчыкаў, таму і не блакавалі дарогу цалкам. Але без канфліктаў не абышлося: супраць акцыі выступілі палякі, уладальнікі фірмаў, якія займаюцца перавозкамі. У выніку акцыі затрымалі па адным прадстаўніку бакоў і кожнага зь іх аштрафавалі на 300 злотых (6650 рублёў), паведамляе тэлеграм-канал Sota.
Зьміцер Балкунец расказаў беларускаму Радыё Рацыя сэнс такіх дзеяньняў.
«Гэтую акцыю сплянавалі ўжо вельмі даўно. Мы з пачатку году правялі ўжо каля дзесяці такога кшталту мерапрыемстваў у Варшаве. Гэта, можна сказаць, кульмінацыя. Ініцыятыва, якую мы дынамічна зараджалі з пачатку гэтага году, ужо падтрыманая польскім урадам. Прэзыдэнт Польшчы абмяркоўваў гэтыя пытаньні падчас візыту ў Кітай».
Таксама Балкунец згадаў словы міністра замежных спраў Польшчы Радослава Сікорскага, калі той некалькі дзён таму казаў пра сытуацыю на мяжы. Другога ліпеня была сустрэча прэм’ер-міністра Польшчы Дональда Туска і канцлера Нямеччыны Оляфа Шольца, на якой таксама абмяркоўвалі становішча на беларуска-польскай мяжы.
«Тыя прапановы, якія мы выставілі, і тыя пэтыцыі, які падпісалі грамадзяне з усяго сьвету, мы іх таксама перадавалі ў польскі ўрад, і я думаю, што гэтыя прапановы ўлічылі. І тое, што мы падалі заяўку, каб правесьці акцыю на мяжы, каб часова спыніць рух для грузавых фур, гэта адзіны пункт, які на сёньня працуе на беларуска-польскай мяжы. І мы атрымалі гэты дазвол».
Балкунец адзначыў, што ў Польшчы дзейнічае такі прынцып, што можна толькі даслаць заяўку, і калі гэта не пагражае небясьпекай, то яе прымаюць. Але арганізатарам трэба было таксама ўзгадніць акцыю зь мясцовай адміністрацыяй, бо ёсьць вялікая чарга з аўтамабіляў, якія едуць у бок Беларусі.
Форум