Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дуда: гібрыдная атака на мяжы зь Беларусьсю перашкаджае партнэрству Польшчы з Кітаем


Анджэй Дуда. Архіўнае фота
Анджэй Дуда. Архіўнае фота

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда ў Шанхаі па выніках перамоваў са старшынёй КНР Сі Цзіньпінам заявіў, што беларуская гібрыдная атака на мяжы нэгатыўна адбіваецца на гандлёвым абмене з Кітаем і перашкаджае рэалізацыі ідэі «Адзін пояс, адзін шлях».

Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда з 22 па 26 чэрвеня знаходзіцца зь візытам у Кітаі. Там ён, сярод іншага, абмеркаваў са старшынём КНР Сі Цзіньпінем міграцыйны крызіс на мяжы зь Беларусьсю і расказаў пра гібель польскага жаўнера пасьля атакі мігранта.

«Я гаварыў пра гэта ў кантэксьце двухбаковых адносін, якія маем з Кітаем, той палітыкі, якую мы разам рэалізуем гадамі, у прыватнасьці з пачатку майго прэзыдэнцтва, з 2015 году, гэта рэалізацыя ідэі «Адзін пояс, адзін шлях», у якой Польшча мела быць партнэрам Кітая, такім акном для Кітая ў Эўропу, ня толькі ў нашу частку Эўропы, Цэнтральную Эўропу, але і ў цэлы Эўразьвяз.

Таму што ў наш бок ідуць прамыя чыгуначныя лініі з Чэнду, адзін з гэтых чыгуначных шляхоў ідзе праз Украіну, і ён ня дзейнічае праз вайну, а другі ідзе празь Беларусь. Вядома, беларуская гібрыдная атака на нашу мяжу, на жаль, моцна ўплывае на магчымасьці гандлёвага абмену і перашкаджае ідэі «Адзін пояс, адзін шлях». Я падзяліўся гэтымі фактамі са спадаром старшынёй Сі Цзіньпінам», — сказаў Анджэй Дуда.

Раней стала вядома, што афіцыйная Варшава разглядае магчымасьць поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю. Пра гэта выказаўся міністар замежных спраў Польшчы Радослаў Сікорскі.

«Улічваючы дзеяньні Беларусі, мы разглядаем магчымасьць закрыцьця ўсіх памежных пераходаў. Цяпер мы высьвятляем, ці шкодна гэта для эканомікі. Фіны закрылі памежныя пераходы з Расеяй — і праблемы спыніліся», — заявіў Сікорскі.

На сёньня на беларуска-польскай мяжы дзейнічае адзін аўтадарожны пункт пропуску для грузавікоў і адзін для легкавікоў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG