Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Групу экспэртаў ААН па правах чалавека ў Беларусі ўзначаліць прадстаўніца Расеі


Затрыманьні ў Менску, жнівень 2024 году.
Затрыманьні ў Менску, жнівень 2024 году.

У склад Групы незалежных экспэртаў па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ўвайшлі С’юзэн Базылі (Канада), Карына Маскаленка (Расейская Фэдэрацыя) і Моніка Станіслава Платэк (Польшча).

Пра гэта паведаміла прэсавая служба Рады правоў чалавека Савета ААН.

Выконваць функцыі старшыні групы будзе Карына Маскаленка. Усе трое сяброў групы раней выступалі экспэртамі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара правоў чалавека ААН па вывучэньні сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, іх мандат завяршыўся ў красавіку 2024 году.

Група па правах чалавека ў Беларусі была заснаваная рэзалюцыяй Рады правоў чалавека ААН у красавіку 2024 году. Групу заснавалі на год з магчымасьцю падаўжэньня мандату і паўнамоцтваў. Экспэрты прызначаюцца старшынём СПЧ.

Група вусна прадставіць інфармацыю пра сваю працу падчас інтэрактыўнага дыялёгу на 57-й сэсіі Рады правоў чалавека ААН у верасьні сёлета. Налета, на 58-й сэсіі Рады правоў чалавека ў лютым — красавіку, будзе прадстаўлены падрабязны даклад.

У паведамленьні прэсавай службы Рады правоў чалавека ААН сьцьвярджаецца, што сябры групы будуць працаваць у сваёй асабістай якасьці і ня будуць атрымліваць заробак за сваю працу.

  • У красавіку сёлета Рада правоў чалавека ААН на пасяджэньні 55-й сэсіі ў Жэнэве прыняла рэзалюцыю «Становішча ў галіне правоў чалавека ў Беларусі».
  • У ліку іншага, Рада пастанавіла працягнуць мандат Анаіс Марэн — спэцыяльнай дакладчыцы аб правах чалавека ў Беларусі — на адзін год.
  • Тады ж РПЧ ААН пастанавіла ў тэрміновым парадку стварыць групу з трох незалежных экспэртаў аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі. У яе мандат будзе ўваходзіць правядзеньне расьсьледаваньняў і ўстанаўленьне фактаў і прычынаў усіх меркаваных парушэньняў правоў чалавека, учыненых у Беларусі з 1 траўня 2020 году.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG