Сярод арыштаваных трое грамадзян Злучаных Штатаў, паведаміў агенцтву Reuters прадстаўнік войска Конга.
Раніцай 19 траўня ў сталіцы краіны Кіншасе дзьве групы ўзброеных людзей паспрабавалі напасьці на прэзыдэнцкі палац, а таксама на дом дэпутата і кандыдата на пасаду сьпікера парлямэнту. Сьцьвярджаецца, што ў перастрэлцы загінулі двое ахоўнікаў, ёсьць загінулыя таксама з боку тых, хто нападаў.
Пасьля ўлады паведамілі пра забойства меркаванага кіраўніка спробы перавароту, апазыцыйнага палітыка Крыстыяна Малянгі, які некаторы час жыў у ЗША. Сьцьвярджаецца, што ён быў забіты падчас спробы захопу прэзыдэнцкага палацу. Якіх-небудзь падрабязнасьцяў не прыводзіцца.
Раней у фэйсбуку Малянгі зьявілася відэа, у якім ён кажа аб намеры зрынуць улады. Па непацьверджаных паведамленьнях, адзін з затрыманых амэрыканскіх грамадзян — сын забітага апазыцыянэра.
Амбасадарка ЗША ў Конга Люсі Тамлін заявіла, што ў амбасадзе вельмі занепакоеныя паведамленьнямі ўладаў аб магчымым удзеле амэрыканскіх грамадзян у спробе перавароту, і паабяцала аказаць уладам рэспублікі поўнае садзеяньне ў расьсьледаваньні, як гаворыцца ў паведамленьні, «злачынных дзеяньняў» мяцежнікаў.
Малянга быў адным з найбольш вядомых кангалескіх апазыцыянэраў, якія жылі за мяжой. Паведамляецца, што раней ім быў створаны так званы ўрад Новага Заіру ў выгнаньні. Пры прэзыдэнце Мабуту Сэсе Сэка, зьвергнутым у 1997 годзе, цяперашняя Дэмакратычная рэспубліка Конга афіцыйна называлася Заірам.
Форум