У дзень трэцяй гадавіны пажару, у суботу 11 траўня мітрапаліт Менска-Магілёўскі арцыбіскуп Юзаф Станеўскі, старшыня Канфэрэнцыі каталіцкіх біскупаў у Беларусі, наведаў нацыянальны санктуарый Маці Божай Будслаўскай, паведамляе Catholic.by.
Арцыпастыр узначаліў у адноўленай сьвятыні імшу.
У ёй бралі ўдзел пілігрымы з парафіі Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Мёрах (Віцебская дыяцэзія) на чале са сваім душпастырам, ксяндзом Андрэем Куліком, дэканам Мёрскім. Як адзначаецца на парафіяльным сайце Kascelmery.by, яны прыбылі ў нацыянальны санктуарый падчас Марыйнага месяца траўня, каб наблізіцца да цудадзейнага абраза Маці Божай і пабыць сам-насам з Марыяй, што бывае складана на фэсьце, калі ў Будславе поўна людзей.
Перад імшой вернікі маліліся Ружанец, а апоўдні распачалася цэлебрацыя Эўхарыстыі. У сьвятыні ўсіх прысутных прывітаў пробашч Будслаўскай парафіі ксёндз Дзьмітры Дубовік.
Сьвятар узгадаў пра сумную падзею ў гісторыі нацыянальнага санктуарыя, што здарылася тры гады таму, і падзякаваў арцыбіскупу Станеўскаму за прысутнасьць і малітоўную падтрымку ў гэты асаблівы дзень.
Старшыня беларускага каталіцкага епіскапату саказаў, што сьвятую імшу цэлебруе ў інтэнцыі тых, хто дапамагаў тушыць пажар, ратаваў маёмасьць, падтрымліваў малітоўна, прычыніўся да аднаўленьня сьвятыні, а таксама за ўсіх ахвярадаўцаў, дзякуючы якім касьцёл паступова набывае ранейшы, і нават лепшы, чым да пажару, выгляд.
Ксёндз Дубовік пазнаёміў арцыбіскупа Станеўскага з тым, як ідзе аднаўленьне сьвятыні, якія работы былі выкананыя і што заплянавана зрабіць у найбліжэйшы час.
Ярарх падзякаваў пробашчу за руплівасьць і дабраславіў на плённую падрыхтоўку да сёлетняга фэсту.
Пажар у нацыянальным санктуарыі ў Будславе здарыўся 11 траўня 2021 году. У выніку абваліўся дах, а вада пашкодзіла сьцены, падлогу і мэблю. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Найсьвяцейшы Сакрамэнт і іншую каштоўную маёмасьць пасьпелі вынесьці. Кіраўніцтва касьцёла неадкладна зьвярнулася па дапамогу ў зборы сродкаў, былі адкрытыя адмысловыя рахункі.
За першы год пасьля пажару валянтэры разабралі абгарэлыя часткі, прасушылі ўнутранае ўбраньне і арганы, усталявалі чуйнікі вільгаці, ачысьцілі дах ад сьмецьця і вугалю, разабралі падвалы. У пачатку чэрвеня будаўнікі накрылі часовы дах, а таксама наладзілі сыстэму адводу дажджавой вады.
Першую імшу пасьля пажару ў Будславе правялі 31 сьнежня 2021 году.
Аднаўленьне сьвятыні працягваецца.
Касьцёл у Будславе — помнік позьняга барока, яго архітэктура прызнаная ўнікальнай на землях усёй былой Рэчы Паспалітай. Абраз Будслаўскай Божай Маці — адна з самых значных каталіцкіх сьвятынь, яе шануюць як абаронцу ўсіх беларускіх каталікоў.
Сёлета ў ліпені адбудзецца Будслаўскі фэст. У Будслаў на яго традыцыйна пойдуць у пілігрымку хрысьціянскія вернікі з розных гарадоў і мястэчак.
Форум