Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пасівеў і сур'ёзна схуднеў, выглядае нядобра»: былы вязень наваполацкай калёніі пра Віктара Бабарыку


Віктар Бабарыка падчас суду, архіўнае фота. 6 ліпеня 2021 году
Віктар Бабарыка падчас суду, архіўнае фота. 6 ліпеня 2021 году

Экс-банкір і прэтэндэнт на прэзыдэнцтва на выбарах 2020 году ў Беларусі Віктар Бабарыка моцна схуднеў і пастарэў за час зьняволеньня, распавёў выданьню «Люстэрка» былы палітвязень Аляксей.

Аляксей быў асуджаны па «справе Зельцара» і адбываў пакараньне ў Наваполацкай калёніі. Паводле Аляксея, ён бачыў Віктара Бабарыку некалькі разоў здалёк, калі быў на карантыне — палітыка звычайна адпраўлялі ў санчастку позна ўвечары, пасьля праверкі.

«Ён сур’ёзна схуднеў. Я бачыў яго ў 2020-м, і розьніца вельмі прыкметная, важыць, напэўна, кіляграм 80, а то і менш. Хлопцы кажуць, што ён пасівеў, вельмі моцна пастарэў, выглядае нядобра. Калі Дзьмітрыч год таму трапіў у бальніцу, хадзілі чуткі, што былі зламаныя рэбры і адно зь іх прабіла лёгкае. Нібыта ўдарыўся, калі ўпаў. Але мне ў гэта верыцца слаба. Так, калі зваліцца з другога паверха, можна, мусіць, зламаць рэбры, але гэта ж як трэба страціць канцэнтрацыю», — кажа Аляксей.

Акрамя Віктара Бабарыкі, зь вядомых палітвязьняў у наваполацкай калёніі знаходзяцца журналіст Радыё Свабода Ігар Лосік, журналіст, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі Анджэй Пачобут, мэдыямэнэджар Андрэй Аляксандраў.

Ігар Лосік намінальна лічыўся ў атрадзе Аляксея, але мужчына асабіста яго ня бачыў, бо журналіст увесь час знаходзіцца ў штрафным ізалятары (ШЫЗА) ці памяшканьні камэрнага тыпу (ПКТ). Кажа, што вязьні зь яго атрада называюць Лосіка «моцным чалавекам».

«Ён малайчына, што трымаецца, таму што ШЫЗА вымотвае, — расказвае суразмоўца «Люстэрка. — Яшчэ я пасябраваў з Андрэем Аляксандравым. А на прамзоне перасякаўся з Андрэем Пачобутам, ён стаічна да ўсяго ставіцца. Трымаўся, усё разумеў. Да яго і яшчэ аднаго грамадзяніна Польшчы, які там утрымліваецца, прыяжджаў консул, але наўпрост казаў, што нічога зрабіць яны ня могуць».

  • Пасьля 2020 году ў Наваполацкую калёнію № 1 перавялі адбываць пакараньне шэраг вядомых апанэнтаў рэжыму. Тут трымаюць Віктара Бабарыку, стрыечнага брата палітыка Паўла Латушкі Анатоля, журналістаў Андрэя Аляксандрава, Ігара Лосіка, Андрэя Кузьнечыка, Анджэя Пачобута, мэдыямэнэджара Канстанціна Залатых. А былога супрацоўніка КДБ Аляксея Храловіча і былога вайскоўца Дзяніса Ўрада нядаўна з гэтай калёніі перавялі ў Магілёўскую крытую турму № 4.
  • Пра Віктара Бабарыку, Ігара Лосіка і шэраг іншых вядомых палітвязьняў практычна няма ніякіх вестак ужо больш за год. Родным не даюць інфармацыю пра іх стан здароўя, зьняволеныя пазбаўленыя перапіскі і зносін зь іншымі сядзельцамі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG