Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Архівы СБУ: савецкія ўлады баяліся, што актывісты з боку Беларусі заблякуюць Чарнобыльскую АЭС


Чарнобыльская АЭС, жнівень 1986 году
Чарнобыльская АЭС, жнівень 1986 году

Як вынікае з данясеньняў КДБ пасьля аварыі, улады больш пераймаліся контрадывэрсійнымі захадамі і абаронай сакрэтнай інфармацыі аб сытуацыі на Чарнобыльскай АЭС, чым абаронай насельніцтва.

У 2019 годзе ва Ўкраіне выдалі «Чарнобыльскае дасье КДБ», у якім абнародавалі больш за 200 сакрэтных дакумэнтаў — іх выдавалі савецкія ўлады адразу пасьля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Як вынікае з тагачасных данясеньняў КДБ, улады больш пераймаліся контрадывэрсійнымі захадамі і абаронай сакрэтнай інфармацыі аб сытуацыі на Чарнобыльскай АЭС, чым абаронай насельніцтва.

У першы дзень пасьля аварыі кінулі ўсе сілы на інфармацыйную блякаду

27 красавіка 1986 году КДБ УССР паклаў на стол уладам інфармацыю аб тым, як да аварыі на станцыі праводзілі «апэратыўныя захады».

Згодна з даведкай, «у контравыведным забесьпячэньні ЧАЭС у 1983 годзе выкарыстоўвалі 46 агентаў і 97 давераных асобаў, у 1984-м — 58 агентаў і 116 давераных асобаў». У 1986 годзе завэрбавалі дадаткова 12 агентаў і 15 давераных асобаў, якія перадавалі ў КДБ «сыгналы» аб «нэгатыўных праявах у калектыве», парушэньнях аховы і радыяцыйнай бясьпекі, а таксама даносы на пэрсанал.

У гэты ж дзень КДБ паставіла задачу перад уладамі Кіева і Кіеўскай вобласьці спыняць «правакацыйныя чуткі і паніку» сярод жыхароў і турыстаў і дакладваць інфармацыю аб выяўленьні «балбатуноў».

Каб не дапусьціць выцеку інфармацыі аб аварыі, якую ў першых данясеньнях называлі «здарэньнем», улады ўвялі кантроль за карэспандэнцыяй і абмежавалі выхад абанэнтаў на міжнародныя лініі сувязі.

Артыкул Алеся Адамовіча справакаваў пратэсты сярод пэрсаналу станцыі

Праз два гады пасьля аварыі супрацоўнікі КДБ адзначалі пагаршэньне «маральна-псыхалягічнай абстаноўкі» сярод супрацоўнікаў Чарнобыльскай АЭС. Пасьля шэрагу публікацый у СМІ аб рэальных маштабах і наступствах аварыі пэрсанал станцыі правёў сходы, на якіх пачалі патрабаваць скарачэньня працоўнага часу. У выпадку адмовы выканаць патрабаваньні абяцалі перавыбраць дырэктара станцыі.

«Актыўнае абмеркаваньне ў калектыве выклікалі публікацыі „Требуются несогласные“ („Литературная газета“ ад 20 ліпеня 1988 году), „Честное слово не взорвется“ („Московские новости“ ад 17 ліпеня 1988 году), а таксама дэманстрацыя тэлефільма „Чернобыль. Два цвета времени“», — адзначаецца ў паведамленьні КДБ УССР ад 8 жніўня 1988 году.

Аўтарам артыкулу «Честное слово, не взорвется!» быў беларускі пісьменьнік Алесь Адамовіч. У гэтай публікацыі ён заклікаў Міністэрствы аховы здароўя БССР і УССР, а таксама Дзяржаграпрам СССР адмовіцца ад ведамаснай сакрэтнасьці маштабаў чарнобыльскай катастрофы.

Пасьля гэтых публікацый супрацоўнікі станцыі адкрыта абмяркоўвалі, што Міністэрства аховы здароўя СССР «яўна ўтойвае наступствы радыяактыўнага абпраменьваньня як у малых, так і ў вялікіх дозах».

Баяліся грамадзкіх арганізацый і блякаваньня чыгункі ў Беларусі

Агенты КДБ працягвалі працаваць на аварыйнай станцыі фактычна ўвесь пэрыяд да развалу Савецкага Саюзу.

Праз чатыры гады пасьля аварыі, калі пачаліся першыя размовы аб неабходнасьці закрыцьця ўсіх блёкаў Чарнобыльскай АЭС, у КДБ пачалі асьцерагацца ўплыву антыядзерных грамадзкіх арганізацый на «маральна-псыхалягічную абстаноўку» ў калектывах, якія ўдзельнічалі ў ліквідацыі наступстваў аварыі, а таксама на пэрсанал станцыі.

Найбольш улады баяліся дзейнасьці створаных у 1990 годзе Ўсесаюзнай асацыяцыі апэратыўнага пэрсаналу атамных станцый, актывізацыяй дзейнасьці саюзу «Чарнобыль», а таксама «іншых нефармальных арганізацый».

У данясеньні КДБ ад 13 жніўня 1990 году адзначалася ўзмацненьне ціску з боку «грамадзкасьці УССР і БССР з мэтай паскорыць вырашэньне пытаньня аб вывадзе з эксплуатацыі энэргаблёкаў Чарнобыльскай АЭС».

«Цяпер кіраўніцтва і спэцыялісты станцыі ўсё больш адчуваюць маральны і псыхалягічны ціск з боку сродкаў масавай інфармацыі, рознага кшталту нефармальных арганізацый, якія патрабуюць найхутчэйшага вываду з эксплюатацыі Чарнобыльскай АЭС. Надзвычай адмоўную ацэнку выклікалі дзеяньні па блякаваньні Хмяльніцкай АЭС. У гэтым аспэкце, аналізуючы магчымыя варыянты блякады ЧАЭС, спэцыялісты схіляюцца да думкі, што рэалізацыя падобнай акцыі можа быць зьдзейсьненая з боку БССР, дзе праходзіць чыгунка, якая злучае з горадам Славуціч, а таксама аўтамабільнай дарогі гэтага ж прызначэньня», — адзначаецца ў паведамленьні КДБ УССР.

Паводле КДБ, нават тэарэтычная імавернасьць блякаваньня Чарнобыльскай АЭС грамадзкімі арганізацыямі маглі прывесьці «да непрагназаваных дзеяньняў з боку супрацоўнікаў станцыі».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG