На гэтыя пытаньні адказваюць дэпутаты Вярхоўнага Савету 12-га скліканьня, які прымаў Канстытуцыю ў 1994 годзе, — дарадца Сьвятланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе і міжпарлямэнцкім супрацоўніцтве Анатоль Лябедзька і палітычны камэнтатар Сяргей Навумчык.
Глядзіце размову на відэа цалкам
Тут фрагмэнты гутаркі
Лябедзька:
- Канстытуцыя 1994 году заклала падмурак аднаўленьня незалежнасьці Беларусі. Недахопы ў той Канстытуцыі, безумоўна, былі, але праблема найперш у тым, як яе скарысталі, — каб Беларусь дрэйфавала ў бок аўтарытарызму, а потым адкрытай дыктатуры. Але яна ўтрымлівала шмат момантаў, якія дазвалялі Беларусі рухацца наперад. На той час гэта быў не такі ўжо і благі дакумэнт.
- Вяртацца да гэтай Канстытуцыі няма сэнсу. Некаторыя рэчы адтуль можна ўзяць. Ёсьць праект Канстытуцыі новай Беларусі. Самы галоўны яе плюс — гэта мэханізмы, якія не дапусьцяць вяртаньня да дыктатуры. Мы маем пазытыўнае заключэньне Вэнэцыянскай камісіі — гэта галоўны экспэрт на палітычную сыстэму.
- Мы гаворым пра пэрспэктыву, калі ў адзін дзень можна будзе правесьці і рэфэрэндум па новай Канстытуцыі Беларусі, і прэзыдэнцкія выбары. Але новы прэзыдэнт прачнецца не ў шынялі тых вялікіх паўнамоцтваў, якія прывялі да дыктатуры, а ў вельмі абмежаваных прававых каардынатах. Ягоныя паўнамоцтвы будуць прыкладна такімі, як у прэзыдэнтаў Польшчы ці Літвы. Мы прачнёмся ў краіне, дзе парлямэнцкая форма кіраваньня, моцнае самакіраваньне і рэальна незалежная судовая сыстэма.
- Калі б улада зьмянілася рэвалюцыйным шляхам, дык мне дастаткова легітымнасьці, якую сёньня мае Сьвятлана Ціханоўская, якая зможа паставіць подпіс на правядзеньне рэфэрэндуму і выбараў прэзыдэнта. Сьвятлана Ціханоўская легітымная на практыцы — яе прызнае міжнародная супольнасьць, а ў 2020 годзе яе легітымнасьць прызнала большасьць выбарнікаў Беларусі.
- У праекце Канстытуцыі новай Беларусі правы і свабоды займаюць траціну ад усяго тэксту. Там таксама ёсьць парлямэнцкая форма кіраваньня. І там вельмі добра прапісаная незалежная судовая сыстэма, мясцовае самакіраваньне. І ня толькі ў Канстытуцыі — сёньня мы абмяркоўвалі праект закону аб мясцовым самакіраваньні, распрацаваны з удзелам нашых экспэртаў, і праект закону аб палітычных партыях.
- Нам пакуль не хапае далучэньня як мага большай колькасьці беларусаў да абмеркаваньня праекту новай Канстытуцыі. Каб людзі ўбачылі там адказ на пытаньне: якую новую Беларусь вы нам прапаноўваеце сёньня, каб жыць заўтра?
Навумчык:
- Падыход Апазыцыі БНФ, да якой я належаў, быў у тым, каб спачатку правесьці выбары новага парлямэнту, а потым ужо гэты парлямэнт меўся прымаць Канстытуцыю. Вярхоўны Савет 12-га скліканьня быў абраны ўвогуле ў іншай краіне, у СССР.
- Я пагаджуся з Анатолем, што само прыняцьце Канстытуцыі было пэўным крокам у станаўленьні незалежнасьці. Але, на наш погляд, тады нельга было ўводзіць прэзыдэнцтва. Прайшло толькі два з паловай гады пасьля абвяшчэньня незалежнасьці, і даволі значная частка насельніцтва мэнтальна заставалася ў Савецкім Саюзе. Людзі папросту яшчэ не ўспрымалі Беларусь як незалежную краіну.
- Канстытуцыя 1994 году некалькі разоў мянялася Лукашэнкам. Фактычна быў ліквідаваны парлямэнтарызм, беларускую мову пазбавілі статусу адзінай дзяржаўнай, зьмянілі сьцяг і герб. Трэба хоць на нейкі час вярнуцца да Канстытуцыі 1994 году, бо гэта аўтаматычна дэлегітымізуе ўсе «наросты» і рэфэрэндумы, якія зрабіў Лукашэнка.
- Калі гэтага не зрабіць, а правесьці адразу прэзыдэнцкія выбары, як абяцала яшчэ ў 2020 годзе Сьвятлана Ціханоўская, мы атрымаем прарасейскага прэзыдэнта. Бо грамадзтва выхоўвалася і расло ва ўмовах прарасейскай прапаганды, і яно пойдзе па самым простым шляху, як яно пайшло ў 1994 годзе.
- Пры ўсёй маёй сымпатыі, Сьвятлана Ціханоўская ня ёсьць легітымна абраным прэзыдэнтам, бо выбары 2020 году не былі, па сутнасьці, выбарамі. Будзе нейкі часовы орган кіраваньня. Як ён будзе сфармаваны, будзе вырашацца паводле сытуацыі.
- Я застаюся прыхільнікам парлямэнцкай формы кіраваньня пасьля пераходнага пэрыяду. Жыцьцё даказала, што прэзыдэнцтва — гэта ня наш шлях. Можа быць цырыманіяльная пасада прэзыдэнта — як у Нямеччыне ці ў Ізраілі. Але павінна быць парлямэнцкая форма кіраваньня плюс устойлівая партыйная сыстэма і гарантаваньне правоў чалавека.
- Самае галоўнае, што Канстытуцыя павінна нарэшце стаць законам прамога дзеяньня. Калі ў Канстытуцыі запісана, што дазволеныя масавыя шэсьці, значыць, яны дазволеныя, і ніякія там рай- ці гарвыканкамы не павінны гэтаму пярэчыць.
«ПіК Свабоды»
«ПіК Свабоды» — гэты штодзённая YouTube-праграма і падкаст, у якой журналісты Свабоды абмяркоўваюць галоўную падзею дня з палітыкамі, грамадзкімі дзеячамі, экспэртамі і аналітыкамі. Вострыя пытаньні і актуальныя камэнтары пра важныя падзеі для Беларусі і беларусаў.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш YouTube-канал «Свабода Premium», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
• Наш сайт
• Apple Podcasts
• Spotify
• Soundcloud
• Podcast Republic
Чароўная спасылка — клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.