Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Пачынаецца самая страшная фаза пуцінізму». Расейскі аналітык Марозаў пра гібель Навальнага


Аляксей Навальны і Аляксандар Марозаў. Каляж.
Аляксей Навальны і Аляксандар Марозаў. Каляж.

У Расеі паведамілі пра сьмерць лідэра расейскай апазыцыі, палітвязьня Аляксея Навальнага ў калёніі. Навальнага называюць галоўным апанэнтам Пуціна. Пра сьмерць заявіла турэмнае начальства. Паплечнікі Навальнага гэтую інфармацыю пакуль не пацьвярджаюць.

Некалькі дзён таму Навальнага бачылі жывога і здаровага. Паводле паведамленьня Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў, Навальны адчуў сябе дрэнна пасьля прагулкі і практычна адразу страціў прытомнасьць. Дактары хуткай дапамогі, якія прыбылі, нібыта не змаглі рэанімаваць зьняволенага.

Якія наступствы можа мець сьмерць Навальнага для Расеі? Пра гэта Свабода размаўляе з палітычным аналітыкам, выкладчыкам Карлавага ўнівэрсытэту (Прага) Аляксандрам Марозавым.

Цалкам інтэрвію глядзіце ў відэафармаце.

«Сыстэма дэманструе сваю беспакаранасьць, абсалютна біблейскую несправядлівасьць і немагчымасьць дамагчыся справядлівасьці ўнутры гэтай сыстэмы. Яна дэманструе выключна гвалт. На прэзыдэнцкія выбары сьмерць Навальнага ніяк не паўплывае, Пуцін будзе атрымліваць свае 80% на фоне вайны, і далей нас чакае жорсткая дэманстрацыя цягам 6 наступных год найгоршай фазы пуцінізму. Гібель Навальнага ў значнай ступені зьяўляецца фрагмэнтам уступленьня ў гэтую жудасную кадэнцыю Пуціна, ад якой даводзіцца чакаць толькі ўзмацненьня рэпрэсій і поўнага зьнішчэньня ўсялякага іншадумства», — сказаў Марозаў.

Аляксей Навальны — адзін зь лідэраў расейскай апазыцыі, стваральнік Фонду барацьбы з карупцыяй, вядомага шматлікімі выкрыцьцямі ўлады Ўладзіміра Пуціна, аўтар праекту «разумнага галасаваньня» і іншых апазыцыйных праектаў. Палітвязень.

  • Лідэру расейскай апазыцыі Аляксею Навальнаму было 47 гадоў. Апошнія тры ён правёў за кратамі. У месцах пазбаўленьня волі Навальны знаходзіўся са студзеня 2021 году, калі вярнуўся ў Расею зь Нямеччыны, дзе праходзіў лячэньне пасьля меркаванага атручваньня расейскімі спэцслужбамі. Расказваем, што папярэднічала ягонай сьмерці.
  • Затрымалі Аляксея Навальнага ў маскоўскім аэрапорце адразу пасьля вяртаньня з Бэрліну. Празь некалькі дзён ранейшы ўмоўны тэрмін, атрыманы па справе «Іў Рашэ», яму замянілі на рэальны. За кратамі палітык павінен быў правесьці 2 гады і 8 месяцаў. Аднак у сакавіку 2022 году Навальнаму прысудзілі яшчэ 9 гадоў зьняволеньня, абвінаваціўшы ў махлярстве. А ў жніўні 2023-га — яшчэ 19 за «стварэньне экстрэмісцкай арганізацыі і фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці».
  • Пасьля арышту ў студзені 2021 году Аляксея Навальнага трымалі ў некалькіх розных турмах і калёніях эўрапейскай часткі Расеі, аднак у сьнежні 2023 году перавялі ў калёнію асаблівага рэжыму ў Ямала-Ненецкай акрузе, на поўначы краіны. Перад гэтым праваабаронцы і паплечнікі некалькі тыдняў нічога ня ведалі пра ягоны лёс.
  • У жніўні 2023 году яго асудзілі на 19 гадоў калёніі асаблівага рэжыму па справе аб арганізацыі экстрэмісцкай суполкі. Спачатку палітык знаходзіўся ў папраўчай калёніі № 6 ва Ўладзімірскай вобласьці. У сярэдзіне сьнежня 2023 году Навальнага перавялі ў калёнію «Палярны воўк» у пасёлку Харп Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі.
  • Пра праблемы са здароўем Навальнага яго паплечнікі і праваабаронцы паведамлялі неаднаразова. Ужо празь месяц пасьля арышту паплечнікі апазіцыянэра распаўсюдзілі інфармацыю, што ў яго пэрыядычныя моцныя болі ў сьпіне і адымаецца нага. Яны таксама запатрабавалі дапусьціць да Навальнага незалежнага лекара, аднак у Фэдэральнай службе выкананьня пакараньняў заявілі, што стан ягонага здароўя здавальняючы. У турэмную лякарню Навальнага перавялі, толькі калі ён абвясьціў галадоўку.
  • Паведамленьні аб праблемах са здароўем у Аляксея Навальнага зьяўляліся і пазьней. У студзені 2023 году, напрыклад, яго адвакат расказваў пра ліхаманку і праблемы з страўнікам у Навальнага. А таксама пра тое, што ягоны падабаронны схуднеў на 7 кіляграмаў, а лечаць яго вялікімі дозамі антыбіётыку. Зь верасьня 2023 году Аляксея Навальнага зьмясьцілі ў памяшканьне камэрнага тыпу. Агулам з больш як трох гадоў за кратамі Навальны правёў у ПКТ больш за 300 дзён.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG