Дарадца палітыка Франак Вячорка паведаміў «Позірку», што гэты форум прайшоў напярэдадні Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы. Канфэрэнцыя па кібэрбясьпецы сабрала 700 экспэртаў, палітыкаў, чыноўнікаў і прадстаўнікоў тэхналягічнага сэктару, арганізаваць яе дапамагалі Google, Meta, Amazon, Airbus і інш.
На канфэрэнцыі Ціханоўская паведаміла пра «рэпрэсіі за актыўнасьць у інтэрнэце, спробы Расеі і рэжыму Аляксандра Лукашэнкі пазбавіць беларусаў доступу да праўдзівай інфармацыі». Нягледзячы на гэта, падкрэсьліла яна, беларусы «ўсё роўна не падтрымліваюць рэжым і вайну супраць Украіны».
Палітык выказалася пра ролю тэхналёгій у падзеях 2020 году ў Беларусі, неабходнасьць падтрымкі незалежных СМІ. Яна зьвярнулася да тэхналягічных кампаній, прадстаўнікі якіх прысутнічалі на форуме, з просьбай «аказваць падтрымку беларускай грамадзянскай і мэдыйнай супольнасьці».
Акрамя Ціханоўскай, на канфэрэнцыі выступілі «прадстаўнікі тэхналягічных кампаній, Эўракамісіі і ўрадаў эўрапейскіх краін, кіраўнік ФБР, міністар унутранай бясьпекі ЗША, вайскоўцы і экспэрты па кібэрбясьпецы», паведаміў Вячорка.
У час Мюнхэнскай канфэрэнцыі па бясьпецы (16–18 лютага) Ціханоўская правядзе сустрэчы з прадстаўнікамі NATO.
У рамках візыту на канфэрэнцыю ў Ціханоўскай заплянаваныя сустрэчы з
- памочнікам дзяржсакратара ЗША па справах Эўропы і Эўразіі Джэймзам О’Браянам,
- прэзыдэнтам Парлямэнцкай асамблеі NATO Міхалам Шчэрбам,
- памочнікам генсакратара NATO ў палітычных пытаньнях і палітыцы бясьпекі Борысам Ругэ,
- міністрам замежных спраў Мальты Енам Боргам,
- міністрам замежных спраў Ісьляндыі Б’ярні Бэнэдыктсанам,
- міністаркай замежных спраў, адукацыі і спорту Ліхтэнштэйну Домінік Гасьлер,
- прэзыдэнтам кампаніі Signal Foundation Мэрэдыт Уітакер,
- амэрыканскай сэнатаркай Джын Шагін,
- журналісткай і пісьменьніцай Эн Эплбаўм,
- экс-сьпікеркай Палаты прадстаўнікоў ЗША Нэнсі Пэлосі,
- былым прэмʼер-міністрам Канады Стывэнам Гарпэрам (узначальваў урад у 2006–2015 гг.),
- былой кіраўніцай Дзярждэпартамэнту ЗША (2009–2013) Гілары Клінтан.
Будзе таксама некалькі непублічных сустрэч.