Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Кіеве заявілі, што ў зьнішчаным пад Белгарадам самалёце ўкраінскіх палонных не было


Месца падзеньня самалёта Іл-76 пад Белагарадам 24 студзеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота
Месца падзеньня самалёта Іл-76 пад Белагарадам 24 студзеня 2024 году. Ілюстрацыйнае фота

У той жа час Украіна ня мае інфармацыі пра тых сваіх палонных, якіх Расея плянавала перадаць Украіне ў той дзень.

Сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Ўкраіны Аляксей Данілаў заявіў, што ў самалёце Іл-76, які пацярпеў катастрофу ў Расеі над Белгарадам, украінскіх палонных не было.

«Ці былі там нашы палонныя, я вам магу дакладна сказаць: не. Кажу гэта з улікам досьведу, які быў пасьля Тэгерану, і на падставе таго, што адбылася потым. Калі б гэта сапраўды адбылося, то, паверце, колькасьць біялягічнага матэрыялу, загінулых было б столькі, бо, як яны сьцьвярджаюць, там было 65 (палонных), то яны абавязкова гэтым бы скарысталіся і зрабілі відэа. Тое поле было б усё чырвонае ад крыві», — сказаў Аляксей Данілаў у інтэрвію ўкраінскаму выданьню «Бабель».

У той жа час, паводле яго, Украіна ня мае інфармацыі пра тых сваіх палонных, якіх Расея плянавала перадаць Украіне ў той дзень.

Аляксей Данілаў таксама заклікаў журналістаў не сьцьвярджаць, што самалёт Іл-76 зьбілі ўкраінскія вайскоўцы. «Нічога схаваць немагчыма. Давайце пачакаем», — падкрэсьліў ён.

«У іх была падрыхтаваная гэтая гісторыя. Давайце пачакаем, трэба проста пачакаць. Калі б гэта адбылося, то, паверце, Лаўроў (кіраўнік МЗС Расеі. — РС) так бы ў ААН крычаў, і яны б усё гэта паказвалі. Ім няма чаго паказаць, бо калі б гэта адбылося насамрэч, то было б зусім іншая карцінка», — дадаў сакратар РНБА Ўкраіны.

24 студзеня над Белгарадам у Расеі ўпаў і потым выбухнуў транспартны самалёт Іл-76, на якім, паводле расейскага Міністэрства абароны, нібыта знаходзіліся 65 палонных украінскіх вайскоўцаў, якіх перавозілі ў Белгарадзкую вобласьць для абмену, 6 чалавек экіпажу самалёта і тры суправаджальнікі.

Ва Ўкраіне пацьвердзілі, што ў той дзень сапраўды плянаваўся абмен палоннымі з Расеяй.

Адразу пасьля інцыдэнту некалькі ўкраінскіх выданьняў, спасылаючыся на свае крыніцы ў Генштабе Ўкраіны, сьцьвярджалі, што на самалёце перавозілі ракеты для комплексу ЗРК С-300 для абстрэлаў Харкаўскай вобласьці і што Іл-76 зьбілі УСУ.

Пазьней выданьні адрэдагавалі навіну, прыбраўшы згадку аб датычнасьці УСУ да падзеньня самалёта.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG