Што беларусы адзначаюць, узгадаваючы паўстанцаў Каліноўскага? І ці ёсьць сэнс выступаць супраць мацнейшага праціўніка? Госьць этэру «Свабоды Premium» — Зянон Пазьняк, лідэр руху «Вольная Беларусь».
«Паўстаньне моцнае ня толькі сваімі вынікамі, а сваёй ідэяй. Тое, што падняў Кастусь, — гэта ідэя, якая стала нашым сьцягам, нашай зоркай. І на гэта нацыя глядзіць ужо 150 гадоў. Калі б не было такога паўстаньня, не было б такой ідэі. „Каго любіш? — Люблю Беларусь. — Дык узаемна!“ Калі б ня было ахвяр, дык ці была б Беларусь? Можа б расейцы і дазвалялі кніжачкі выдаваць, але Расею нельга перамагчы кніжачкамі. Яе трэба перамагчы сілаю. І Кастусь паказаў, што трэба змагацца сілаю. Зразумела, што адбыўся фальстарт паўстаньня, і Кастусь гэтым абураўся. У Літве паўстаньне было непадрыхтаванае, патрэбны быў яшчэ месяц. У выніку мы аказаліся непадрыхтаванымі. Але ўсё роўна трэба было паўставаць. І Каліноўскі праявіў сябе як правадыр. Хаця ў тактычным пляне яно ўспыхнула раней часу. Але перамагчы ў той час Расейскую імпэрыю было вельмі цяжка. Але паўставаць трэба было», — кажа Зянон Пазьняк.
- Паўстаньне 1863–1864 гадоў пачалося 22 студзеня 1863 году ў Варшаве. На тэрыторыі сучасных Беларусі і Літвы яно пачалося 1 лютага 1863 году, калі ў Вільні было абвешчана аб стварэньні Часовага правінцыйнага Ўраду Літвы і Беларусі на чале з Кастусём Каліноўскім.
- Ва ўсіх беларускіх губэрнях у сакавіку-красавіку былі створаныя паўстанцкія атрады, якія складаліся пераважна з дробнай шляхты, мяшчан і сялян.
- За наступныя паўгода на тэрыторыі сучаснай Беларусі адбылося 46 бітваў і баёў. Самай вялікай бітвай лічыцца бітва пад Мілавідамі ў цяперашнім Баранавіцкім раёне Беларусі, якая адбылася 3 чэрвеня. Аб’яднаныя сілы пяці паўстанцкіх атрадаў разграмілі царскія войскі.
- Увосень 1863 году паўстаньне было крывава здушанае.
- Кастусь Каліноўскі, які выдаваў беларускамоўную газэту «Мужыцкая праўда» і як кіраўнік ураду публікаваў дзяржаўныя загады па-беларуску, быў арыштаваны 29 студзеня 1864 году і 22 сакавіка павешаны на Лукіскім пляцы ў Вільні.