Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто насамрэч апраўдвае нацызм і чаму небясьпечна казаць пра «генацыд беларускага народу»


Сьцісла:

  • У савецкай чорна-белай трактоўцы вайны і акупацыі месца для мірнага насельніцтва пад акупацыяй не было.
  • Пакінуты пад акупацыяй народ глядзеў на ўсё не праз савецкія акуляры, а ўласнымі беларускімі вачыма.
  • Усё беларускае нацыянальнае ў гэтым чорна-белым «кіно» сёньняшняя прапаганда сьпіхвае да чорнага — нацысцкага.
  • У беларусаў пад акупацыяй не было ніякіх падставаў лічыць маскоўскую савецкую ўладу сваёй.

За трыццаць гадоў праўленьня Лукашэнкі я назіраў розныя выкрутасы ягонай прапаганды ў оруэлаўскім стылі кшталту «мір — гэта вайна», «свабода — рабства», «няведаньне — сіла».

Назіраў, аналізаваў, рабіў высновы, чаго патрабуе ад мяне мая журналісцкая прафэсія, а ўрэшце атрымаў на сябе крымінальную справу дакладна ў тым самым стылі: за «адмаўленьне генацыду беларускага народу ў гады Вялікай Айчыннай вайны і пасьляваенны пэрыяд» і «рэабілітацыю нацызму». Што праўда, Оруэл фармуляваў думкі з большай дакладнасьцю, чым гэта робіць генэральная пракуратура Беларусі.

Што такое генацыд беларускага народу — асобная тэма. А што такое генацыд «у пасьляваенны пэрыяд», думаю, ня скажа і сам пракурор. Урэшце, крымінальная справа за журналісцкую дзейнасьць — гэта самая што ні ёсьць нацысцкая практыка, якую калі й рэабілітаваць, дык той самай пракуратуры, а ня мне, бо я на гэта ня маю ані паўнамоцтваў, ані перакананьняў, ані найменшага імпульсу.

Але зьвернемся да «генацыду беларускага народу ў гады вайны», якога 70 гадоў не было ні ў савецкай Беларусі, ані ў незалежнай, і які раптам зьявіўся, каб адразу ператварыцца ў прапагандысцкі жупел і нагоду для масавых рэпрэсій, што ўжо тры гады штодзённа адбываюцца ў Беларусі — за іншадумства, а то й безь ніякае прычыны.

Чорна-белае кіно

Вайна ў савецкай ідэалёгіі падавалася як чорна-белае кіно. Усё савецкае і расейскае там было белым, усё нямецкае — чорным. Вайна — заўсёды трагедыя, асабліва для мірнага насельніцтва, якое апынулася пад акупацыяй. Вось жа ў гэтым чорна-белым фільме месца для насельніцтва не было. Быццам ніякага насельніцтва і не было ў прыродзе.

Але ж беларускі народ пад нямецкай акупацыяй жыў, мусіў неяк выжываць, і, не знаходзячы для сябе месца ў савецкай ідэалёгіі, глядзеў на сьвет уласнымі беларускімі вачыма. І калі палітыку немцаў ён бачыў абсалютным злом, дык і Масква з камуністамі для яго зусім не выглядалі белым пазытывам. Чаму?

Народ, які зусім нядаўна, перад вайной, перажыў жахі калектывізацыі, рэпрэсіяў і шпіёнаманіі (600 тысяч рэпрэсаваных толькі паводле афіцыйных зьвестак), ніяк ня мог успрымаць такое «белае» за белае. Народ, які пасьля вайны паўстаньнямі адказаў на вяртаньне савецкай расейскай улады. (Тэма беларускага паваеннага супраціву была поўным табу, у адрозьненьне ад тых жа літоўскіх «лясных братоў», пра якіх нават фільмы здымалі, але ад таго маштабы антысавецкага руху ў Беларусі меншымі не былі, пра што ці не ўпершыню распавёў Зьміцер Бартосік у сваёй кнізе «Забіць упалмінзага» зь Бібліятэкі Свабоды).

Здавалася, пасьля вайны, як пагоняць немцаў, зажывем без калгаснага рабства, самі сабе на сваёй зямлі. А тут на табе: вярнуліся чэкісты са сваёй калектывізацыяй і рэпрэсіямі, а яшчэ і з масавымі прымусовымі перасяленьнямі народу. Мала таго, што нацярпеліся пад немцамі, дык яшчэ і таўро атрымалі: жыў на акупаванай тэрыторыі, значыць, «не такі», няправільны беларускі народ. З гледзішча маскоўскае ўлады, гэтага народу зь ягонымі мовай, культурай і гістарычным лёсам не было і ня мусіла быць.

Крыху супакойвацца людзі пачалі толькі пасьля сьмерці Сталіна і адкрыцьця брамы ГУЛАГу, пасьля хрушчоўскага дакладу, які ўсе гэтыя бясчынствы асудзіў.

Партызаны з Масквы

Нельга праўдзіва апісаць тое, што адбывалася ў Беларусі ў часы вайны, калі кіравацца ня фактамі і фактарамі, а толькі эмацыйна-кандовымі штампамі прапаганды. Сапраўды, народ пад акупацыяй жыў, здабываў хлеб свой штодзённы, нараджаў і гадаваў дзяцей, хадзіў на працу, гандляваў на рынках... Усё ўласна беларускае або проста незалежнае ад савецкай ідэалёгіі было на прыцэле ў эмісараў з Масквы. Нават першае менскае антыфашысцкае падпольле было зьнішчанае, бо нарадзілася з ініцыятывы мясцовых людзей. Колькі спатрэбілася намаганьняў журналісту і пісьменьніку Івану Новікаву, каб даказаць сапраўднасьць Ісая Казінца з таварышамі, — маўляў, ня ворагі яны і не правакатары. Перашкаджаў Новікаву галоўны партызан Васіль Казлоў, які беражліва ахоўваў сваю пальму першынства, бо партызаны пасьля вайны былі прывілеяванай кастай.

То бок усё беларускае нацыянальнае, а таксама ўсё самачыннае — усё, чаго не было ў савецкім чорна-белым спэктры — цяперашняя прапаганда, якая ўзяла гэты спэктар на ўзбраеньне, адназначна сьпіхнула ў чорнае, туды, дзе немцы.

Трэба заўважыць, што беларусы не прыйшлі ў Беларусь у нямецкім абозе, і апынуліся яны пад акупацыяй не з уласнае волі. Што ім заставалася рабіць, калі ні нямецкая, ні савецкая ўлада не была для іх сваёй? Заставалася самім арганізоўвацца і аб’ядноўвацца. Створаныя пад акупацыяй у надзвычай складаных умовах беларускія арганізацыі салідарнасьці, самапомачы, самаабароны і выжываньня (ня толькі жывёльнага, але як нацыі са сваёй мовай, культурай, гістарычным лёсам) часта насуперак волі як немцаў, так і Масквы, былі натуральнай, а часам і гераічнай, самаахвярнай чыннасьцю, бо ўзьнікалі яны зь беларускіх пазыцыяў, дзеля будучых пакаленьняў беларусаў. Яны былі арганічным працягам той беларусізацыі, якая разгарнулася была ў 1920-я гады і была жорстка, проста фізычна зьмененая русыфікацыяй у 1930-я.

Усе, хто пад акупацыяй імкнуліся захаваць нацыю, яе самабытнасьць, яе мову, пасьля вайны або выехалі на Захад, або на доўгія тэрміны былі адпраўленыя ў ГУЛАГ. Мне пашчасьціла ведаць некаторых зь іх, сапраўдных патрыётаў Беларусі, нязьменна надзеленых найлепшымі якасьцямі чалавека: добрым сэрцам і здаровым розумам. Іх вялікая заслуга ў тым, што беларусы пад акупацыяй ня вырадзіліся, не перасталі як нацыя існаваць.

Базавая падмена паняткаў тут палягае ў тым, што маскоўская савецкая ўлада нібыта была для беларускага народу сваёй. Натуральна, заявіць пра адваротнае не было як, бо ўся нацыянальная інтэлігенцыя — голас нацыі — была зьнішчаная ў 1930-я гады.

Нельга скідаць з шаляў і той факт, што савецкія партызаны сваімі акцыямі часам правакавалі нацыстаў на помсту — спаленьне вёсак, расстрэлы месьцічаў, пра што немцы кожны раз заяўлялі самі. Як глядзелі на гэта беларусы і ці ўхвалялі, у іх ніхто не пытаўся. Важнейшымі для партызанаў былі справаздачы на «большую землю». Пра спаленыя ў адказ вёскі туды не паведамлялі. Іх тады як і не было — што для немцаў, што для саветаў.

З гэтай вось падмены паняткаў, як з чагосьці само сабою зразумелага, і пачынаецца цяперашні сюжэт пра «генацыд беларускага народу». Агульнавядома, што нацысты зьнішчылі вялікую колькасьць беларусаў (дакладна ніхто не лічыў — то кожнага трэцяга называюць, то кожнага чацьвертага). Але ніколі і нідзе немцы ня ставілі задачы забіваць беларусаў толькі таму, што беларусы.

Не называюць генацыдам нямецкую акупацыю сваіх краін і нашы суседзі, якія перажылі такую самую трагедыю. Тэрміны на тое і тэрміны, каб называць рэчы сваімі імёнамі. Інакш і тое, што сёньня адбываецца з іншадумцамі на Акрэсьціна і ў многіх іншых канцлягерах у Беларусі, таксама трэба называць генацыдам. Бо гэтая «чыннасьць» рэжыму мала чым адрозьніваецца ад таго, што рабілі ў Беларусі нацысты. Можна, бадай, заўважыць два адрозьненьні: першае — цяпер масава пакуль не расстрэльваюць (наколькі вядома, бо ўсё засакрэчана, немцы не засакрэчвалі); другое — немцы не каралі беларусаў толькі за тое, што беларусы (сапраўдныя, ня «тоже русские»), за мову, нацыянальныя гістарычныя сымбалі і сваё, беларускае бачаньне ўласнай гісторыі.

Генацыд як Галакост

Насамрэч генацыд у Беларусі пад нямецкай акупацыяй быў. Толькі называецца ён — Галакост. Яго нацысты праводзілі ў дачыненьні да габрэяў, якіх і зьнішчалі толькі таму, што габрэі. Праўда, аўтары «генацыду беларускага народу» з гэтым не разабраліся і ўключылі ў зьнішчаны беларускі народ усё габрэйскае насельніцтва, называючы яго «савецкімі грамадзянамі». І ўсё было б нічога, калі ня ведаеш, што габрэяў нацысты таксама звозілі ў Беларусь зь іншых эўрапейскіх краін — менавіта каб забіць. Таму далёка не адны савецкія грамадзяне ляжаць у нашых «ямах».

Якім чынам генацыд габрэяў, што праводзілі нацысты, ператварыўся ў «генацыд беларускага народу» — невядома. Адбылася чарговая падмена паняткаў.

Што да крымінальнай справы за журналістыку, дык кожны крымінал мае месца тады, калі ёсьць канкрэтны пацярпелы і аб’ектыўны факт нанесенай яму крыўды або шкоды. Я ж не займаюся прапагандай, не падмяняю лёгіку эмоцыямі, разглядаю толькі даказаныя факты. Няма ніякай патрэбы кагосьці абражаць або хлусіць, калі ты заўсёды гатовы зьмяніць сваю візію, няхай твой апанэнт у дыскусіі пераканае цябе ва ўласнай лёгіцы.

Я даўно і па крупінках вывучаю нашы беларускія трагедыі ў ХІХ — ХХ — ХХІ стагодзьдзях, аналізую іх разам з маімі чытачамі і слухачамі з тым, каб мае суайчыньнікі бачылі, як нашу нацыю 200 гадоў вялі і вядуць да краху яе прышлыя або выпадковыя кіраўнікі, па каліву зьнішчаючы нашу мову і гістарычную памяць і насаджаючы на іх месца «русский мир». Веру, што гэтага краху ня будзе, што нацыя адродзіцца і вырвецца з лапаў гэтага «міру», які насамрэч ёсьць вайна.

Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG