Пра гэта Дзьмітры Гурневіч размаўляе з прэзыдэнткаю Беларускай асацыяцыі адвакатаў правоў чалавека Марыяй Колесавай-Гудзілінай.
Адвакатка нагадвае, што зьмены ў Крымінальны кодэкс Беларусі ўносяцца кожны год. 8 студзеня Лукашэнка падпісаў закон, які таксама ўносіць зьмены ў КК і іншыя кодэксы.
«Мы пакуль ня ведаем дакладна, што будзе сярод новых зьменаў, але кажуць, што там будуць артыкулы, якія тычацца няцяжкіх злачынстваў. Будуць альтэрнатывы пазбаўленьню волі. Туды можа трапіць нешта пра прэзыдэнта, тэма данатаў. Але бяз тэксту гэта спэкуляцыя», — кажа Колесава-Гудзіліна.
Сярод апошніх новаўвядзеньняў адвакатка зьвяртае ўвагу на правіла трох мэтраў на чалавека, які едзе на так званае пасяленьне, а таксама неабходнасьць аплаты для такіх асуджаных. Раней у штрафны ізалятар па законе маглі зьмяшчаць на 10 сутак за адзін раз, а па новым законе — да 15 сутак. Гэтыя рэчы важныя для сем’яў палітзьняволеных.
«Але самая цікавая тэндэнцыя ў гэтых кодэксах, што там былі фармулёўкі „заканадаўства Рэспублікі Беларусь“. Пасьля зьменаў засталася фармулёўка толькі са словам „заканадаўства“. Яны выкрэсьліваюць назву Рэспубліка Беларусь. Гэта вельмі трывожная тэндэнцыя. Усё, што яны зьмяняюць, — да горшага», — лічыць адвакатка.