Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра затрыманьне музыкаў Nizkiz, «беларускую пятую калёну» ў Літве і што адказваць на «Чаму ты гаворыш па-беларуску?»


Сяргей Дубавец, каляж
Сяргей Дубавец, каляж

25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці згодныя вы, што перш трэба скінуць Лукашэнку, а пасьля займацца нацыянальным пытаньнем?

— Тут дылемы няма. «Займацца нацыянальным пытаньнем» — гэта і значыць — «скідаць Лукашэнку», бо пры ім ніякае адраджэньне ў Беларусі немагчымае. І наадварот: не «займацца нацыянальным пытаньнем» значыць — не «скідаць Лукашэнку». Гэтая формула працуе ўжо 30 гадоў і нішто яе ня зьменіць.

— Паглядзеў на БТ напад на музыкаў Nizkiz. Ці варта такое называць затрыманьнем?

— Выбітыя дзьверы, «мордой в пол!», наручнікі, разгром кватэры, «изъятие» грошай... Так «затрымліваюць» хіба што азьвярэлага ўзброенага забойцу, а не музыку, які мірна сьпіць у сваім ложку і мала што мухі не пакрыўдзіў, дык яшчэ і прызнаны дома й за межамі прадстаўнік сваёй краіны.

Быццам у перакуленым сьвеце, азьвярэлы ўзброены забойца выступае ў ролі прадстаўніка закону і ўлады. Як гэта назваць адпаведнымі словамі? У Магілёве амон учыніў узброены бандыцкі разбой і захоп музыкаў гурту Nizkiz. Трэба называць рэчы сваімі імёнамі.

— У Беларусі і Расеі самыя папулярныя імёны для нованароджаных: Сафія і Міхаіл. Ці значыць гэта, што мы адзіны народ?

— Гэта значыць, што ў нас адзіны тэлевізар, які пры тым выконвае функцыю прапаганды, то бок паказвае толькі адну карціну сьвету, толькі адну пазыцыю. Дакладна гэтаксама, як вынікі «выбараў» Пуціна і Лукашэнкі вызначаюцца ў адміністрацыях Пуціна і Лукашэнкі, так і ўся астатняя «сацыялёгія» вызначаецца тамсама.

Як выбіралі імёны — відавочна. Арханёл Міхаіл — афіцыйны заступнік узброеных сіл РФ. Сьвятая Сафія, апроч іншага, — заступніца праваслаўя ад ганеньня. Для «саюзнай дзяржавы» адпаведны выбар.

— У Літве гавораць пра беларускую «пятую калёну». Ці ёсьць такая пагроза?

— Беларускія выгнанцы сапраўды напалохалі некаторых літоўцаў сваёй масавасьцю. Але трэба мець на ўвазе, што, у адрозьненьне ад русыфікаванай Беларусі, дзе расейскае называюць беларускім, у Літве лёгіка ня страчаная, і беларускае будзе называцца беларускім, а расейскае расейскім, нават калі яно само называе сябе беларускім.

Беларусы дружалюбныя да краіны, у якую перабралася. Таму калі й магчымая ў Літве «пятая калёна», дык толькі расейская, кіраваная з Масквы ці з падначаленага ёй рэжымнага Менску. Літоўцы разумеюць гэта.

— Што вы думаеце пра вядомы заклік да Лукашэнкі вызваліць трох канкрэтных палітвязьняў?

— Думка ў мяне трывожная. За трыццаць гадоў улады гэтага рэжыму можна зрабіць адназначную выснову: ягоныя «чырвоныя лініі» пралягаюць зусім ня там, дзе ў нармальных людзей. Ягоная палітыка якраз у тым, каб ламаць уяўленьні пра гуманнасьць і карысьць добрых справаў. Гэтыя вязьні вам так моцна важныя і дарагія? Дык мы будзем рабіць так, каб ім было найгорш. І як бы ня здарылася так, што пасьля гэтага закліку менавіта гэтыя вязьні выйдуць з палону апошнімі.

— Што вы звычайна адказваеце на пытаньне «Чаму ты гаворыш па-беларуску?»

— Думаю, як і большасьць з нас, адказваю: «Бо я беларус». Далей звычайна ідзе недаўменнае «Так і я беларус». І тут ужо вы пытаецеся: «А з чаго гэта відаць?» Суразмоўцу папросту няма чаго на гэта адказаць і, калі дазваляюць абставіны, вы рушыце ў наступ: «Калі беларус, дык чаму ты не гаворыш па-беларуску?» Часьцяком адказваюць: «Мне яшчэ гэтага пытаньня ніхто не задаваў». Размова вычарпаная, але тут важна, што ваш візаві ўпершыню задумаўся над тым, як яго як беларуса пазнаць і ці ня варта сапраўды перайсьці на беларускую мову.

— Прапагандысты хваляць таленты Лукашэнкі, а ў чым яны выяўляюцца?

— Можна казаць пра інтуіцыю і «нюх», здольнасьць ашаламіць, зьбянтэжыць іншага, зьбіць яго з панталыку. Талентам гэта не назавеш, бо нечаканасьць выпаду заўсёды грунтуецца на парушэньні правіл, законаў і нормаў, да чаго звычайны чалавек не гатовы.

Нічога новага ў гэтым няма. Банальная гульня шахматнай дошкай. Вы такога сабе не ўяўляеце? А вось вам, атрымайце. Бяда ў тым, што такі «стыль» ён навязвае ўсяму дзяржаўнаму апарату, прапагандзе, і хоча навязаць усёй краіне. Каб нармальныя людзі назаўсёды забыліся, чаму іх у дзяцінстве вучыла добрая мама.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG