У 2023 годзе на сьвет зьявілася шмат праектаў, якія пашырылі сфэру ўжываньня беларускай мовы ў сеціве. Яны ўжо дапамагаюць беларусам, і ня толькі супрацоўнікам ІТ-кампаній. Devby.io прывёў падборку навінак, якія сталі даступнымі летась.
Сынтэз беларускага маўленьня ад Інстытуту мовазнаўства НАН
Летам на рэсурсе «Беларускі N-корпус» зьявіўся першы сынтэз і фанэтычны канвэртар беларускага маўленьня. Каб пачуць гучаньне роднай мовы, дастаткова надрукаваць тэкст і націснуць «Агучыць». Потым гатовы аўдыёзапіс можна спампаваць сабе на кампутар. Цяпер чалавек, не знаёмы зь беларускай мовай, можа пачуць слушнае вымаўленьне беларускіх словаў.
Акрамя таго, гэта дазваляе не залежаць ад жаданьня вялікіх кампаній нешта стварыць, зьмяніць ці закрыць — а мець свой прадукт, які можна самім паляпшаць і выкарыстоўваць без тэхналягічных абмежаваньняў.
Тэхнаблог на беларускай мове ад распрацоўніка карыстальніцкага інтэрфэйсу
Праект ад аўтара тг-каналу «Беларускі франтэнд ды іншая трасца», які адначасова зьяўляецца распрацоўнікам карыстальніцкага інтэрфэйсу з 9+ гадамi досьведу. У блогу можна знайсьці i чыста тэхнічныя пытаньні, агляды кніг і анімэ-сэрыялаў.
Пераклад Ubuntu на беларускую
Каманда энтузіястаў перакладае апэрацыйную сыстэму Ubuntu на беларускую мову. На дадзены момант гатова прыблізна 22% існуючых радкоў; плюс інтэграваныя плятформы Launchpad i Crowdin для магчымасьці зручнай працы над перакладам.
Гэта як мінімум другая спроба перакласьці ПЗ — папярэдняя была не зусім дасканалай. Праект будзе рады дапамозе ад усіх ахвотных: адзінае патрабаваньне — добрае валоданьне беларускай мовай і хаця б мінімальныя веды кампутарнай тэрміналёгіі.
Audiobooks.by ад інжынэра Google
Праект Мікіты Белаглазава, які працуе інжынэрам праграмнага забесьпячэньня ў амэрыканскім Google. Праект — навігатар па аўдыёкнігах на беларускай мове і ад беларускіх аўтараў. На рэсурсе зьмешчаныя ня самі кніжкі, а спасылкі на пляцоўкі, дзе іх можна паслухаць альбо набыць. Аднак праект займаецца і самастойным запісам аўдыёкніг па-беларуску. Напрыклад, так зьявілася аўдыё «Аўтаспынам па галяктыцы» і яшчэ 25 кніжак.
Гэта не палітычны праект, і хоць цяпер сайт можа быць недасяжны ў Беларусі, сам праект не занесены ў сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў.
Праект «Linux па-беларуску»
Аматар беларушчыны, які працуе бармэнам у Італіі, стварыў партал пад назвай «Linux па-беларуску». Там ён зьбірае спасылкі на тэхнічныя пераклады (ад Telegram да duckduckgo), а таксама слоўнікі і сайты/праграмы, што дапамагаюць пісаць па-беларуску правільна. Цяпер на старонцы знаходзяцца ўжо амаль 60 праектаў, да якіх можна далучыцца.
5000+ ІТ-слоў па-беларуску ў вольным доступе
Стала лягчэй перакласьці назву праграмы альбо кампутарную каманду на беларускую мову, усё дзякуючы гэтаму праекту. Распрацоўнік і перакладнік Аляксандар Клюеў выклаў у агульны доступ беларускую ІТ-тэрміналёгію.
Стварэньне беларускамоўнай прасторы ў Bluesky
Bluesky — альтэрнатыва твітэру, якім завалодаў Ілан Маск; дэцэнтралізаваная сацыяльная плятформа, распрацаваная былым генэральным дырэктарам Twitter Джэкам Дорсі. На гэтай плятформе ўжо склалася даволі вялікая беларускамоўная супольнасьць. Яе разьвівае карыстальнік «Весьці з палёў», які можа растлумачыць, што рабіць, на каго падпісацца.
Што яшчэ варта адзначыць
Праект «АйціБарады» пад назвай «Цёмны Лёс» з «утульнымі размовамі» аб беларусах, іх занятках (напрыклад, навуцы, тэхналёгіях ці кампутарных гульнях) ды беларускасьці. Акрамя таго, «АйціБарада» разьвівае беларускі «Мастадон».
Новы праект аўтару падкасту «ТэхНавука». Як сказана ў апісаньні, гэта «канал зь відосамі пра калянавуковае/тэхналягічнае на беларускай мове».
YouTube-канал ад Рудзі пра відэагульні.
Падкаст «Першы Гікаўскі» пра гікаўскую субкультуру — кіно, сэрыялы, гульні, тэхналёгіі.
Тэлеграм-канал Tech Lead з навінамі навукі і тэхналёгій.
Тэлеграм-канал «Усё пра ўсё» з навінамі тэхналёгій, гульнявога сьвету, і цікавымі фактамі пра тэхніку на беларускай мове.