Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каго Беларусь страціла у 2023 годзе


Успамінаем тых, хто адышоў у 2023 годзе і пакінуў па сабе памяць у беларускай гісторыі і ў нашых сэрцах.

Студзень

На 70-м годзе жыцьця памёр пісьменьнік і выдавец Віктар Хурсік. Ён нарадзіўся ў 1953 годзе на чыгуначнай станцыі Ўборак Асіповіцкага раёну. Аўтар дакумэнтальных кніг «Магдалена Радзівіл. Белы лебедзь у промнях славы», «Трагедыя белай гвардыі» (пра час Кастуся Каліноўскага), «Кроў і попел Дражна».

З 2009 году быў прыватным выдаўцом. Выдаў каля 350 кніг, у тым ліку — гісторыка Яўгена Анішчанкі, пісьменьніцы Лідзіі Арабей, паэта і перакладчыка Івана Бурсава, перакладчыка Андрэя Каляды, паэтаў Уладзімера Някляева, Сяргея Панізьніка, пісьменьніка і краязнаўцы Аляксандра Карлюкевіча.

Віктар Хурсік
Віктар Хурсік

Ва ўзросьце 87 гадоў памёр першы кіраўнік фэдэрацыі футболу незалежнай Беларусі Яўген Шунтаў. У 1973 годзе ён узначаліў аддзел футбола ў Спорткамітэце БССР, у 1989-м – створаную на яго аснове фэдэрацыю. У 1998 годзе напісаў заяву аб звальненьні пасьля крытыкі з боку Аляксандра Лукашэнкі за стан спраў у футболе. Саюз эўрапейскіх футбольных асацыяцый (УЕФА) прыгразіў санкцыямі за ўмяшаньне дзяржавы ў справы грамадзкай арганізацыі і замарозіў праекты дапамогі. Шунтаву ўдалося пераканаць УЕФА, што звальняецца сапраўды добраахвотна. Яго месца заняў старшыня дзяржкамітэту авіяцыі Рыгор Фёдараў, які празь пяць гадоў пад ціскам зьверху саступіў пасаду дзяржсакратару Савету бясьпекі Генадзю Нявыгласу.

Летам 1992 году фэдэрацыя футболу была прынята ў Міжнародную фэдэрацыю футболу, налета – ва УЕФА. Зборная Беларусі атрымала права выступаць у адборачных турнірах чэмпіянатаў сьвету і Эўропы, клюбы – у эўрапейскіх кубках.

***

7 студзеня ва ўзросьце 63 гадоў памёр заслужаны артыст Рэспублікі Беларусь, былы дырэктар Коласаўскага тэатру (1997–2012), вядучы майстар сцэны Рыгор Шацько.

Рыгор Шацько
Рыгор Шацько

Паўгода не дажыла да свайго 95-гадовага юбілею ўдзельніца беларускага антысавецкага супраціву Леакадзія Шышэя, якая памерла 18 студзеня. Нарадзілася Леакадзія Шышэя 1 чэрвеня 1928 году ў вёсцы Церахоўшчына на Наваградчыне, у Другую сусьветную вайну, падчас нямецкай акупацыі, вучылася ў Слонімскай прагімназіі, належала да Саюзу беларускай моладзі (СБМ). У 1946 годзе далучылася да падпольнай беларускай арганізацыі «Чайка», якая плянавала змаганьне за нацыянальныя правы беларусаў, нацыянальныя каштоўнасьці і незалежнасьць Беларусі. Удзельнічала ў першых сходах арганізацыі. У сярэдзіне 1947 году арганізацыю выкрылі савецкія ўлады дзякуючы свайму агенту-правакатару.

У чэрвені 1947 Шышэю з паплечнікамі арыштавалі за «ўдзел у антысавецкай арганізацыі», утрымлівалі ў баранавіцкай турме, а затым прысудзілі 8,5 года лягеру. У 1954 годзе выйшла з савецкага лягеру і разам са сваім мужам Кастусём Шышэем паехала спачатку ў Слонім, а адтуль — у Вільню, дзе і засталася жыць. Дзяячку беларускага падпольля ўзнагарозілі мэдалём да 100-годзьдзя БНР.

Леакадзія Шышэя
Леакадзія Шышэя

На 86-м годзе жыцьця памёр легендарны футбаліст, нападнік менскага «Дынама» Міхаіл Мустыгін. У 1963 годзе ён стаў бронзавым прызэрам чэмпіянату Савецкага Саюзу, а ў 1965 годзе — фіналістам розыгрышу Кубка СССР. У 1967 годзе Міхаіл Мустыгін быў прызнаны найлепшым бамбардзірам чэмпіянату СССР — ён забіў 19 галоў.

Пасьля футбольнай кар’еры працаваў трэнэрам дзіцяча-юнацкіх футбольных школ Менску. Сярод яго вучняў шмат вядомых футбалістаў.

Міхаіл Мустыгін
Міхаіл Мустыгін

26 студзеня пад Вуглядарам загінуў добраахвотнік Эдуард Лобаў. Эдуард служыў у 72-й асобнай мэханізаванай брыгадзе. Удзельнічаў у вызваленьні Кіеўскай вобласьці і Чарнобыля ад расейскіх акупантаў.

Эдуард Лобаў нарадзіўся ў 1988 годзе. Да дзейнасьці «Маладога Фронту» далучыўся пасьля вяртаньня з войска. Службу праходзіў у 103-й асобнай гвардзейскай мабільнай брыгадзе ў Віцебску. У 2011 годзе Эдуард Лобаў быў асуджаны на 4 гады пазбаўленьня волі паводле артыкулу «Хуліганства» разам зь лідэрам «Маладога Фронту» Зьмітром Дашкевічам. Выйшаў на волю 18 сьнежня 2014 году.

У 2015 годзе Лобаў таемна пераехаў ва Ўкраіну і далучыўся да добраахвотнікаў, якія змагаліся супраць расейскай агрэсіі. Тады ён уваходзіў у склад добраахвотніцкага батальёна «Правага сэктару», які быў разьмешчаны пад Марыюпалем.

У 2015 годзе ён наступным чынам тлумачыў свой удзел у баявых дзеяньнях: «Я не за свабоду Ўкраіны ваяваць ехаў, а за свабоду Беларусі. Бо калі Арда не атрымае па зубах тут, на Данбасе, яна пойдзе далей і Беларусь, я абсалютна перакананы, будзе праглынутая, як і Крым, за пару сутак».

«За асабістую мужнасьць, праяўленую ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны» прэзыдэнтам Украіны ўзнагароджаны пасьмяротна ордэнам Мужнасьці трэцяй ступені.

Эдуард Лобаў
Эдуард Лобаў

Ва Ўкраіне на 94-м годзе жыцьця памёр вядомы ўкраінскі паэт, грамадзка-палітычны дзеяч, колішні дыплямат, Герой Украіны Дзьмітро Паўлычка. Ён перакладаў беларускіх паэтаў. Вясной 1995 году, калі стала вядома аб рашэньні Аляксандра Лукашэнкі правесьці рэфэрэндум аб зьмене дзяржаўнай сымболікі і наданьні расейскай мове статусу другой дзяржаўнай, Дзьмітро Паўлычка разам зь яшчэ васьмю дэпутатамі Вярхоўнай Рады Ўкраіны зьвярнуліся да беларускага народу з заклікам не галасаваць за прапанаваныя Лукашэнкам зьмены.

«Рэфэрэндум навязаны вашаму народу ворагамі беларускай дзяржаўнасьці. Гэтая падзея, якая можа абярнуць вас у новых рабоў новай імпэрыі, што пакуль яшчэ прыкрываецца назвай СНД. Калі вы прагаласуеце супраць дзяржаўнай сымболікі, то вы здрадзіце ўласнай гісторыі, якая неаднаразова дэманстравала нацыянальныя беларускія сымбалі ў моманты свайго найвялікшага духоўнага ўзьнясеньня. Калі вы прагаласуеце за інтэграцыю з Расеяй, то вы здрадзіце Каліноўскаму і іншым змагарам за дзяржаўную незалежнасьць Беларусі», — адзначалася ў звароце ўкраінскіх дэпутатаў.

Дзьмітро Паўлычка
Дзьмітро Паўлычка

Люты

27 лютага ў Менску на 73-м годзе жыцьця памёр беларускі драматург, сцэнарыст Аляксей Дудараў.

Аляксей Дудараў — ураджэнец Дубровенскага раёну Віцебскай вобласьці. У 1976 годзе скончыў тэатральны факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Быў акторам, памочнікам галоўнага рэжысэра ў літаратурнай частцы Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача (1976–1979). З 1991-га па 2002 год быў галоўным рэдактарам часопіса «Мастацтва», у 2001 годзе стаў мастацкім кіраўніком тэатра-студыі «Вольная сцэна» пры Саюзе тэатральных дзеячаў Беларусі. З 2003 па 2013 год быў мастацкім кіраўніком Драматычнага тэатру беларускай арміі. З 1992 году ўзначальваў Беларускі саюз тэатральных дзеячаў.

Ён аўтар п’ес «Парог». «Вечар», «Радавыя», некалькіх кніг прозы, а таксама сцэнара да папулярнага мастацкага фільма «Белыя росы» (Беларусьфільм, 1983). У студзені 2001 году Аляксей Дудараў спэцыяльную прэмію ад Лукашэнкі.

Аляксей Дудараў
Аляксей Дудараў

Сакавік

У 71 год памёр пісьменьнік і журналіст Канстанцін Скуратовіч, адзін зь піянэраў незалежнай журналістыкі Беларусі. Ён спэцыялізаваўся ў сфэры сацыяльнай палітыкі і сельскай гаспадаркі. З газэтай «Беларусы і рынак» быў зьвязаны з 1994 году. У 1996 годзе Скуратовіч атрымаў прэмію Беларускага фонду Сораса як найлепшы эканамічны аглядальнік, а праз тры гады — прэмію Беларускай асацыяцыі журналістаў «За плён ва ўсталяваньні свабоды слова ў Беларусі». Адной з апошніх працаў Канстанціна Скуратовіча стала кніга, прысьвечаная беларусам, якія бралі ўдзел у «зімняй вайне» — нападзе СССР на Фінляндыю ў 1939–1940 гадах.

Газэта «Беларусы і рынак», дзе шмат гадоў працаваў Скуратовіч, спыніла выхад са сьнежня 2022 году па патрабаваньні Мінінфарму.

Канстанцін Скуратовіч
Канстанцін Скуратовіч

Красавік

1 красавіка ў баях у Бахмуцкім раёне загінуў Данііл Ляшук з пазыўным «Маджагед». Ён уступіў у шэрагі Ўзброеных сіл Украіны і ачоліў штурмавую групу 59-й асобнай мотапяхотнай брыгады імя Якава Гандзюка апэратыўнага камандаваньня «Поўдзень» сухапутных войскаў. Данііл Ляшук удзельнічаў у вызваленьні Мікалаеўскай, Херсонскай і Данецкай абласьцей. У жніўні 2022 году ў баі каля вёскі Максімаўка Мікалаеўскай вобласьці ён атрымаў раненьні, але параненым змог узяць у палон двух расейскіх вайскоўцаў.

«За асабістую мужнасьць, выяўленую ў абароне дзяржаўнага сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны» прэзыдэнтам Украіны ўзнагароджаны пасьмяротна ордэнам Мужнасьці трэцяй ступені.

***

22 красавіка 2023 году ва ўзросьце 70 гадоў памёр горадзенскі архіяпіскап Арцемі. Ён быў адзіным высокапастаўленым ярархам Праваслаўнай царквы, які асудзіў гвалт сілавікоў у 2020 годзе.

14 жніўня 2020 году архіяпіскап Арцемі асудзіў гвалт супраць мірных дэманстрантаў і падтрымаў жанчын, якія выйшлі на пратэст з кветкамі. Сказаў, што верыць у здольнасьць любові і міру «вярнуць праўду ў нашы душы». «Кроў ахвяраў і цяжкія пакуты людзей у гэтыя дні — на сумленьні тых, хто сьвядома сам забіваў альбо прымушаў іншых забіваць праўду», — казаў праваслаўны ярарх. «Царква не павінна быць абыякавай... Маўчаньнем прадаецца Бог», — адзначыў ён.

Пасьля гэтага яго зьнялі з пасады і адправілі на «пакой».

Горадзенскі архіяпіскап Арцемі
Горадзенскі архіяпіскап Арцемі

Травень

Ва ўзросьце 75 гадоў памерла знакамітая чэская дысыдэнтка, перакладніца і публіцыстка Пэтрушка Шустрава, адна з падпісантак «Хартыі’77». Была праваабаронцай, публікавалася ў падпольных выданьнях. За гэтую дзейнасьць яе выклікалі на допыты ў Службу бясьпекі, праводзілі дома ператрусы, яна не магла ўладкавацца на працу, нягледзячы на тое, што гадавала пяцярых дзяцей.

Пасьля падзеньня камунізму выконвала абавязкі міністра ўнутраных спраў, займалася расьсьледаваньнем дзейнасьці спэцслужбаў у камуністычныя часы і брала ўдзел у рыхтаваньні закону аб люстрацыі.

Пэтрушка Шустрава ўзначаліла раду чэскай арганізацыі «Грамадзянская Беларусь» пасьля сьмерці яе папярэдняга старшыні Вацлава Гавэла.

Пэтрушка Шустрава
Пэтрушка Шустрава

7 траўня ў калёніі «Віцьба-3» памёр палітвязень Мікалай Клімовіч зь Пінску. Яго асудзілі за карыкатуру на Аляксандра Лукашэнка. Мікалай Клімовіч меў псэўданім «Мікалай Верасень». У 61-гадовага Мікалая Клімовіча была інваліднасьць у сувязі з хваробай сэрца; ён перанёс інсульт і складаную апэрацыю на сэрцы. У лютым 2023 году пінскі судзьдзя Андрэй Бычыла вырашыў, што Мікалай Клімовіч вінаваты ў «абразе Лукашэнкі» і пакараў яго годам зьняволеньня. «Абраза Лукашэнкі» – гэта смайлік у «Аднаклясьніках» пад карыкатурай Лукашэнкі. За кратамі жыхар Пінску вытрымаў усяго каля двух месяцаў.

Перад судом Мікалай Клімовіч выказаўся журналістам, што ня вытрымае зьняволеньня. «Любое турэмнае зьняволеньне для мяне – гэта сьмерць, таму што я павінны быць пад сталым наглядам лекара, прымаць вялікую колькасьць моцных лекаў. Я магу ня вытрымаць нават месяца», – казаў жыхар Пінску.

За кратамі жыхар Пінску вытрымаў каля двух месяцаў. З нагоды сьмерці Клімовіча ў віцебскай калёніі Эўразьвяз у траўні заявіў, што гэта «яшчэ адзін доказ поўнага грэбаваньня жыцьцямі і правамі людзей з боку рэжыму» і запатрабаваў вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі.

Мікалай Клімовіч
Мікалай Клімовіч

16 траўня ў Бахмуце загінуў Міраслаў Лазоўскі. Ён кіраваў эвакуацыяй групы батальёну «Волат», якая трапіла ў пастку ў адным з дамоў.

Міраславу Лазоўскаму было 49 гадоў. Ён нарадзіўся ў Менску, у 1995 годзе ўступіў у заснаванае Міколам Статкевічам «Згуртаваньне беларускіх вайскоўцаў», у тым жа годзе стаў адным са стваральнікаў «Белага легіёну» — ваенізаванай патрыятычнай арганізацыі, мэтай якой была дапрызыўная падрыхтоўка моладзі. Сябры «Белага легіёну» былі актыўнымі ўдзельнікамі мітынгаў і шэсьцяў у 1996–1999 гадах. Арганізацыя спыніла сваё існаваньне на пачатку 2000-х. Апошні раз згадкі пра «Белы легіён» зьявіліся ў 2008 годзе. Тады Лазоўскага і былых кіраўнікоў арганізацыі затрымалі ў справе выбуху 3 ліпеня 2008 году, аднак неўзабаве вызвалілі з-пад варты.

У 2013 годзе Міраслаў Лазоўскі заснаваў кніжную сэрыю «Беларусь у войнах», яе мэтай ён называў распаўсюджваньне навукова-папулярных выданьняў аб гісторыі Беларусі. Працаваў у выдавецтве «Кнігазбор», якое зьліквідавалі ўлады ў студзені 2023 году.

Пасьля пратэстаў 2020 году Міраслаў Лазоўскі пераехаў ва Ўкраіну. З пачаткам поўнамаштабнай расейскай агрэсіі далучыўся да беларускіх добраахвотнікаў, свайго удзелу ў баявых дзеяньнях не афішаваў.

Міраслаў Лазоўскі
Міраслаў Лазоўскі

Віцебскі актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў памёр на 74-м годзе жыцьця. «Гэта цяжкая страта для руху „За свабоду“ і ўсёй дэмакратычнай супольнасьці Беларусі, — напісаў старшыня руху Юры Губарэвіч. — Хрыстафор Жаляпаў быў генэратарам ідэй, стваральнікам і рухавіком шматлікіх грамадзкіх ініцыятыў Віцебшчыны. Сапраўдным грамадзянінам, які да апошніх дзён думаў не пра сябе, а пра іншых, глыбока перажываў і прапускаў празь сябе ўсе нягоды, якія абрынуліся на Беларусь. Нам будзе яго вельмі не хапаць, але спадчына, пакінутая Хрыстафорам, яшчэ праявіць свае парасткі».

19 лістапада 2021 году Вярхоўны суд Беларусі на прапанову Міністэрства юстыцыі прыняў рашэньне аб пазбаўленьні рэгістрацыі руху «За свабоду», у якім Жаляпаў быў адным зь лідэраў.

Хрыстафор Жаляпаў
Хрыстафор Жаляпаў

Вольга Завадзкая, маці зьніклага 22 гады таму журналіста Зьмітра Завадзкага, памерла 25 траўня ва ўзросьце 76 гадоў. Яе сын Зьміцер Завадзкі быў асабістым апэратарам Аляксандра Лукашэнкі, потым перайшоў на ОРТ. Працаваў з апазыцыйным журналістам Паўлам Шараметам. 7 ліпеня 2000 году пры нявысьветленых абставінах прапаў у раёне менскага аэрапорту. Тайна гэтага зьнікненьня дагэтуль не раскрытая. Цела Зьмітра Завадзкага, пазьней прызнанага памерлым, так і не знайшлі.

У 2020 годзе Завадзкая дала інтэрвію Свабодзе. «Тысячу разоў казала, што, пакуль пры ўладзе гэты рэжым, нічога ня скажуць, усё пакрываюць», — сказала яна ў той размове.

На жалобную цырымонію сваякі нябожчыцы прыехалі разам, супрацоўнікі крэматорыя адразу запрасілі іх у залю і зачынілі за імі дзьверы. Празь некалькі хвілін ім паведамілі, што ніхто больш не прыйшоў, і пачалі цырымонію разьвітаньня.

Тым часам у фае крэматорыя прыходзілі людзі з кветкамі. Да іх падыходзілі мужчыны ў цывільным і запытвалі, зь якім нябожчыкам яны прыйшлі разьвітацца. Калі чулі ў адказ прозьвішча Завадзкай, то казалі, што «такой тут няма». Яны раілі прайсьці на Паўночныя могілкі, бо нібыта разьвітаньне павінна адбыцца там. Але на могілках ахоўнікі паведамілі людзям, што ніякіх пахаваньняў не было і ў гэты дзень не плянуецца.

Вольга Завадзкая
Вольга Завадзкая

Чэрвень

Намесьнік старшыні Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Валер Ухналёў памёр, не дажыўшы да 69 гадоў, з прычыны анкалягічнага захворваньня, якое хутка разьвілося. З 1994 году быў сябрам бюро цэнтральнага камітэту Партыі камуністаў Беларусі (ПКБ; так называлася партыя «Справядлівы сьвет» да 2009 году), некалькі разоў абіраўся першым сакратаром яе Менскага абласнога камітэту. У 2003–2009 гадах займаў пасаду сакратара цэнтральнага камітэту ПКБ, з 2009-га — намесьніка старшыні «Справядлівага сьвету». Балятаваўся ў дэпутаты.

Валер Ухналёў
Валер Ухналёў

Ліпень

Палітвязень Алесь Пушкін памёр 11 ліпеня ў рэанімацыі горадзенскай лякарні.

Паэт Андрэй Хадановіч так адгукнуўся на сьмерць Алеся Пушкіна: «„Пры нявысьветленых абставінах“ памёр палітзьняволены мастак Алесь Пушкін. У горадзенскай турме, як пішуць, „у рэанімацыі пад канвоем“. Мастак, які вярнуўся ў Беларусь з Кіева, добра ведаючы, што яго арыштуюць. Асуджаны на пяць гадоў калёніі строгага рэжыму нібыта „за рэабілітацыю нацызму“, насамрэч за партрэт антысавецкага партызана. Прысуд сьведчыць пра слушнасьць афарызму: новыя фашысты (я пра рэжым) будуць называць сябе антыфашыстамі. А лукашэнкаўскія турмы — месца, дзе ня толькі катуюць, але і забіваюць. „Пры нявысьветленых абставінах“... Сьветлая памяць!».

«Пра Алеся я даведалася яшчэ задоўга да таго, як пазнаёмілася, а менавіта ў 1989 годзе, калі ён правёў пэрформанс у гонар гадавіны незалежнасьці БНР, — успамінала старшыня Рады БНР Івонка Сурвіла. — Мы на чужыне штогод адзначалі 25 сакавіка, гэтае сьвята было са мной з маленства, а ў тагачаснай БССР гэта было пад забаронай. А многія пра яго і ня ведалі. І якраз Алесь Пушкін голасна нагадаў людзям у Беларусі пра гэтую дату».

Алесь Пушкін — «Чалавек Cвабоды – 2023»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:04:02 0:00

20 ліпеня з працэсу журналіста Паўла Мажэйкі і адвакаткі Юліі Юргілевіч «хуткая» забрала горадзенскую актывістку Сьвятлану Рынкевіч. Уначы яна памерла ў шпіталі.

«Спадарыня Сьвятлана была на ўсіх паседжаньнях Паўла і Юліі. І на паседжаньнях іншых палітычных працэсаў, іншых горадзенцаў, — напісала жонка Мажэйкі Ірына Чарняўка. — Гэта тыя маленькія нябачныя героі, якія падыходзяць, каб усьміхнуцца чалавеку ў клетцы, і для многіх палітвязьняў гэта адзіная ўсьмешка, якую яны бачаць у судовай залі. Каб абняць маці, паціснуць руку бацьку, усе запомніць і пераказаць. Людзі-сэрцы...

Адбылося ўсе так: калі ўчора, каля 16-й судзьдзя зрабіў працэс Паўла і Юліі закрытым, сям’я і сябры мусілі выйсьці і чакаць заканчэньня паседжаньня ў двары перад судом. Сьвятлане Рынкевіч раптам зрабілася кепска, яна асела на зямлю, „хуткая“ забірала яе непрытомнай. Вядома, што ў шпіталі яна ўпала ў кому. Уночы памерла».

Яна паведаміла, што Сьвятлана Рынкевіч сама прайшла праз затрыманьні і страціла працу, бо ўдзельнічала ў маршах у 2020 годзе.

Сьвятлана Рынкевіч
Сьвятлана Рынкевіч

Жнівень

Памёр былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Леанід Козік, былы старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савету 12 скліканьня, з 1995 да 1998 году працаваў у структурах СНД, Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі. У 1998 годзе нядоўга быў намесьнікам прэм’ер-міністра Беларусі. У 2001 годзе таксама нядоўга — намесьнікам кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. З 2004 па 2008 год — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.

***

У 89 гадоў памёр пісьменьнік «філялягічнага пакаленьня» Віктар Карамазаў. Вядомыя творы Карамазава — «Падранак» (1968), «Па талым сьнезе» (1973), «Сьпіраль» (1974), «Дзень Барыса і Глеба» (1981), зборнік выбранай прозы «Дзяльба кабанчыка» (1988), аповесьці «Краем белага шляху» (1984), «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991), «Зь вясною ў адным вагоне» (2002), раманы «Пушча» (1979) і «Бежанцы» (1990), кніга публіцыстыкі «Проста ўспомніў я цябе...» (1989). У школьную праграму ўключана яго апавяданьне «Дзяльба кабанчыка». Напісаў аповесьць «Крыж на зямлі і поўня ў небе» (1991) пра мастака Бялыніцкага-Бірулю. У аповесьці «Краем белага шляху» (1992) раскрываецца тэма Чарнобыльскай трагедыі.

Віктар Карамазаў
Віктар Карамазаў

Верасень

Ва ўзросьце 65 гадоў ад анкалягічнай хваробы памёр фотамастак Анатоль Кляшчук. Ён зрабіў адзін з найлепшых фотапартрэтаў Васіля Быкава, пранізьлівыя здымкі хворых пасьля чарнобыльскай катастрофы беларускіх дзяцей, фотагалерэю старых жыхароў беларускіх мястэчак.

«Ён адзін з найлепшых беларускіх фатографаў, а таксама таленавіты публіцыст, — адзначаў культуроляг Васіль Дранько-Майсюк. — Выдатна працаваў у чорна-белай і каляровай фатаграфіі. Быў вялікім майстрам рэпартажнай здымкі і тонкіх пэйзажных замалёвак, асабліва любіў фатаграфаваць беларускія мястэчкі. Адна зь ягоных любімых тэмаў — саматужныя творцы: вясковыя скрыпачы і цэлыя местачковыя капэлі, мастакі, разьбяры, стваральнікі народных сьвятаў, майстры маляваных дываноў».

Фотамастак Анатоль Кляшчук
Фотамастак Анатоль Кляшчук

У Празе пасьля раптоўнай хуткай хваробы памёр журналіст «Настоящего времени» Алег Ануфрыенка. Яму было 35 гадоў. Алег працаваў на «Настоящем времени» з 2019 году, быў прадусарам тэлевізійных выпускаў навін, шэф-рэдактарам інфармацыйных праграм і рэдактарам відэа ў камандзе НВ-digital. Да прыходу на тэлеканал ён працаваў у вядучых незалежных СМІ Беларусі, у тым ліку на Tut.by, быў журналістам расейскай службы Радыё Свабода.

Алег Ануфрыенка
Алег Ануфрыенка

17 верасьня раптоўна пайшла з жыцьця карэспандэнтка незалежнага інтэрнэт-выданьня «Ганцавіцкі час» Сьвятлана Малышка, ёй было 45 гадоў. «Дабрыня, сціпласьць і спакойны характар дазвалялі Сьвятлане лёгка знаходзіць кантакт з героямі публікацый. Але яе журналісцкая прынцыповасьць, калі справа тычылася нейкіх праблемных артыкулаў, былі вартыя павагі і часам зьдзіўленьня. Асабліва, калі з просьбай падняць тэму ў газэце зьвярталіся людзі, каб дамагчыся справядлівасьці і адстаяць свае правы», — казалі калегі з «Ганцавіцкага часу».

Сёлета ў канцы жніўня Сьвятлана Малышка падрыхтавала сэрыю матэрыялаў пра тое, як у Ганцавічах рыхтаваліся да абласных «Дажынак». Адна з публікацый тычылася рэакцыі людзей на сьпілаваныя ў горадзе дрэвы. Артыкулам абурыліся мясцовыя ўлады, і неўзабаве аўтарку выклікалі ў міліцыю «пагутарыць». Калегі мяркуюць, што гэтая «размова» і гутаркі з кіраўніцтвам мясцовага райвыканкаму вельмі моцна адбіліся на стане здароўя Сьвятланы Малышка.

Як піша БАЖ, яна зазнала сапраўдны стрэс, хоць старалася не паказваць свайго хваляваньня, трымала ў сабе. Праз пару тыдняў карэспандэнтка «Ганцавіцкага часу» трапіла ў шпіталь, лекары не змаглі выратаваць яе жыцьцё.

Сьвятлана Малышка
Сьвятлана Малышка

Кастрычнік

Беларуская пісьменьніца зь Беласточчыны Надзея Артымовіч памерла ва ўзросьце 77 гадоў. Жыла і працавала (у тым ліку перакладчыцай) у Варшаве. Была сябрам Беларускага літаратурнага аб’яднаньня «Белавежа» і Саюзу польскіх пісьменьнікаў, пасьля выхаду на пэнсію жыла ў Бельску Падляскім.

Надзея Артымовіч
Надзея Артымовіч

Рэжысэр-дакумэнталіст Міхаіл Жданоўскі памёр ва ўзросьце 84 гадоў.

За цыкль «Дарога на Курапаты», «Жаўрукі Беларусі», «Успаміны пра Міколу Равенскага» ў 1990-я Жданоўскі атрымаў Дзяржаўную прэмію Рэспублікі Беларусь. У 2000-я Міхаіл Жданоўскі здымаў дакумэнтальныя карціны, прысьвечаныя беларускім постацям культуры, цікавым асобам — «Ва ўсе дні», «Семдзесят пятая восень Андрэя Мдзівані», «Маэстра Анісімаў» ды іншыя, намагаўся праз кіно раскрыць асобу і час.

Але яго вяршыняй сталася менавіта кіно «Дарога на Курапаты», якое захавала ўнікальныя сьведчаньні пра Курапаты як месца злачынства і памяці.

Ва Ўкраіне загінуў беларускі добраахвотнік Павал Горбач з пазыўным «Борт». Ён нарадзіўся 10 студзеня 1992 году. Вядома, што Павал быў фанатам футбольнага менскага «Дынама». У размовах з карэспандэнтам Свабоды добраахвотнік расказваў, што яго як фаната яшчэ да 2020 году спрабаваў завэрбаваць ГУБАЗіК. Горбач актыўна ўдзельнічаў у пратэстах 2020 году, быў вымушаны выехаць з краіны, каб ня трапіць пад крымінальны перасьлед. У Польшчы працаваў дальнабойнікам. Ва Ўкраіну паехаў ад самага пачатку вайны разам зь сябрам Зьмітром «Тэрорам» Апанасовічам. У сакавіку 2022 году «Борт» і «Тэрор» удзельнічалі ў баях у Ірпяні Кіеўскай вобласьці. Там Апанасовіч атрымаў сьмяротнае раненьне.

Павал Горбач
Павал Горбач

Лістапад

У Менску памёр актывіст дэмакратычнага руху Сяргей Мацкойць. Ён быў актыўным абаронцам Курапатаў падчас будаўніцтва праз тэрыторыю мэмарыялу кальцавой дарогі. Шмат разоў затрымліваўся і адбываў арышты на Акрэсьціна.

Сяргей Мацкойць
Сяргей Мацкойць

На 86-м годзе жыцьця памёр чэскі дысыдэнт і палітык Карэл Шварцэнбэрг. Ён падтрымліваў дэмакратычную супольнасьць Беларусі, пасьлядоўна крытыкаваў рэжым Аляксандра Лукашэнкі і выступаў супраць сьмяротнага пакараньня. Увосень 2014 году Шварцэнбэрг наведаў Беларусь. Лічыў, што Эўропе варта было зьняць санкцыі з афіцыйнага Менску пасьля ўвядзеньня мараторыю на сьмяротнае пакараньне.

У 2018-м Карэл Шварцэнбэрг крытыкаваў ідэю пабудовы рэстарацыі ў Курапатах пад Менскам. Ён прыгадаў у камэнтары Свабодзе гісторыю з Чэхіі, дзе быў падобны выпадак. Каля канцэнтрацыйнага цыганскага лягеру часоў ІІ сусьветнай вайны ў Паўднёвай Чэхіі камуністы ў 70-я гады пабудавалі сьвінакомплекс.

У 2018 годзе Шварцэнбэрга ўзнагародзілі мэдалём да 100-годзьдзя БНР — «на знак прызнаньня заслугаў дзеля беларускай незалежнасьці і дэмакратыі».

Алесь Бяляцкі і Карэл Шварцэнбэрг
Алесь Бяляцкі і Карэл Шварцэнбэрг

Мастацтвазнаўца Ларыса Фінкельштэйн памерла на 74-м годзе жыцьця. Яна была спэцыялісткай у галіне сучаснага беларускага мастацтва, стварыла прыватную мастацкую галерэю, арганізавала ў 1993 годзе першую ў Беларусі выставу карцін Марка Шагала. Амаль 20 гадоў (1973–1991) Ларыса Фінкельштэйн працавала ў менскім Палацы мастацтва. Затым стварыла сваю галерэю «Брама». Выкладала ў Інстытуце сучасных ведаў, Ліцэі БДУ, БДУІР і БДУ, вяла перадачы на беларускім радыё. Аўтарка соцень публікацый аб праблемах беларускага мастацтва.

Ларыса Фінкельштэйн
Ларыса Фінкельштэйн

Мастак Адась Калюта (Адам Каліта), які меў анкалягічную хваробу, памёр у швайцарскай Лязане. Да таго ён шмат гадоў жыў у Чэхіі. У Чэхіі ў складзе суполкі «Пагоня» і разам з прадстаўнікамі рэдакцыі «Belarussian Review» ён быў у 2010 адным зь пяці актыўных ініцыятараў кампаніі аб прызнаньні беларусаў нацыянальнай меншасьцю. Пасьля таго, як чэскі ўрад з улікам вынікаў перапісу насельніцтва прызнаў у 2013 годзе беларусаў адной з нацыянальных меншасьцяў Чэхіі, Адам Каліта стаў першым прадстаўніком беларусаў у складзе дзяржаўнай Рады Чэскай рэспублікі ў пытаньнях нацыянальных меншасьцяў.

Сьнежань

Балерына, народная артыстка Беларусі Людміла Бржазоўская памерла ва ўзросьце 77 гадоў. «Першая Кармэн, Эва, Нэле, Фрыгія, Маша, Умілаваная ў пастаноўках Валянціна Елізар’ева „Кармэн-сюіта“, „Стварэньне свету“, „Тыль Уленшпігель“, „Спартак“, „Шчаўкунок“, „Карміна Бурана“. Ёй аплядавала публіка практычна ўсяго сьвету, яе талентам захапляліся, яе абагаўлялі», — гаварылася ў афіцыйным паведамленьні Нацыянальнага тэатру опэры і балету Беларусі.

Людміла Бржазоўская нарадзілася ў Менску. Скончыла Беларускае дзяржаўнае харэаграфічнае вучылішча. З 1966 году яна была артысткай балету Дзяржаўнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балета БССР. Першай буйной працай на сцэне тэатра стала партыя Сольвейг у балеце «Пэр Гюнт» (1967). Стажавалася ў Ленінградзкім тэатры опэры і балету ў Натальлі Дудзінскай.

Званьне народнай артысткі Беларусі Людміла Бржазоўская атрымала, калі ёй было 29 гадоў.

Людміла Бржазоўская
Людміла Бржазоўская

Журналіст Вадзім Александровіч памёр у Менску 7 сьнежня на 61-м годзе жыцьця. Ён быў быў удзельнікам усіх найважнейшых падзеяў беларускага грамадзка-палітычнага жыцьця сярэдзіны 80-х — пачатку 90-х гадоў, у тым ліку Вальных соймаў беларускіх суполак у 1987 і 1988 гадах, першых і другіх Дзядоў у 1988 і 1989 гадах, талакоўскіх водных ральлі па Дзьвіне і Прыпяці, устаноўчага сходу «Мартыралёгу Беларусі» і аргкамітэту БНФ 19 кастрычніка 1989 году і іншых. Быў грэка-каталіцкім вернікам і актывістам хрысьціянска-дэмакратычнага руху. Працаваў журналістам газэты «Белорусы и рынок». У 2006 годзе пасьля разгону намётавага лягеру на Кастрычніцкай плошчы ў Менску сядзеў у турме.

Вадзім Александровіч
Вадзім Александровіч

Журналістку і рэдактарку Марыну Бірукову зьбіў аўтобус у цэнтры Варшавы, калі яна пераходзіла дарогу. Зь месца здарэньня яе забрала хуткая дапамога ў цяжкім стане, выратаваць яе не ўдалося. Яна працавала ў беларускіх незалежных выданьнях: часопісе «Большой», выдавецтве «Нестар — Менск», узначальвала газэту «Віртуальныя радасьці».

Марына Бірукова
Марына Бірукова

15 сьнежня ва ўзросьце 64 гадоў памёр апэратар Сяргей Чырык. Ён зьняў і адлічбаваў відэа найважнейшых грамадзка-палітычных падзеяў Беларусі 80-х і 90-х. Акцыі «Талакі», утварэньне Канфэдэрацыі беларускіх суполак і БНФ, першыя сьвяткаваньні Дня Незалежнасьці, Дзядоў, Дня вайсковай славы, курапацкія і чарнобыльскія шэсьці, пратэсты менскіх рабочых, выступы Зянона Пазьняка і візыт у Беларусь Біла Клінтана — гістарычныя кадры вяртаюць у эпоху, якая стала падмуркам беларускага сувэрэнітэту. «Я, відаць, адзіны, хто захаваў архівы ў поўным аб’ёме», — казаў у свой час у інтэрвію Свабодзе Сяргей Чырык.

Сяргей Чырык
Сяргей Чырык

XS
SM
MD
LG