Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аб’яднаны пераходны кабінэт Беларусі абвясьціў 2024-ты Годам беларускай нацыянальнай традыцыі


Аліна Коўшык. Ілюстрацыйны каляж.
Аліна Коўшык. Ілюстрацыйны каляж.

Прадстаўніца АПК па нацыянальным адраджэньні Аліна Коўшык 23 сьнежня ў відэазвароце з гэтай нагоды заклікала кожнага суайчыньніка нанова паглядзець на культурную спадчыну, стаць у новым годзе «захавальнікам сваіх унікальных каранёў» і «супольнай беларускай традыцыі».

«Беларусам ёсьць чым ганарыцца: крыж Эўфрасіньні, Біблія Скарыны, пэйзажы Орды, п’есы Дуніна-Марцінкевіча, опэра Манюшкі і вершы Геніюш, — адзначыла яна. — Беларуская культура з’яўляецца адной са старажытных і разьвітых эўрапейскіх культур. Наша летапісная гісторыя сягае больш як 12 стагоддзяў».

Коўшык нагадала, што «многія арыгінальныя заняткі і звычаі» беларускай зямлі ёсьць «сусьветна прызнанымі аб’ектамі нематэрыяльнай культурнай спадчыны пад аховай ЮНЭСКО». Асобна яна зьвярнула ўвагу на «традыцыйны беларускі арнамэнт і нацыянальныя вышыванкі». Паводле яе слоў, гэта «не проста гістарычны ўспамін», а тое, што «аздабляе, упрыгожвае ды адрозьнівае» беларусаў і сёньня.

«Наша культурная традыцыя — гэта адбітак надзвычай цікавай і багатай гісторыі, — канстатавала прадстаўніца АПК. — Гэта народная сялянская традыцыя, але таксама шляхецкая і высокая арыстакратычная культура. Гэта цэрквы і касьцёлы, сынагогі і мячэты. Гэта беларуская мова, на якой можна пісаць кірыліцай, лацінкай і нават арабіцай. Гэта пісьменьнікі і паэты, якія стваралі свае творы на беларускай і рускай, польскай і ўкраінскай, літоўскай і ідыш. Наша нацыянальная традыцыя, як багата аздоблены слуцкі пас, у арнамэнтах якога зашыфраваная наша ўнікальная культурная гісторыя».

«Сёньня, калі беларусаў пазбаўляюць многіх прыкмет нацыянальнага, — вынішчаюць традыцыйную лацінку, падмяняюць нашыя традыцыі чужароднымі звычаямі, адпаведнымі „русскому миру“, кожнаму з нас варта для сябе нагадаць, чым з’яўляецца наш сапраўдны беларускі скарб. Што для кожнага з нас з’яўляецца нацыянальнай традыцыяй? Што злучае нас, беларусаў, найбольш?»

Коўшык заклікала ў новым годзе «перадаць традыцыі дзецям і блізкім», «захаваць багаты досьвед», які робіць беларусаў асаблівымі. «Гэта магчымасьць усталяваць сувязі з продкамі, пераасэнсаваць каштоўнасьці і стварыць мост паміж пакаленьнямі. Гэта і ёсьць наймацнейшы падмурак нашай нацыі, бо нам, беларусам, багата чым ганарыцца», — падсумавала палітык.

Прэс-служба АПК паведаміла, што кабінэт даручыў Коўшык сумесна з дэмакратычнымі сіламі, грамадзкімі арганізацыямі, культурнымі ініцыятывамі і ўстановамі «распрацаваць плян мерапрыемстваў па падтрымцы беларускай нацыянальнай традыцыі, яе вывучэньні і папулярызацыі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG