Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На фоне ганеньняў на сьвятароў Лукашэнка павіншаваў папу рымскага зь днём нараджэньня і юбілеем сьвятарскага пакліканьня


Папа Францішак
Папа Францішак

Супрацоўніцтва са Сьвятым Пасадам мела і ў далейшым будзе мець асаблівую значнасьць для Беларусі.

Пра гэта гаворыцца ў віншаваньні, якое Аляксандр Лукашэнка накіраваў папе рымскаму Францішку з нагоды яго 87-га дня нараджэньня (17 сьнежня 1936 года) і 70-годдзя сьвятарскага пакліканьня (21 верасьня 1953 года).

«На працягу многіх гадоў вы нястомна несяце сьвету сьвятло, дабро і любоў, дзяліцеся мудрасьцю, аддаяце кожнаму кавалачак свайго сэрца», — адзначаецца ў пасланьні, якое цытуе прэс-служба Лукашэнкі.

Ён падзякаваў Францішку «за яго малітвы і клопат пра Беларусь і яе вернікаў, сяброўства і павагу». «Зь цяплом успамінаю нашу сустрэчу і шчырую размову (21 траўня 2016 года ў Ватыкане. — Позірк“.)», — напісаў Лукашэнка.

«Нягледзячы на перашкоды, зь якімі мы сутыкаемся, Менск і Ватыкан імкнуцца да захаваньня ўстойлівага міру, заснаванага на прынцыпах справядлівасьці і раўнапраўя для краін сьвету. Узаемная падтрымка рэалізацыі такіх мэтаў дае надзею, што наш сумесны голас будзе пачуты», — заявіў аўтар пасланьня.

Віншаваньне адпраўлена на фоне ганеньняў, якія зладзілі беларускія ўлады на неляяльных сьвятароў, у тым ліку каталіцкіх, і ўзмацненьня жорсткасьці заканадаўства ў сфэры стасункаў дзяржавы і царквы.

У сярэдзіне лістапада быў затрыманы і абвінавачаны ў «здрадзе дзяржаве» пробашч касьцёла св. Язэпа ў Валожыне Генрых Акалатовіч.

Незадаволенасьць пазыцыяй сьвятароў падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў 2020 года Лукашэнка выказаў, у прыватнасьці, у чэрвені 2021 года, наведваючы Сьвята-Усьпенскі Жыровіцкі мужчынскі манастыр: «Спачатку бліцкрыг (так ён называў выхад грамадзян на вуліцу пасьля абвяшчэньня вынікаў і сутыкненьні зь сілавікамі ў першыя дні. — „Позірк“), які не атрымаўся, затым паддобрываньне народа (кветачкі і іншыя блюзьнерствы). На жаль, і храмы былі падлучаныя да гэтага. Была спроба падключыць амаль усе каталіцкія, і многія паддаліся на гэта. І ў нас сярод праваслаўных былі пэўныя хістаньні».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG