Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапарлямэнт патрабуе вызваліць усіх палітвязьняў у Беларусі і заклікае дакумэнтаваць злачынствы рэжыму Лукашэнкі


Заля Эўрапейскага парлямэнту перад пасяджэньнем 14 сьнежня. Здымак AFP
Заля Эўрапейскага парлямэнту перад пасяджэньнем 14 сьнежня. Здымак AFP

Эўрапарлямэнт заклікаў краіны Эўрапейскага зьвязу падтрымаць палітычных зьняволеных у Беларусі і іхныя семʼі, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым праз новыя санкцыі.

Эўрапейскі парлямэнт ухваліў рэзалюцыю, у якой патрабуе вызваліць Мікалая Статкевіча і ўсіх палітвязьняў у Беларусі, а таксама зьняць зь іх абвінавачаньні, цалкам рэабілітаваць і кампэнсаваць шкоду, нанесеную ў выніку пазбаўленьня волі.

Рэзалюцыю ўхвалілі ў сувязі з працяглай ізаляцыяй Мікалая Статкевіча, пра якога няма ніякіх зьвестак ужо больш 300 дзён. У такіх жа ўмовах знаходзяцца іншыя вядомыя беларускія палітычныя зьняволеныя, у тым ліку Алесь Бяляцкі, Марыя Калесьнікава, Сяргей Ціханоўскі, Віктар Бабарыка, Максім Знак, Павал Севярынец, Паліна Шарэнда-Панасюк, Анджэй Пачобут і Ігар Лосік.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту настойваюць на неабходнасьці наданьня палітвязьням належнай мэдычнай дапамогі і доступу да адвакатаў, сям’і, дыпляматаў і міжнародных арганізацый, якія могуць ацаніць іх стан і дапамагчы. У рэзалюцыі выказваецца шкадаваньне ў сувязі зь бязьдзейнасьцю Міжнароднага камітэту Чырвонага Крыжа (МКЧК) у Беларусі.

У рэзалюцыі асуджаюць «неабгрунтаваныя, палітычна матываваныя прысуды і працяг рэпрэсій у дачыненьні да беларускіх дэмакратычных сіл, грамадзянскай супольнасьці, праваабаронцаў, прафсаюзных дзеячаў, журналістаў, духавенства, палітычных актывістаў і іх семʼяў», а таксама выказваюць «цьвёрдую салідарнасьць з народам, дэмакратычнай апазыцыяй і грамадзянскай супольнасьцю Беларусі ў іх барацьбе за свабодную, сувэрэнную і дэмакратычную Беларусь».

Эўрапарлямэнт заклікаў краіны Эўрапейскага зьвязу падтрымаць палітычных зьняволеных і іх семʼі, а таксама ўзмацніць ціск на рэжым праз новыя санкцыі. У той жа час заклікаюць краіны працягваць выдаваць гуманітарныя візы грамадзянам Беларусі, якія цярпяць перасьлед, а таксама распрацаваць эфэктыўнае рэагаваньне на пазбаўленьне беларусаў магчымасьці абмяняць пашпарт за межамі краіны.

Дэпутаты Эўрапарлямэнту заклікалі краіны Эўразьвязу «забясьпечыць бесьперапыннае дакумэнтаваньне міжнародных злачынстваў і патрабаваць адказнасьць на ўзроўні ААН праз вывучэньне сытуацыі з правамі чалавека і праз захаваньне мандату Спэцыяльнага дакладчыка ААН аб правах чалавека ў Беларусі».

Эўрапарлямэнт паўтарыў «свой заклік да судовага перасьледу і ўвядзеньня санкцый да ўсіх, хто адказны за парушэньні правоў чалавека і ваенныя злачынствы рэжыму Лукашэнкі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG