Грамадзянка Ўкраіны зьвярнулася ў суд, каб прымусіць улады выплаціць кампэнсацыю ў поўным аб’ёме за гібель яе мужа-беларуса, які ваяваў ва ўкраінскім войску.
Ёй выплацілі 5 мільёнаў грыўняў (прыблізна 130 тысяч даляраў у эквіваленце. — РС), траціну ад прадугледжанага заканадаўствам памеру кампэнсацыі. Украінка лічыць, што ёй наўмысна затрымліваюць рэшту або ўвогуле ня хочуць выплачваць. Яна лічыць, што супрацоўнікі мясцовага цэнтру камплектаваньня і сацыяльнай дапамогі (новая назва вайсковых камісарыятаў ва Ўкраіне. — РС) спрабуюць знайсьці сваякоў, якія жывуць у Беларусі.
У судовым рашэньні адзначаецца, што бацькі маюць беларускае грамадзянства і па атрыманьне ўкраінскага пашпарта не зьвярталіся. Бацька беларускага добраахвотніка памёр, а маці жыве ў Беларусі. Ёй 74 гады.
У лютым 2022 году ўрад Украіны ўхваліў пастанову, якая рэгулюе пытаньні выплаты кампэнсацыі сваякам загінулых на вайне вайскоўцаў. Аднак яна забараняе выплачваць грошы сваякам і бацькам загінулых грамадзян Беларусі і Расеі.
Што вядома пра загінулага
Свабода не змагла высьветліць прозьвішча загінулага беларуса. Вядома, што ён нарадзіўся ў Гомлі, ажаніўся з украінкай у 2019 годзе, а да гэтага ўжо год служыў на падставе кантракту ва Ўзброеных сілах Украіны і ўдзельнічаў у антытэрарыстычнай апэрацыі. У траўні 2018 году паводле наказу Міністэрства абароны Ўкраіны яго ўзнагародзілі нагрудным знакам «За адданасьць вайсковай службе» трэцяй ступені.
У 2021 годзе беларус зноў добраахвотна пайшоў на службу ў войска — ён стаў камандзірам штурмавога аддзяленьня адной з рот, сфармаваных у Луганскай вобласьці.
Грамадзянін Беларусі загінуў у выніку атрыманага несумяшчальнага з жыцьцём раненьня ў часе расейскага артылерыйскага абстрэлу каля вёскі Салодкае Валнавахскага раёну Данецкай вобласьці. Дата сьмерці не ўдакладняецца, вядома, што пасьведчаньне аб сьмерці выдадзена 28 красавіка 2022 году. Яго пахавалі ў Крывым Рогу, па месцы пражываньня ягонай жонкі — яна перасялілася туды з Луганскай вобласьці пасьля пачатку баявых дзеяньняў.
У Крывым Рогу пахавалі яшчэ аднаго беларуса
Ва ўкраінскіх СМІ Свабода знайшла публікацыю аб пахаваньні 31 жніўня 2022 году ў Крывым Рогу беларуса Андрэя Краўчанку. Ён жыў ва Ўкраіне больш за 10 гадоў, але ўкраінскага пашпарта так і не атрымаў. Паведамляецца, што Андрэй Краўчанка загінуў 23 жніўня 2022 году. У яго засталіся чацьвёра дзяцей і жонка. Раней ягонае прозьвішча сярод загінулых ва Ўкраіне беларусаў не называлася. Яго пахавалі пад украінскім сьцягам.
Дакладная колькасьць грамадзян Беларусі, якія ваявалі ва ўкраінскім войску і загінулі ва Ўкраіне, невядома. Розныя крыніцы называюць ад 30 да больш чым 40 загінулых беларусаў-добраахвотнікаў.