Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пагрозы Літве з боку беларускага генэрала сьведчаць пра ўплыў санкцый, — літоўскі эўрадэпутат Аўштравічус


Пятрас Аўштравічус
Пятрас Аўштравічус

Фактычныя пагрозы, якія прагучалі ў адрас Літвы з боку першага намесьніка дзяржсакратара беларускага Савету бясьпекі генэрал-маёра Паўла Муравейкі, гавораць пра тое, што «санкцыі працуюць», заявіў 29 кастрычніка ў камэнтары выданьню «Позірк» дэпутат Эўрапейскага парлямэнту ад Літвы і пастаянны дакладчык аб Беларусі Пятрас Аўштравічус.

«[Гэта значыць, што] абмежаваньні маюць уплыў на эканамічныя і фінансавыя вынікі дзяржаўнага бюджэту Беларусі. Гэта добра», — сказаў ён.

Разам з тым, паводле яго, трэба разумець, што «Менск сам сабой, магчыма, і не нясе ваеннай пагрозы або рызыкі, але ён усё ж такі грае ў больш шырокім пляне пад музыку з Крамля, з Масквы», а гэта значыць, што ўсе пагрозы «мусяць аналізавацца, павінны прымацца рашэньні».

«У Літве мы робім усё магчымае, умацоўваем сваю абароназдольнасьць, — падкрэсьліў Аўштравічус. — Галоўнае, што ёсьць поўнае партнэрства з нашымі партнэрамі і з NATO, і з Эўразьвязу, і гэта толькі пачатак. Таму замахнуцца ўвогуле на Захад (а Літва — частка Захаду) — гэта вельмі рызыкоўна, нават для Аляксандра Рыгоравіча зь яго генэраламі і гэтак далей. Бо адказ быў бы, я б сказаў, непрапарцыйна суровы для тых, хто паспрабаваў бы гэта зрабіць».

«Такія выказваньні паказваюць, што маюцца розныя ястрабы і ў Мінску, і ў Маскве, якія імкнуцца правакаваць, задаваць вышэй тон, ствараць напружаньне. Але яны павінны ведаць, што мы гатовыя да адказу. І гэта будзе не адказ Вільні ці Рыгі, гэта будзе адказ з Брусэлю і Вашынгтону. Таму варта добра падумаць, ці ня страшна нават думаць перасягнуць мяжу», — дадаў Аўштравічус.

У спэцыяльным выпуску дзяржаўнага выданьня «Вечерний Минск» за 24 кастрычніка былі апублікаваныя вытрымкі выступленьня Муравейкі на ідэалягічным сэмінары, арганізаваным Менгарвыканкамам.

«Літва фактычна забараніла нам перамяшчаць свае тавары праз мяжу. Паводле ўсіх нормаў міжнароднага права такі крок адносіцца да эканамічнай агрэсіі, — заявіў чыноўнік. — З пункту гледжаныя банальнай лёгікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыцьцёва важны для нас калідор сілай зброі. І ў іншых бы ўмовах нас бы ніхто ў сьвеце не асудзіў, дазволю сабе думку. Але не ў цяперашніх, калі на краіну робіцца беспрэцэдэнтны ціск з боку Захаду».

На пачатку 2022 году Літоўская чыгунка паводле рашэньня ўраду краіны скасавала дамову з «Беларуськаліем», які трапіў пад санкцыі, на транзыт мінэральных угнаеньняў, паколькі Вільнюс палічыў яе не адпаведнай нацыянальным інтарэсам.

У чэрвені таго ж году Літва праз санкцыі ЭЗ забараніла транзыт большасьці тавараў у Калінінградзкую вобласьць Расеі, які ішоў з асноўнай часткі Расеі празь Беларусь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG