Дзьвюх журналістак у Іране асудзілі да доўгіх турэмных тэрмінаў. Іх прысуды зьвязаныя зь гібельлю Махсы Аміні.
Нілуфар Хамэдзі паведаміла аб сьмерці Махсы Аміні, якая памерла ў 2022 годзе пасьля затрыманьня паліцыяй нораваў за няправільнае нашэньне хусткі. Другая асуджаная журналістка — Элахе Махамадзі — напісала аб пахаваньні Аміні.
Жанчын затрымалі год таму і абвінавацілі ў «супрацоўніцтве з варожым амэрыканскім урадам», «змове супраць нацыянальнай бясьпекі» і «прапагандзе супраць сыстэмы».
Хамэдзі арыштавалі пасьля таго, як яна сфатаграфавала бацькоў Аміні ў абдымках у шпіталі Тэгерану, пакуль іх дачка знаходзілася ў коме. Махамадзі арыштавалі празь некаторы час пасьля асьвятленьня пахаваньня Аміні ў яе родным горадзе Сакез.
Махамадзі зьяўляецца рэпартэрам газэты Ham Mihan, а Хамэдзі — фатографам газэты Shargh.
Агулам каля 100 журналістаў былі арыштаваныя падчас шматмесячных пратэстаў, выкліканых сьмерцю Аміні. Паводле зьвестак праваабаронцаў, у Іране з моманту пачатку пратэстаў загінула сама меней 529 чалавек.
Яшчэ больш за 19 700 чалавек улады затрымалі за ўдзел у акцыях непаслушэнства.