Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму Лукашэнка зноў выступіў за пашырэньне расейскай мовы і чаму на Захадзе дазваляюць дэманстрацыі ў падтрымку ХАМАС


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму на Захадзе дазваляюць дэманстрацыі ў падтрымку ХАМАС?

— У цывілізаваным сьвеце працуе вяршэнства закону. Дзяржава павінна забясьпечваць права на мірныя дэманстрацыі. У нас, дарэчы, таксама ёсьць такая норма ў Канстытуцыі, але не ў жыцьці...

На Захадзе пэўная ідэя апаноўвае масамі, пасьля маргіналізуецца, але застаецца суіснаваць зь іншымі ў такім здрабнелым выглядзе. На Ўсходзе, наадварот, кожны новы мэйнстрым дарэшты вынішчае ўсе іншыя ідэалёгіі разам зь іх носьбітамі. Пра гэтую розьніцу паміж Захадам і Ўсходам у сваім эсэ «Адвечным шляхам» пісаў Ігнат Абдзіраловіч (ёсьць у сеціве).

— Што значыць чарговы выступ Лукашэнкі за пашырэньне расейскай мовы?

— Па-першае, ён імкнецца дагадзіць Пуціну, які ўтрымлівае ягоны рэжым і яго асабіста. Нацыянальныя інтарэсы ў разуменьні Лукашэнкі — гэта яго асабістыя інтарэсы, а не інтарэсы нацыі і дзяржавы. Але Лукашэнка перагібае палку, бо да нацыянальнай катастрофы ў Беларусі ён ужо прывёў, і чарговы русыфікатарскі наезд можа выклікаць адваротную рэакцыю людзей.

Па-другое, гэта яго інтуітыўная боязь не зразумець чагосьці на іншай мове ці быць незразуметым, уласьцівая людзям старэйшага пакаленьня і савецкай фармацыі, якія адстаюць ад трэндаў сучаснасьці.

— Ці не здаецца Вам, што сёньняшні ўздым рэлігійных цемрашалаў, аматараў «моцнай рукі» і папулістаў — гэта заканамерная рэакцыя часткі грамадзтва, не гатовай да сучаснага разьвіцьця тэхналёгій і адпаведных зьменаў у жыцьці соцыюму?

— Ад «цемнаты народнай» увесь час засьцерагала яшчэ «Наша Ніва» пачатку ХХ ст... А далей з гэтай «цемнатой» пачынае працаваць палітыка. Яна можа заняцца асьветай і тым, каб не даводзіць невуцтва да ўздыму, да агрэсіі. А можа, наадварот, падаграваць нянавісьць гэтай «цемнаты» да ўласных яўных ці прыдуманых ворагаў.

«Цемната» заўсёды была і будзе: для адных перашкода, для іншых — зброя.

— Чым кіруецца прапагандыст, які называе тых, хто апэлюе да правоў чалавека, — ворагамі краіны?

— Ён кіруецца сваёй інфантыльнай непрадбачлівасьцю, бо перакананы, што яго самога не паб’юць і не пасадзяць. Маўляў, «а мяне за што»? Але праўда ў тым, што ён сядзіць у тэлеэкране толькі датуль, дакуль яго бяруць «в дело», і пакуль на яго не напісалі данос. Калі ж яго «затрымаюць» (дзіўны эўфэмізм для слова «арышт»), ён раптам зразумее, што ніякіх правоў у яго няма. І ўжо іншы прапагандыст, нібы пачуўшы ягоныя думкі, назаве яго з тэлеэкрану ворагам краіны.

— Ці застануцца цяперашнія кіраўнікі Беларусі ў гісторыі?

— У 1930-я гады ўладамі БССР была зьнішчаная ўся нацыянальная эліта. Падобны працэс назіраем сёньня, зноў зьнішчаюць «ворагаў народу». А цяпер вазьміце ў рукі сучасную Беларускую энцыкляпэдыю. Там вы пабачыце сотні артыкулаў пра паэтаў, пісьменьнікаў, навукоўцаў, забітых бальшавікамі, і хіба зь дзясятак — пра тых, хто зьнішчаў.

Яшчэ трохі і ў наступных выданьнях яны будуць названыя злачынцамі, а тыя, каго забілі, пасадзілі, выціснулі з краіны сёньня, зоймуць у гісторыі сваё пачэснае месца. Такая заканамернасьць: «ворагі народу» зноў акажуцца яго героямі.

— Якая лёгіка была ў ХАМАС атакаваць Ізраіль? Хіба ня ведалі, што атрымаюць у адказ?

— Лёгіка ёсьць, але нашмат шырэйшая — у кантэксьце сусьветнай вайны: каб усё, што тлее, падпаліць, а што ня тлее — дэстабілізаваць.

Агрэсія супраць Украіны, тысячы мігрантаў на мяжы з ЭЗ, выбухі газаправодаў на поўначы Эўропы... Нідзе ў сьвеце так шмат і з такой ахвотай не гавораць пра 3-ю сусьветную, як у расейскай тэлевізіі і яе беларускім філіяле. А што яшчэ застаецца дыктатарам, якія ня здольныя наладзіць нармальнае жыцьцё на сваіх тэрыторыях? Яны доўжаць свае страшныя злачынствы і пры тым мараць пра сусьветную вайну, якая «ўсё сьпіша».

— Чым затрыманьне адрозьніваецца ад арышту?

— Затрыманьне яшчэ не пакараньне. Але гэта нюанс прававых сыстэмаў. У нас сыстэма карная, і «затрыманы» можа сядзець у турме гадамі...

У расейскім канцылярыце тэрміналёгія наўмысна размытая — яна нібыта пра тое, а нібыта і не пра тое. «Преступление» — гэта як пераступіць празь нешта, слова не нясе канкрэтнага сэнсу, як наша злачынства. Альбо «наказание» — як «назидание». Ня тое, што па-беларуску канкрэтна — пакараньне. Так і «задержание» — штосьці расплывістае, затрымаць можна дыханьне, напрыклад, ці авіярэйс. А гэта арышт і турма (а ніякі не «изолятор временного содержания»).

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG