Папраўкі да старога закону ўлады назвалі «сучаснымі падыходамі ва ўзаемадзеяньні дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі». Што яшчэ неўзабаве зьменіцца для беларускіх вернікаў?
Пра гэта ў этэры «Свабоды Premium» расказвае багаслоў Натальля Васілевіч.
«Улады робяць што жадаюць. У іх няма ані маральных абмежаваньняў, ані прававых. «Часам не да законаў» – гэта асноўны прынцып неправавой дзяржавы. Гэта і ёсьць галоўная небясьпека, нават ня тыя нормы, якія цяпер уводзяцца. Нормай сталі «пакаянныя відэа», прыходы ГУБАЗіКа а 7.00 раніцы і пастаяннае жыцьцё ў страху, вар’яцкі стан грамадзтва, у якім любога могуць затрымаць. Мы бачым кірунак, які абірае рэжым. Маўляў, калі вы будзеце актыўнічаць, то будзеце мець справу з карнымі органамі», — кажа Васілевіч.
Упаўнаважаны ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Беларусі Аляксандар Румак 11 кастрычніка выступіў з дакладам у Палаце прадстаўнікоў. Папраўкі да старога закону ўлады назвалі «сучаснымі падыходамі ва ўзаемадзеяньні дзяржавы з рэлігійнымі арганізацыямі».