Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Славаччына: вынікі выбараў, якія ўвасабляюць стомленасьць ад Украіны


Лідэр славацкай партыі Smer Робэрт Фіца (у цэнтры) са сваімі паплечнікамі, Браціслава, 1 кастрычніка 2023
Лідэр славацкай партыі Smer Робэрт Фіца (у цэнтры) са сваімі паплечнікамі, Браціслава, 1 кастрычніка 2023

Шмат у чым вынікі парлямэнцкіх выбараў у Славаччыне, якія прайшлі ў гэтыя выходныя, сталі першым сапраўдным палітычным увасабленьнем стомленасьці ад Украіны. Пра гэта піша эўрапейскі рэдактар Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.

У нейкі момант здавалася, што на выбарах чакае сюрпрыз, бо лібэральная, праэўрапейская партыя «Прагрэсіўная Славаччына» была лідэрам па выніках экзіт-полаў з 24%, крыху апярэджваючы левую папулісцкую партыю Smer былога прэм’ер-міністра Робэрта Фіца. Але па меры атрыманьня рэальных вынікаў стала відавочна, што Фіца, хутчэй за ўсё, вернецца ў якасьці лідэра краіны — празь пяць гадоў пасьля сыходу з пасады на фоне абурэньня, якое ўзьнялося пасьля забойства журналіста-расьсьледавальніка Яна Куцяка.

Smer набраў 23% галасоў, на 5 адсоткавых пунктаў больш, чым «Прагрэсіўная Славаччына», і цяпер, хутчэй за ўсё, сфармуе кааліцыйны ўрад зь невялікай правай Славацкай нацыянальнай партыяй і партыяй «Голас» (Hlas), якая заняла трэцяе месца з 15%. Яны разам маглі б сфармаваць кааліцыю зь невялікай большасьцю ў парлямэнце.

На партыю Hlas, якая адкалолася ад Smer падчас палітычнага ўзрушэньня 2018 году, варта зьвярнуць увагу. На дадзены момант яе лідэр Пітэр Пэлегрыні ня любіць свайго былога пратэжэ Фіца, але ў астатнім палітычна гэтыя дзьве партыі блізкія.

Ці можа ён патэнцыйна забясьпечыць сабе галоўны партфэль у наступным урадзе? Ці атрымаць прапанову стаць сьпікерам палаты, ці нават атрымаць падтрымку Smer, каб балятавацца ў прэзыдэнты на выбарах у наступным годзе?

Калі, як і чакалася, ён абʼяднаецца са Smer, ён, імаверна, папросіць Фіца прыцішыць антыўкраінскую рыторыку, якая была заўважаная падчас перадвыбарчай кампаніі: лідэр Smer заяўляў, што зброя больш не паступіць ва Ўкраіну, паставіў пад сумнеў лёгіку санкцыяў ЭЗ супраць Расеі, хваліў Маскву і нават паўтараў крамлёўскія наратывы пра тое, што NATO выклікала вайну і што яна пачалася пасьля таго, як «украінскія нацысты і фашысты пачалі забіваць расейскіх грамадзян на Данбасе і ў Луганску».

Нягледзячы на тое, што некаторыя афіцыйныя асобы ЭЗ былі напалоханыя такой рыторыкай, яны адзначаюць, што Фіца падчас сваёй ранейшай працы на пасадзе прэмʼер-міністра ў 2006–2010 гадах і потым у 2012–2018 гадах заўсёды прымаў пад увагу пазыцыю Брусэлю — напрыклад, пагадзіўшыся на першыя санкцыі ЭЗ у дачыненьні да Расеі пасьля анэксіі Крыму ў 2014 годзе, хаця ў Браціславе казаў іншае. Ходзяць таксама чуткі, што міністрам замежных спраў могуць стаць давераныя асобы Брусэлю, такія як цяперашні пасланьнік ЭЗ на Заходніх Балканах Міраслаў Лайчак.

Ёсьць і іншыя рычагі, якія прымусяць магчымы ўрад Фіца павярнуць назад на Захад. Smer па-ранейшаму ўваходзіць у групу левацэнтрысцкіх партыяў — Прагрэсіўны альянс сацыялістаў і дэмакратаў (S&D), а гэта другая па велічыні палітычная група ў Эўрапейскім парлямэнце, і яна мае значны ўплыў за межамі Брусэлю.

Славаччыне Эўразьвяз патрэбны больш, чым Славаччына Эўразьвязу

Унутры Прагрэсіўнага альянсу сацыялістаў і дэмакратаў (S&D) ёсьць галасы, якія мяркуюць, што Smer трэба выключыць з альянсу, калі ён ня сьцішыць сваю прарасейскую рыторыку, гэтаксама як пару гадоў таму Fidesz Віктара Орбана быў выгнаны з правацэнтрысцкай Эўрапейскай народнай партыі (EPP).

Ёсьць і эканамічныя стымулы. Дэфіцыт дзяржаўнага бюджэту Славаччыны працягвае расьці, а інфляцыя і цэны на энэрганосьбіты па-ранейшаму высокія. Наўпрост кажучы: Славаччыне Эўразьвяз патрэбны больш, чым Эўразьвязу патрэбная Славаччына. Так што ня варта чакаць, што блізкім часам краіна пасьпяшаецца пакінуць Зьвяз, эўразону або NATO.

Эканамічныя праблемы таксама азначаюць, што ў выніку гэтых выбараў зьявіцца іншая Славаччына, якая, хутчэй за ўсё, будзе больш збліжацца з Вугоршчынай у такіх сацыяльных пытаньнях, як міграцыя і правы ЛГБТ.

Можна таксама чакаць, што Фіца будзе спрабаваць падарваць незалежнасьць судовай сыстэмы ў краіне. Толькі год таму спэцыяльны пракурор краіны разглядаў абвінавачваньні ў тым, што Фіца выкарыстоўваў канфідэнцыйныя падатковыя і паліцэйскія справаздачы супраць палітычных апанэнтаў, і ён ледзь пазьбег пазбаўленьня дэпутацкай недатыкальнасьці. Цяперашняя перамога на выбарах будзе азначаць, што ён ня трапіць за краты ў агляднай будучыні.

Эканамічныя трывогі ў спалучэньні са стомай грамадзтва ад Украіны азначаюць, што падзеі ў Славаччыне паўплываюць на далейшыя адносіны Захаду з Кіевам. Фіца зь вялікім эфэктам выкарыстаў гэта ў перадвыбарнай кампаніі. Высокія паказьнікі Smer на выбарах можна патлумачыць тым, што гэтая партыя здолела «скрасьці» галасы ў дзьвюх ультраправых груповак, «Рэспубліка» і «Мы сямʼя», якія, будучы яшчэ больш прарасейскімі, не змаглі пераадолець пяціадсоткавы выбарчы парог, нягледзячы на прагнозы.

Для NATO вынікі славацкіх выбараў могуць ня мець вялікага значэньня. Большая частка зброі транспартуецца ва Ўкраіну праз Польшчу. Але для ЭЗ гэта можа мець наступствы. Ці магла б Браціслава абʼяднацца з Вугоршчынай у блякаваньні дадатковага фінансаваньня з боку ЭЗ для Ўкраіны, прычым як цывільнай, гэтак і вайсковай дапамогі? Адказы на гэтыя пытаньні, імаверна, зьявяцца ў сьнежні, калі Зьвяз будзе прымаць рашэньні па іх.

А як наконт дадатковых санкцыяў ЭЗ супраць Расеі?

Вынікі выбараў у Славаччыне сталі вядомыя, калі ў ЗША было дасягнутае палітычнае пагадненьне, якое дазволіла пазьбегнуць спыненьня працы ўраду, але скараціла фінансаваньне Ўкраіны. Славацкія выбары прайшлі таксама на фоне выбарчай кампаніі ў Польшчы, у якой кіруючая партыя «Права і справядлівасьць», да нядаўняга часу заўзятая прыхільніца Ўкраіны, зрабіла шэраг крокаў і заяваў, каб спадабацца правым выбаршчыкам — ад сумневаў у неабходнасьці павялічваць пастаўкі зброі Ўкраіне да блякаваньня імпарту ўкраінскай сельскагаспадарчай прадукцыі. Здаецца, што абяцаньне Захаду быць на баку Ўкраіны «столькі, колькі спатрэбіцца», раптам апынаецца пад сумневам.

  • 16x9 Image

    Рыкард Юзьвяк

    Рыкард Юзьвяк — эўрапейскі рэдактар Радыё Свабодная Эўропа/Радыё Свабода ў Празе. Спэцыялізуецца на асьвятленьні дзейнасьці Эўрапейскага Зьвязу і NATO. Раней ён працаваў карэспандэнтам РСЭ/РС у Брусэлі, дзе асьвятляў мноства міжнародных самітаў, выбараў у Эўропе і рашэньняў міжнародных судоў. Ён рабіў рэпартажы з большасьці эўрапейскіх сталіц, а таксама з Цэнтральнай Азіі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG