Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ірына Красоўская: «Пасьля працэсу ў Швайцарыі мы ўбачым больш цікавасьці да праблемы правоў чалавека ў Беларусі»


Ірына Красоўская, архіўнае фота
Ірына Красоўская, архіўнае фота

У швайцарскім судзе ў канцы верасьня абвесьцяць прысуд Юрыю Гараўскаму, які прызнаўся ў выкраданьні палітыкаў, зьніклых у канцы 90-х гадоў.

Жонка зьніклага ў верасьні 1999 году бізнэсоўца Анатоля Красоўскага Ірына Красоўская адказала на пытаньні Свабоды пра судовы працэс і свае чаканьні.

— Чаго вы чакалі ад суду?

— За гэтыя амаль 25 гадоў мы выкарыстоўвалі велізарную колькасьць розных мэханізмаў пошуку праўды і правасудзьдзя, перш за ўсё мясцовых (якія не прывялі да адказу на пытаньні, але далі нам мноства карыснай інфармацыі аб учыненых з удзелам дзяржавы злачынстваў). Мы вычарпалі ўсе магчымыя рэсурсы знайсьці праўду ў Беларусі, таму вельмі важным крокам стала выкарыстаньне міжнародных юрыдычных мэханізмаў, у тым ліку Камітэту правоў чалавека ААН, Міжпарлямэнцкай асамблем, ПАСЭ, АБСЭ, а таксама заканадаўства іншых краін, у гэтым выпадку Швайцарыі.

Тут для нас цікавы ня сам суд, а паказаньні падсуднага і тое, як мы зможам выкарыстоўваць гэта ў працэсе далейшага правасудзьдзя — пакараньня вінаватых і прадухіленьня паўтарэньня ў будучыні. Незалежна ад таго, якое пакараньне суд вынесе злачынцу, галоўнае дасягненьне будзе ў судовым дакумэнтаваньні злачынстваў (з імёнамі, датамі, фактамі), учыненымі ў Беларусі пры ўдзеле дзяржавы і найвышэйшых службовых асоб. Многіх са згаданых у судовым расьсьледаваньні асоб чакаюць непрыемныя сюрпрызы і праблемы ў будучыні.

— Вы сачылі за судом онлайн. На што зьвярнулі ўвагу ў паказаньнях?

— Былі некаторыя неадпаведнасьці з тым, што мы ведалі раней, і з той афіцыйнай інфармацыяй, якую мы атрымалі ад сьледчага Чумачэнкі пасьля прыпыненьня справы. У прыватнасьці, гэта датычыцца колеру машыны майго мужа, на якой ён і Ганчар былі ў тую ноч, а таксама спосабаў яе транспартаваньня, зьвязаным зь некаторым дэталямі пастаўленай на машыне абароны ад выкраданьня, што стварала пэўныя цяжкасьці. Інфармацыя, атрыманая ад сьледчага, не была шырока абнародаваная.

— Праз год будзе 25 гадоў ад зьнікненьня Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара і Юрыя Захаранкі. Як вы думаеце, ці будуць да гэтай даты пакараныя ўсе датычныя да іх гібелі?

— Чвэрць стагодзьдзя — гэта вельмі доўгі пэрыяд, асабліва для сем’яў. Гэта пакута, якая працягваецца, — і ад нявызначанасьці сытуацыі, і ад немагчымасьці пакараць злачынцаў. Але праўду мы ведаем даўно — яна па крупінках сабрана журналістамі, сем’ямі, юрыстамі. Частка апублікаваная (рапарт генэрала Лапаціка, паказаньні начальніка СІЗА Алкаева), частка перададзеная прыватна і асела ў файлах юрыстаў, частка атрыманая, як гэта ні дзіўна, з афіцыйных адказаў сьледчых органаў Беларусі, шмат што прыйшло зь міжнародных расьсьледаваньняў (даклад Пургурыдэса).

Пэўна, будзем ведаць яшчэ больш пасьля суду. Праблема ў тым, што існуе ня надта шмат рэальных дзейсных мэханізмаў прыцягненьня злачынцаў высокага ўзроўню да адказнасьці, асабліва ў недэмакратычных краінах, якія ігнаруюць рашэньні сур’ёзных міжнародных інстытутаў (напрыклад, рашэньне КПЧ ААН у справах аб зьнікненьнях А.Красоўскага і Ю.Захаранкі або рашэньне ПАСЭ 2004 году аб зьнікненьнях у Беларусі). Але гэта, як гавораць нашы юрысты, да пары і да часу. А час адказваць, несумненна, прыйдзе. Пры цяперашняй сытуацыі ў Беларусі новых рашэньняў унутры краіны ў нашых справах чакаць не даводзіцца. Але нічога не бывае вечным, і дыктатура таксама.

— Як вайна і брутальныя рэпрэсіі ў Беларусі ўплываюць на грамадзкую ўвагу да справы зьніклых?

— Дыктатура і абсалютнае незахаваньне правоў чалавека заўсёды ідуць побач. Мы думалі, што горш за пазасудовыя пакараньні ў Беларусі ўжо ня будзе, але мы нават не ўяўлялі маштабаў далейшых рэпрэсій. Цяпер мноства маіх сяброў, многія зь якіх дапамагалі нам у пошуку праўды аб зьнікненьнях палітыкаў у Беларусі, знаходзяцца ў турмах і інфармацыі пра іх няма паўгода і больш. Што гэта, калі ня новая хваля палітычных зьнікненьняў?

Немагчыма было ўявіць, што пачнецца вайна ва Ўкраіне, дзе дзясяткі тысяч людзей акажуцца зьніклымі. Але мінулае і сучаснасьць заўсёды зьвязаныя. Нявырашаныя праблемы з правасудзьдзем у мінулым спараджаюць яшчэ больш жудасныя праблемы сучаснасьці. Але нічога не бывае вечным. Успомнім падзеньне Бэрлінскага муру або развал Савецкага Саюзу. Цяпер сытуацыя яшчэ больш далікатная. Мы ўсе сочым за падзеямі ва Ўкраіне, падтрымліваем яе, чакаем перамогі. «Слава Україні!» і «Жыве Беларусь!» — цяпер тыя два лёзунгі, якія зьяўляюцца нашымі апірышчам і надзеяй на будучыню.

— Пайшоў з жыцьця адзін з ключавых сьведкаў у справе зьніклых, былы начальнік «Валадаркі» Алег Алкаеў. Але ён афіцыйна даў усе паказаньні, яны зафіксаваныя. У чым небясьпека таго, што многія сьведкі, розныя фігуранты справы не дажывуць да справядлівага суду?

— Так, я была сьведкай таго, што Алег Алкаеў перадаў важныя дакумэнты, уключаючы журнал выдачы расстрэльнага пісталета, у надзейныя рукі міжнароднай арганізацыі, дзе яны захоўваюцца і цяпер. Існуюць дзясяткі тамоў паказаньняў сьведак з імёнамі ўсіх, хто ўдзельнічаў у гэтым злачынстве. Цяпер да гэтага дададуцца задакумэнтаваныя ў швайцарскім судзе паказаньні Гараўскага.

Многія фігуранты, магчыма, не дажывуць да судовага разбору, але, думаю, і сёньня іх перасьледуюць кашмары — у чаканьні быць зьліквідаванымі ўласнай бандай або апынуцца на лаве падсудных пры зьмене рэжыму. Так, мы як арганізацыі сем’яў зьніклых, зьяўляемся чальцамі Міжнароднай кааліцыі супраць гвалтоўных зьнікненьняў ICAED і шчыльна супрацоўнічаем з такімі міжнароднымі прававымі інстытутамі, як Камітэт правоў чалавека ААН, Працоўная група ААН па гвалтоўных або нядобраахвотных зьнікненьнях, Камітэт ААН у гвалтоўных зьнікненьнях.

Мы як НДА прымалі актыўны ўдзел у стварэньні Міжнароднай канвэнцыі для абароны ўсіх асоб ад гвалтоўных зьнікненьнях, якая была прынята ў сьнежні 2010 году і стала рэальным мэханізмам барацьбы супраць гэтага злачынства. За доўгія гады працы нашага супрацоўніцтва многія прадстаўнікі ААН сталі добрымі сябрамі і дарадцамі. Слуханьні і суд у Швайцарыі — адзін з вынікаў такой каапэрацыі.

Думаю, рашэньне суду адкрые новы разьдзел у пошуку праўды і правасудзьдзя ў справе палітычных выкраданьняў і забойстваў у Беларусі. Ды і праца з іншымі людзьмі з арганізацый сем’яў зьніклых з розных краін Амэрыкі, Эўропы і Азіі вельмі дапамагае — шмат станоўчых прыкладаў, якія адбыліся як у зьмене палітычнай сытуацыі ў краінах, дзе жывуць мае сябры і калегі, так і ў наступным рашэньні пытаньняў, зьвязаных з гвалтоўнымі зьнікненьнямі. Аргентына, Чылі, Нэпал — з апошніх добрых навін.

— На вашую думку, як справа зьніклых зьвязаная з масавымі рэпрэсіямі, якія сёньня адбываюцца ў Беларусі?

— Беспакаранасьць нараджае ўсёдазволенасьць. Па-першае, аказалася, што можна проста не выконваць рашэньняў міжнародных арганізацый (хоць і некаторыя пакараньні ў выглядзе санкцый наступілі ўсьлед за гэтым) і, па-другое, можна хаўрусаваць зь іншымі дыктатурамі і атрымліваць ад іх маральную і матэрыяльную падтрымку. Але масавыя рэпрэсіі, зноў жа, паказваюць, што ў злачыннай улады ўжо не засталося іншых мэханізмаў узьдзеяньня на народ, што зьяўляецца паказьнікам яе слабасьці і, спадзяюся, недаўгавечнасьці.

Пасьля працэсу ў Швайцарыі, я ўпэўненая, мы ўбачым і больш цікавасьці ня толькі да праблемы гвалтоўных зьнікненьняў, але і больш увагі да сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў цэлым.

Спадзяюся, наша справа хоць крыху ўскалыхне Эўропу — сытуацыя жорсткага парушэньня правоў чалавека, праблема беспакаранасьці, адсутнасьць дзейсных мэханізмаў узьдзеяньня на злачынныя ўрады. Спадзяюся, працэс у Швайцарыі стане адной са шрубак у стварэньні асновы для крымінальнага перасьледу злачынцаў, якія заказалі і арганізавалі выкраданьні і забойствы палітыкаў у Беларусі. Мы гатовыя чакаць. У злачынстваў гвалтоўных зьнікненьняў няма тэрміну даўнасьці.

Што важна ведаць пра зьнікненьне беларускіх палітыкаў

Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
Партрэты Юрыя Захаранкі і Віктара Ганчара
  • 7 траўня 1999 году быў выкрадзены і імаверна забіты былы міністар унутраных справаў Беларусі, дзяяч апазыцыі генэрал Юры Захаранка.
  • 16 верасьня 1999 году зьніклі бязь зьвестак былы старшыня Цэнтравыбаркаму і віцэ-сьпікер Вярхоўнага Савету Беларусі Віктар Ганчар, які рыхтаваў імпічмэнт Аляксандру Лукашэнку, і ягоны сябра, бізнэсоўца Анатоль Красоўскі. Пазьней на менскай вуліцы Фабрычнай, дзе меркавана адбылося выкраданьне, былі знойдзеныя аскепкі аўтамабільнага шкла і сьляды крыві.

  • Прадстаўнікі беларускай апазыцыі, родныя зьніклых і міжнародная супольнасьць лічаць, што яны былі выкрадзеныя па палітычных матывах. У датычнасьці да іх зьнікненьняў падазраюцца Віктар Шэйман (былы кіраўнік Адміністрацыі прэзыдэнта), Уладзімер Навумаў (былы міністар унутраных спраў), Юры Сівакоў (займаў пасаду кіраўніка МУС) і Дзьмітры Паўлічэнка (на той момант камандзір брыгады спэцназу ўнутраных войскаў МУС), адносна якіх з 2004 году дзейнічаюць санкцыі Эўразьвязу і ЗША.
  • У верасьні 2004 году Аляксандар Лукашэнка ахарактарызаваў Шэймана, Навумава, Сівакова і Паўлічэнку – як «самых сумленных, надзейных, адданых народу й дзяржаве людзей».
  • На пачатку 2019 году Сьледчы камітэт паведаміў аб прыпыненьні расьсьледаваньня спраў аб зьнікненьні Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. У сьнежні 2019 году справу аб зьнікненьні Захаранкі аднавілі.
  • 16 сьнежня 2019 году нямецкае выданьне Deutsche Welle апублікавала інтэрвію, у якім Юры Гараўскі, які назваў сябе байцом беларускага «эскадрону сьмерці», расказаў, як удзельнічаў у выкраданьні і забойстве праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі 20 гадоў таму пад камандаваньнем Дзьмітрыя Паўлічэнкі.

  • 24 сьнежня 2019 году ў інтэрвію «Эхо Москвы» Лукашэнка заявіў, што ніхто акрамя яго ня мог даць каманду аб выкраданьні і забойстве палітыкаў, а ён «ніколі ў жыцьці не аддаваў такую каманду» і ня дасьць цяпер. Ён запытаў, навошта яму было б такое патрэбна і «што зьмянілася, калі ў Беларусі ня стала двух ці трох чалавек», і дадаў, што «Дзіма Завадзкі з-за Чачні Шарамета загінуў». Лукашэнка зьвязаў заявы Гараўскага з тым, што «заўтра прэзыдэнцкія выбары».
  • 19 верасьня 2023 году ў Швайцарыі ў крымінальным судзе у Санкт-Галене пачаўся працэс Юрыя Гараўскага па справе аб зьнікненьнях апанэнтаў Лукашэнкі. Суд стаў прэцэдэнтам.
  • Акруговы суд горада Роршах (кантон Санкт-Гален, Швайцарыя) апраўдаў Юрыя Гараўскага па абвінавачваньні ў гвалтоўных зьнікненьнях, нягледзячы на тое, што ён публічна і некалькі разоў прызнаваўся ў выкраданьні і забойствах Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага — трох выдатных дзеячаў апазыцыі рэжыму Аляксандра Лукашэнкі — у Беларусі ў 1999 годзе.

Публікацыі па тэме:

Што былы спэцназавец расказаў пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі. Сьцісла

Ад Алкаева да Шэймана. Сьпіс ключавых асобаў у справе зьніклых

Як выглядае месца магчымага забойства Ганчара і Красоўскага пад Бегамляй. ФОТА

«Небясьпечна. Вельмі». Што менчукі кажуць пра зьніклых Ганчара, Захаранку і Красоўскага. ВІДЭА

Ад «яму можна верыць» да «расейскага ўкіду». Рэакцыі на сэнсацыйнае прызнаньне ў забойстве апазыцыянэраў

«Машына была на глыбіні аднаго мэтра». Як у 2001 годзе раскапалі джып Красоўскага

Гараўскі адказаў Паўлічэнку, — удзельнік падрыхтоўкі фільму пра забойствы апанэнтаў Лукашэнкі

Каму выгадны фільм пра ўдзельніка «эскадрону сьмерці» і ці ёсьць у ім «расейскі сьлед»?

Сьледчы, які расказаў пра «эскадроны сьмерці», ня верыць сэнсацыйным прызнаньням былога спэцназаўца

Спэцназаўца, які расказаў пра забойствы апазыцыянэраў, паказвалі на БТ 20 гадоў таму. Архіўнае відэа

XS
SM
MD
LG