Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка пераследу 15 верасьня: Былому трэнэру-масажысту зборнай Беларусі ў біятлёне прысудзілі 9,5 года зьняволеньня за данаты

абноўлена

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ілюстрацыйнае фота
Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь. Ілюстрацыйнае фота

Рэпрэсіі ў Беларусі працягваюцца.

Прысуд былому трэнэру зборнай Беларусі ў біятлёне

У судзе Першамайскага раёну Менску 12 верасьня другі раз за тры месяцы паводле крымінальнага артыкула асудзілі палітзьняволенага менчука, былога трэнэра-масажыста зборнай Беларусі ў біятлёне Мікалая Васілевіча. На пачатку чэрвеня яго ўжо асудзілі на 6 гадоў калёніі за «фінансаваньне экстрэмісцкага фармаваньня» (арт. 361-2 КК) і «фінансаваньне экстрэмісцкай дзейнасьці» (арт. 361-1 КК). Цяпер яго абвінавацілі ў «фінансаваньні тэрарыстычнай дзейнасьці», паведамляюць праваабаронцы. Агулам за данаты яму прызначылі 9,5 года калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму і штраф у памеры 22 200 рублёў.

Васілевіча таксама занесьлі ў «сьпіс тэрарыстаў».

Новая крымінальная справа за сарваны чырвона-зялёны сьцяг

Жыхар Баранавіцкага раёну сарваў дзяржаўны чырвона-зялёны сьцяг і панёс яго дадому. Супраць мужчыны завялі крымінальную справу.

Сьцяг вісеў на фасадзе крамы, паведамілі ў Сьледчым камітэце. Інцыдэнт адбыўся 12 верасьня, мужчына ў гэты момант быў п’яны, сьцьвярджаюць сілавікі.

25 жніўня СК паведаміў, што ў адным толькі Менску з пачатку году пачалі 14 крымінальных спраў паводле арт. 370 КК (зьдзек зь дзяржаўнай сымболікі).

За распаўсюд «экстрэмізму» аштрафавалі бібліятэкарку з Талачына

Судзьдзя суду Талачынскага раёну Алеся Саян 1 верасьня за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў аштрафавала на 1110 рублёў загадчыцу аддзелу абслугоўваньня і інфармацыі цэнтральнай бібліятэкі Талачына Тацяну Пабяржыну.

Вядома пра штраф стала толькі цяпер.

Падчас паседжаньня нібыта было ўстаноўлена, што Тацяна ў сацыяльнай сетцы «Аднаклясьнікі» мела падпіскі на інфармацыйныя рэсурсы «Zerkalo» і «Белсат».

Таксама Саян пастанавіла канфіскаваць тэлефон бібліятэкаркі, піша «Віцебская Вясна».

Былога міліцыянта затрымалі на мяжы па вяртаньні з Польшчы і засудзілі на 8 гадоў калёніі

У Берасьцейскім абласным судзе засудзілі Кірыла Гнязьдзілава нібыта за «распальваньне сацыяльнай варожасьці і незаконныя дзеяньні ў дачыненьні інфармацыі аб прыватным жыцьці. Судзьдзя Андрэй Лешчанка прызначыў 8 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Кірыл з 2007 году працаваў у міліцыі, адкуль звольніўся ў жніўні 2020 і перайшоў працаваць у сфэру IT. Яго затрымалі проста на мяжы, калі той вярнуўся з Польшчы наведаць жонку і дзяцей. У суседняй краіне мужчына жыў апошнія паўгоду.

Суд праходзіў у закрытым рэжыме. Справу разглядалі цягам шасьці судовых пасяджэньняў. Вядома, што яна зьвязаная з «Чорнай кнігай Беларусі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG