Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Чаму ў расейскай мове так шмат англіцызмаў, чым страшны нацыяналізм і чаму Лукашэнка робіць зь Беларусі Расею


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Чаму ў «экстрэмісцкіх» каналаў шмат камэнтаў пад допісамі, а ў Азаронка іх амаль няма?

— Мабыць, ён выказваецца вычарпальна, няма чаго дадаць ці з чым спрачацца. Напішыце ў сваім чаце: «Белае — гэта чорнае» і паглядзіце, колькі ў вас будзе камэнтароў.

— Чаму Лукашэнка робіць зь Беларусі Расею?

— Думаю, прычына глыбейшая за палітыку. Яго моцна крыўдзілі з самых раньніх гадоў. У выніку не сфармаваліся пачуцьці ўласнай віны, сораму і эмпатыі, усё затуліла варожая карціна сьвету. Таму людзі для яго не ў прыярытэце, людзям трэба помсьціць.

Адсюль нянавісьць да Зяленскага, якога бацькі выхоўвалі па-іншаму, да культуры і беларушчыны. Толькі «русский мир» зь яго «традыцыйнымі каштоўнасьцямі» дае яму адчуваньне камфорту, калі можна захапіць у закладнікі народ, гісторыю, краіну і атачыць сябе такімі самымі пэрсанажамі зь дзіцячай траўмай. Цяпер іхная ўлада.

— Ці праўда, што ў савецкай Беларусі не было антысаветчыкаў?

— Былі, але ў клясычным сэнсе гэта не беларуская зьява, бо арыентаваліся на Маскву. У Беларусі па вайне быў моцны збройны супраціў. Пасьля беларусы адраджалі сваю культуру — прыродную, спрадвечную, не савецкую. Аснова была сьцьвярджальная, не «анты». Афіцыйная палітыка русыфікацыі ставілася да іх як да дысыдэнтаў.

Уладзімер Караткевіч расказваў: яго выклікалі ў ЦК і сказалі, што ён ідэалізуе беларускую гісторыю. «Дык я ж яе ідэалізую, а не ачарняю», — адказаў пісьменьнік. Адраджэнцаў звальнялі з вучобы ці працы, але ў турмы, як сёньня, сыстэмна не саджалі.

— Чаму галоўная літаратурная прэмія Беларусі носіць імя паляка?

— Хоць бы ўжо таму, што Ежы Гедройць нарадзіўся ў Менску, а ў сваім часопісе «Kultura», які выдаваў у Парыжы, шмат пісаў пра Беларусь, друкаваў беларускіх аўтараў. Заснавалі прэмію пасольства Польшчы і Польскі інстытут у Менску разам зь Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў. Кнігі-пераможцы мусяць выходзіць у польскіх перакладах, а аўтары атрымліваюць стыпэндыі ў эўрапейскіх літаратурных цэнтрах.

Насамрэч этнічная прыналежнасьць тут ні пра што. Галоўнае — беларуская літаратура і яе магчымасьці на шляху ў шырокі сьвет.

— Чым страшны нацыяналізм?

— Нацыяналізм тоесны нацыі. Напрыклад, беларускі нацыяналізм, як і самі беларусы, бывае розны: рамантычны, інтэлектуальны ці грубы, дурны, стваральны ці разбуральны, інтра- ці экстравэртны. Нацыяналізм — як нож, інструмэнт забойства і самаабароны адначасова. Ім можна параніцца, а можна нарэзаць хлеб. Можна адшчыкнуць апэндыкс, а можна працяць сэрца. Беларусам сто гадоў убіваюць у галаву, што вінаваты нож. Маўляў, у нас не павінна быць ніякага нацыяналізму. І гэта замест таго, каб зь дзяцінства выхоўваць навыкі карыстаньня нажом.

— Як вы ставіцеся да ініцыятывы «кінь кізяк у „дэпутата“»?

— Ідэя талковая, але... Для чаго важна рабіць ацэнку працы «дэпутата»? Каб найперш ён сам мог, прынамсі, прачытаць яе, а таксама для магчымай наступнай грамадзкай дыскусіі. Калі ж пачынаюць кідацца экскрэмэнтамі, на прачытаньні і палеміцы ставіцца крыж.

Думаю, у большасьці «дэпутаты» — закладнікі рэжыму, уласнай бясьпекі або прагнасьці. Магчыма, нехта пад прыкрыцьцём дэпутацтва робіць і добрыя справы, як гэта бывае пры акупацыях. Альтэрнатывы палеміцы няма. А з «кізякамі» атрымліваецца імітацыя аглабельнага судзілішча ў духу самога рэжыму, ня больш.

— Чаму ў расейскай мове так шмат англіцызмаў? Здаецца, яшчэ крыху і людзі загавораць перакручанай ангельскай мовай…

— Бо здабыткі цывілізацыі прыходзяць з Захаду на Ўсход, а не наадварот. Для новых прадметаў і зьяваў у Расеі не ствараюць свае назвы, як гэта робіцца шмат у якіх мовах сьвету, а жыўцом бяруць з арыгіналу. Расейцы ўвогуле не асабліва заклапочаныя чысьцінёй і разьвіцьцём сваёй мовы, бо лічаць яе і без таго вялікай і магутнай. У ангельскай таксама здараюцца запазычаньні з расейскай, але толькі для перадачы ўласна расейскіх унікальных рэаліяў.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG