Былы віцэ-міністар замежных справаў пракамэнтаваў апошнія новаўвядзеньні Лукашэнкі ў інтэрвію Свабодзе падчас Эканамічнага форуму ў Карпачы на поўдні Польшчы.
«Гэта выключна тэхнічнае рашэньне. Абавязкова знойдзецца рашэньне, каб беларусы маглі заставацца ў Польшчы. Усе, хто падтрымліваюць свабодную Беларусь, чакаюць канца рэжыму Лукашэнкі. А ён надыдзе. Давайце ня думаць пра палітыку ў Беларусі такім чынам, што Лукашэнка будзе заўсёды. Эра Лукашэнкі скончыцца. Ён страціць сваю ўладу разам з Пуціным, а магчыма, і раней. А беларусы, якія сёньня працуюць для Беларусі за мяжой, будуць калісьці ствараць сапраўды свабодную Беларусь».
Са жніўня 2020-га колькасьць грамадзян Беларусі, якія маюць польскія дакумэнты, вырасла больш як утрая. Паводле нефармальных ацэнак польскіх дзяржаўных органаў, у Польшчы цяпер могуць знаходзіцца больш за 300 тысяч грамадзян Беларусі.
У пэрыяд з 10 жніўня 2020 па 30 чэрвеня 2023 году МЗС Польшчы выдала грамадзянам Беларусі 52 436 гуманітарных візаў, яшчэ 113 906 візаў — у рамках праграмы Poland Business Harbour, якая дазваляе фрылансэрам, стартапам, малым і сярэднім прадпрыемствам апэратыўна пераехаць у Польшчу.
«Наша дапамога беларусам вынікае зь дзьвюх рэчаў. Па-першае, з традыцыі. У Польшчы вельмі сур’ёзная традыцыя падтрымкі эміграцыі, апазыцыйных колаў і тых, каго перасьледуюць у сваёй краіне. Гэта зьвязана з традыцыяй „Салідарнасьці“. Па-другое, у Польшчы гэта робяць і з прынцыповых прычын. Мы зьвяртаем асаблівую ўвагу на адукацыю маладой беларускай палітычнай эліты. А ўрэшце гэта будзе выгадна і для Беларусі, і для Польшчы. Бо калі рэжым Лукашэнкі абрынецца, то гэтыя кадры будуць адыгрываць вельмі важную ролю», — заявіў польскі дэпутат.
Пачынаючы з 2021 году, польскі бок прыняў 81 тысячу пазытыўных рашэньняў аб выдачы дазволаў на жыхарства для грамадзян Беларусі, яшчэ 8500 чалавекам адмовілі ў атрыманьні часовага дазволу на жыхарства за той жа пэрыяд. З 2021 году беларусы сталі самай буйной групай, якая падае заявы аб атрыманьні міжнароднай абароны ў Польшчы.
- Эканамічны форум у Карпачы — найбуйнейшая канфэрэнцыя ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, прысьвечаная палітыцы, бясьпецы і эканоміцы.
- Праходзіць з 1992 году і штогод становіцца месцам сустрэчы прадстаўнікоў сьвету палітыкі, бізнэсу і навукі.
- Сёлета ў мерапрыемстве бяруць удзел больш за 5 тысяч гасьцей. Сярод іх прэзыдэнты, прэм’ер-міністры, кіраўнікі сусьветных карпарацый, экспэрты, навукоўцы і дзеячы мастацтва.
- Падчас форуму адбудзецца 470 дыскусійных панэляў. Больш як у дзесяці зь іх бяруць удзел беларусы.