Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра забарону беларускай літаратуры, «гістарычны канфлікт» зь літоўцамі і незалежныя беларускія СМІ


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Ці варта незалежным беларускім СМІ мець вэрсію на расейскай мове?

— У сытуацыі выгнаньня расейская мова беларускіх СМІ стварае ім імідж «не зусім беларускіх», прынамсі даверу і кансалідацыі беларусаў не спрыяе.

Трэба мець на ўвазе, што для беларусаў іх «крытычны момант» наперадзе, але яны могуць улічваць досьвед Ўкраіны, дзе такі момант ужо настаў, і рабіць свае высновы. Простая лёгіка падказвае, што асноўная вэрсія беларускага СМІ павінна быць па-беларуску. А колькі будзе дапаможных, на іншых мовах, залежыць ад рэсурсу. Чым больш такіх вэрсій, тым лепей для СМІ.

— Пачалі забараняць беларускую літаратуру. А забаронены плод салодкі. Ці можа гэта быць стымулам для разьвіцьця самой літаратуры?

— Можна адносіны да беларускай літаратуры (і мовы) параўнаць з украінскай арміяй 2014 году і цяпер. Раней маргінальную, часта канфармісцкую і неабавязковую, сёньня літаратуру (і мову) рэжым прызнаў сваім рэальным ворагам. Беларуская літаратура (і мова) — свабодная і эўрапейская, дынамічная ў разьвіцьці, запатрабаваная ў публікі. Яна стала бокам у «вайне культур» і ўжо выйграла гэтую вайну, бо альтэрнатывы ёй няма, а колькасьць і якасьць чытачоў расьце на вачах.

— Чаму лукашысты гавораць пра пагрозу NATO, калі NATO ні разу не агучыла такіх плянаў?

— Прычына ў спрадвечным расейскім укладзе, у аснову якога пакладзены абсурд. Кожны прарасейскі чалавек перакананы, што ў жыцьці няма лёгікі, яно такое ж бессэнсоўнае, як сьмерць. Вяршэнства закону, правы чалавека, праўда факту — пустыя словы. Прычым паўсюль, як у Расеі, так і ў NATO. Таму Масква можа напасьці на Ўкраіну, а сказаць, што пачала вайну Ўкраіна.

Гэты рэлятывізм у Беларусі спрабуе прышчапіць Лукашэнка. Вы кажаце, што гэта хлусьня? А як паглядзець. Палітвязьні? Іх у нас няма. Прайграў выбары? Дзе вы бачылі выбары?

— А ці не дапускаеце вы, што людзі на Данбасе проста ня хочуць жыць ва Ўкраіне?

— Дапускаю, але як гэта спраўдзіць? У людзей Данбасу няма спосабу сказаць пра гэта. «Рэфэрэндумы» з завоблачнымі вынікамі там самачынна праводзіла Расея — ва ўмовах акупацыі, расейскай прапаганды і перасьледу ўсяго ўкраінскага. Аб’ектыўнай статыстыкі няма.

30 гадоў таму свае данбасы маглі ўзьнікнуць, напрыклад, і ў краінах Балтыі. Але пасьля вываду адтуль расейскай арміі там усталяваліся мір, дэмакратыя, дабрабыт і цывілізацыя ў цэлым. Таму дапускаю і адваротнае.

— Ці не прывядзе гістарычны канфлікт зь літоўцамі да высылкі беларусаў зь Літвы?

— Гэта не «гістарычны канфлікт», а правакацыя ў стылі Лукашэнкі. Ня ведаю, ці інсьпіраваная яна з Масквы, але выгадная толькі ёй.

Літва ўжо даўно жыве ў сьвеце, дзе суседнія краіны павырашалі большасьць сваіх гістарычных канфліктаў шляхам адкрыцьця межаў. Якраз межы ў гісторыі і стваралі перадумовы для канфліктаў. А Беларусь, на жаль, застаецца ў ранейшым сьвеце канфрантацыі і «ворагаў навокал». Літоўцы цалкам апраўдана могуць выслаць з краіны, але не беларусаў, а крамлёўскіх правакатараў, хай сабе і зь беларускімі пашпартамі.

— Беларусы ў Польшчы хутчэй засвойваюць польскую мову, а са сваімі гавораць па-расейску. Чаму так?

— Бо для засваеньня беларускай мовы ў Польшчы няма сацыяльных стымулаў або яны занадта слабыя. Як і ў самой Беларусі, дарэчы.

Многія не разумеюць, што дэмакратычных перамен (і, як вынік, напрыклад, вызваленьня палітвязьняў) па-расейску ў Беларусі дасягнуць ня ўдасца. Дэмакратыю будуе нацыя, а не насельніцтва. Па ідэі стымуляваньнем беларушчыны мусіў бы заняцца беларускі «ўрад у выгнаньні». Самацёкам такога засваеньня не адбудзецца. Як і вызваленьня палітычных вязьняў. Гэта зьвязаныя рэчы.

— Ці могуць дэмакратычныя сілы за мяжой перахапіць ініцыятыву ў Лукашэнкі?

— Цяпер гэта залежыць толькі ад чалавечага фактару, як тое адбылося ў міжнародных справах. Перахапіць ініцыятыву ўнутры Беларусі можа рэальна выбраны парлямэнт і ўрад, а не факультатыўныя квазіструктуры, якія не адказныя ні перад кім.

Беларуская грамада за мяжой, ад 300 тысяч да паўмільёна чалавек, магла б праз выбары надзяліць дэмакратычныя сілы такой адказнасьцю перад нацыяй, што ўжо само сабою ўплывала б на сытуацыю дома. Каб перахапіць ініцыятыву, трэба, як мінімум, дзейнічаць з супернікам у адных фармальных катэгорыях.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG