Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто здабыў незалежнасьць Беларусі? Тлумачыць гісторык


Тацяна Астроўская
Тацяна Астроўская

32 гады таму Беларусь стала незалежнай дзяржавай. 25 жніўня 1991 году Вярхоўны Савет БССР надаў Дэклярацыі аб сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону і прыпыніў дзейнасьць Камуністычнай Партыі Беларусі. Як гэта стала магчымым?

Чаму камуністычная большасьць у Вярхоўным Савеце прагаласавала за незалежнасьць і забараніла сваю ж партыю?

Пра гэта ў этэры Свабоды Premium расказвае доктарка гістарычных навук Тацяна Астроўская.

Нечарговую сэсію Вярхоўнага Савету БССР 24 жніўня склікалі на патрабаваньне Беларускага Народнага Фронту. Тады ў парлямэнце было ўсяго 28 дэпутатаў ад БНФ. Нагодай стаў путч у Маскве. Менавіта дэпутацкая меншасьць на чале зь Зянонам Пазьняком настойвала на тым, каб надаць Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце статус канстытуцыйнага закону, то бок прызнаць незалежнасьць юрыдычна. У гэтым БНФ заручыўся падтрымкай «Дэмакратычнага клюбу». Але большасьць дэпутатаў у Вярхоўным Савеце 12-га скліканьня былі камуністы.

«Усё да гэтага ўжо ішло. За дзень да Беларусі незалежнасьць абвясьціла Ўкраіна. Путч у Маскве праваліўся. І, канечне, важнай была падрыхтоўчая праца Пазьняка і ягоных калегаў. У прынцыпе, гэта пачалося нават дзясяткі гадоў раней. Яны змаглі ўсё растлумачыць. Гэта і праца дыяспары, інтэлектуалаў, якія дзесяцігодзьдзямі набліжалі гэты дзень. Гэта сапраўды іх заслуга. Усё атрымалася ў спрыяльны момант. Пазьняк і дэпутаты змаглі выкарыстаць усе тыя рэсурсы, якія мелі», — кажа Тацяна Астроўская.

На яе думку, падзеі 25 жніўня 1991 году паказваюць, наколькі хуткімі могуць быць перамены.

«Гэтая гісторыя можа нам даваць аптымізм у сёньняшняй сытуацыі. Нават людзі, якія трымаюцца за ўладу, раптам, вельмі хутка, гатовыя зьмяніць свае погляды на ўсё. Камунізм, як падавалася, быў ладам жыцьця, але нам гэта паказвае, наколькі ім лёгка было ад гэтага адмовіцца. Што тычыцца народу, то большасьць заўсёды больш кансэрватыўная да пераменаў. Але калі пачалася перабудова, а глеба для яе была ўжо падрыхтаваная, то мы бачым, наколькі ідэя аказалася цікаваю для многіх. Гэта ня большасьць, але дастаткова, каб перамены адбыліся», — кажа Тацяна Астроўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG