Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Віцебская Вясна»: затрыманым нафтанаўцам Брыцікавай і Кухаронку выставілі абвінавачаньні


Вольга Брыцікава і Аляксандар Кухаронак
Вольга Брыцікава і Аляксандар Кухаронак

Вольгу Брыцікаву і Аляксандра Кухаронка затрымалі 11 жніўня. З таго часу яны ў зьняволеньні.

Праваабаронцам стала вядома, што Вольгу Брыцікаву, былую старшыню незалежнага прафсаюзу ААТ «Нафтан», вінавацяць паводле ч. 1 арт. 361 КК («Публічныя заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрадзе дзяржаве, або зьдзяйсьненьня акту тэрарызму або дывэрсіі, або ажыцьцяўленьня дзеяньняў, накіраваных на парушэньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Рэспублікі Беларусь, або зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь, у тым ліку на прымяненьне мер абмежавальнага характару (санкцый) у дачыненьні Рэспублікі Беларусь»).

Аляксандра Кухаронка вінавацяць паводле таго ж артыкулу, але паводле каторай часткі, зьвестак няма, піша «Віцебская Вясна». Кухаронка затрымалі ў вёсцы Росіца Верхнядзьвінскага раёну, там амапаўцы правялі ператрус, а таксама вобшукі прайшлі на кватэры Кухаронка і ў ягоных бацькоў у Наваполацку.

Спачатку разам з мужчынам затрымалі і ягоную жонку, але пазьней яе адпусьцілі.

Аляксандар Кухаронак быў адным зь першых работнікаў «Нафтану», якія падтрымалі страйк на прадпрыемстве. У 2021 годзе ён адбыў 20 дзён арышту за ўдзел у запісе відэароліка з заклікам галасаваць на плятформе «Голас» — яго абвінавацілі ў правядзеньні «несанкцыянаванай акцыі» (паводле арт. 24.23 КаАП).

Вольга Брыцікава, у якой таксама правялі ператрус, летась адбыла за кратамі 75 дзён. Ёй прысудзілі 5 арыштаў запар за нібыта «несанкцыянаванае пікетаваньне». Падчас арышту яна абвяшчала галадоўку на знак пратэсту.

Паводле ч. 1 арт. 361 КК жанчыне пагражае арышт або пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG