Арганізатарам мерапрыемства зь беларускага боку стаў адзін з кіраўнікоў Руху беларускіх нацыяналістаў і сябра Каардынацыйнай рады Ян Рудзік.
У інтэрвію Свабодзе Рудзік патлумачыў, што ўсё агучанае на прэс-канфэрэнцыі ў Варшаве — гэта «ня розыгрыш, ня хайп і ня ІПСА». На яго думку, калі Расея прайграе вайну і разваліцца, то Смаленская рэспубліка мае стаць буфэрнай зонай. Далейшы лёс Смаленшчыны, на яго думку, могуць вырашыць жыхары рэгіёну і грамадзяне Беларусі — праз рэфэрэндум.
«Насамрэч мы вельмі сур’ёзна настроеныя, пляны вельмі сур’ёзныя. У нас ёсьць нават сапраўдны дэпутат, таму няма магчымасьці паварочваць назад», — кажа Рудзік.
Расейскі дэпутат Уладзіслаў Жывіца сапраўды да верасьня мае дэпутацкі мандат, ён былы сябра Камуністычнай партыі Расейскай Фэдэрацыі. Рудзік патлумачыў, што расейская палітычная сыстэма выбудаваная такім чынам, што калі нехта хоча займацца палітыкай, то КПРФ — «найбольш просты пункт уваходу».
«Ён займаўся добрай справай. Спрабаваў адваяваць мясцовы касьцёл у муніцыпальных уладаў на карысьць Ватыкану, займаўся архітэктурай, у тым ліку і беларускай. Бо стаяць там яшчэ нашыя муры», — дадае Ян Рудзік.
Паводле яго, пасьля поўнамаштабнага ўварваньня Расеі ва Ўкраіну прыхільнікі адасобленасьці Смаленшчыны аб’ядналіся і выйшлі на сувязь з Рухам беларускіх нацыяналістаў. У далейшым арганізацыя Рудзіка зьбіраецца падтрымліваць смаленскую палітычную плятформу ў яе дзейнасьці і «барацьбе за дэакупацыю з боку Расеі».
«З намі ўжо пачалі выходзіць на сувязь смаленчукі, шмат эмігрантаў, якія даўно зьехалі. Ёсьць вялікі фідбэк, і мы бачым, што ёсьць сапраўдная пэрспэктыва ў гэтага праекту», — кажа Рудзік.
Паводле расейскага перапісу 2010 году, у Смаленскай вобласьці пражывала ўсяго 1,2% беларусаў. Але Рудзік перакананы, што гэтым дадзеным нельга верыць, бо Расея — несвабодная краіна. Ніякай аналёгіі паміж сваімі заявамі і варожымі дзеяньнямі самой Расеі адносна сваіх суседзяў Рудзік ня бачыць, бо шлях Смаленшчыны да незалежнасьці, на яго думку, не прадугледжвае агрэсіі.
«Я прапаную адкінуць скепсіс і паглядзець на пытаньне больш прагматычна, і тады, спадзяюся, людзі пачнуць разумець тое, што мы пачалі рабіць», — дадае Ян Рудзік.