— Чаму Зянон Пазьняк так дзіўна сябе паводзіць — заклікае пасадзіць у турму Ціханоўскую і Бабарыку, гаворыць пра згнілую Эўропу, называе нас новымі саўкамі (думаю, моладзь увогуле не разумее, пра што ён)?
— Зянон Пазьняк генэральна дбае пра нацыянальныя інтарэсы і стараецца трымаць флянгі палітычнага спэктру, каб іх не занялі недасьведчаныя ў палітыцы і ў Беларусі людзі. Адпаведна і рыторыка такая, флянгісцкая. Напэўна, яна і ня можа быць карэктнай. Але мы ж разумеем, што ў турму будзе садзіць суд, а не Пазьняк.
Зь іншага боку, ён ці ня сам-адзін змагаецца за тое, каб беларускую дзяржаву не атаясамлівалі з хунтай Лукашэнкі, якая гэтую дзяржаву захапіла. Каб разбурэньне хунты ня стала разбурэньнем дзяржавы.
— Мінск ці Менск?
— У 1939 годзе сталінскі рэжым памяняў назву Менск на Мінск. У 1933-м яны гвалтам зьнявечылі беларускі правапіс, у 1937-м фізычна зьнішчылі нашу інтэлігенцыю.
Мэтай русіфікацыі было зрабіць зь беларушчыны непрывабнае, дэкаратыўнае і нефункцыянальнае пудзіла. Палюбіць «гэта» было немагчыма. Як чырвона-зялёны сьцяг на аўтазаку. І тыя пакаленьні, якія ўсё ж здолелі палюбіць сваё, зрабілі гэта, дазнаўшыся пра беларушчыну прыродную, спрадвечную, несавецкую, са сваім правапісам, сымболікай, героямі і назвай сталіцы.
Безумоўна, Менск. Дарэчы, у 1990-я ўлады былі зусім блізка да таго, каб вярнуць сапраўдную назву. Але здарылася катастрофа 1994-га.
— Чаму сьпікеры дэмакратычных сіл дагэтуль публічна выкарыстоўваюць расейскую мову?
— Трэба ўдакладніць — некаторыя. Гэта інэрцыя, яны не разумеюць, з кім і чым сябе (і нас усіх) атаясамліваюць. У выніку маем адставаньне ад задач, якія стаяць перад нашай краінай — зьберагчы незалежнасьць, без чаго немагчымае, дарэчы, вызваленьне палітвязьняў.
Відавочны прыклад Украіны, дзе ўсе афіцыйныя асобы ў публічнай прасторы больш не гавораць па-расейску. Калі б яны гэтага не зрабілі, Украіны ўжо не было б. Беларусь як дзяржава фармальна яшчэ існуе толькі таму, што гэта пакуль выгадна Расеі і пакуль ёсьць беларускамоўныя людзі, публічныя ў першую чаргу.
— На маратоне паўмільёна эўра сабралі ўсяго 12 тысяч чалавек, хоць зьехалі за тры гады больш за 500 тысяч...
— 12 тысяч — дзейсная супольнасьць для агульнай справы, параўнальная, між іншым, з усім апаратам рэжыму. А паўмільёна — адчувальная падтрымка для палітвязьняў. На маю думку, гэта плённы вынік, усё іншае фантазіі.
Калісьці ў маім дзяцінстве адзін мой сябрук марыў: а вось каб усе жыхары СССР (250 млн) скінуліся мне па адной капейцы, нікому ж не шкада... Трэба разумець, што ў грамадзтве маральная большасьць заўсёды ў меншасьці. Галоўнае, што яна ёсьць.
— Ці можа вызваленьне палітвязьняў ініцыяваць хтосьці ў самой Беларусі?
— Можа. Вось умоўны Аляксей Талай вязе ўкраінскіх дзяцей у Беларусь. Выглядае, што ён шчыра перакананы ў чалавечнасьці сваёй місіі. То бок для яго прынцып гуманнасьці на першым месцы. І калі, напрыклад, хтосьці, бясспрэчны аўтарытэт з двух бакоў мяжы, пры тым фармальна не на пасадзе, зьвернецца да яго зь пераканаўчай інфармацыяй пра ўмоўнага Зьмітра Дашкевіча і менавіта ў гуманістычным кантэксьце папросіць, каб вярнулі бацьку чатыром маленькім дзецям, гэта той выпадак, калі Талай можа ўзяць на сябе такую місію. Імёны могуць быць іншыя. Але спроба не хвароба.
— Што, апроч мовы, можа абараніць беларуса ад русыфікацыі?
— Да беларусаў яшчэ не прыйшло ў поўнай меры разуменьне, што бяз мовы яны тыя ж расейцы. І гэта пытаньне ня выбару, а выжываньня, у тым ліку фізычнага. Але ёсьць і індывідуальныя практыкі самазахаваньня. Напрыклад, імя і прозьвішча. Іх расейскія ці сугучныя расейскім формы таксама не абароняць ад бяды. І кожны можа знайсьці ў сваім радаводзе адметныя беларускія формы.
Ведаю, што сярод літоўцаў, напрыклад, замена імя і прозьвішча была моцна пашыраная ў часы здабыцьця незалежнасьці. Хочаш зьмяніць сьвет, зьмяніся сам.
— У Беларусі проста мора людзей пазвальнялі і звальняюць з працы. Людзі маўчаць. Маштабы гэтай драмы нават уявіць сабе цяжка. Што з гэтым рабіць?
— Лягічны занятак для «ўраду ў выгнаньні»: збор зьвестак, каардынацыя, урэшце біржа працы, якая прапануе камусьці працу онлайн, камусьці знойдзе працадаўцу, камусьці зладзіць збор дапамогі... Варыянтаў столькі, колькі хопіць фантазіі. У выніку атрымаецца маштабнае збліжэньне «ўраду» з бацькаўшчынай і прыняцьце яго, як свайго.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669