Затрыманьне адбылося па месцы жыхарства. Каб не турбаваць дзяцей, Юлія выйшла з кватэры ў пад’езд, пасьля чаго дадому не вярнулася, піша «Гомельская Вясна».
У чэрвені шэраг работнікаў «Ранку» ўжо затрымліваліся, на іх накладалі арышты і штрафы за «экстрэмізм» па артыкуле 19.11 КаАП. Тады Даўлетавай сярод затрыманых не было. Затым сайт «Ранка» закрылі, а 4 ліпеня суд Чыгуначнага раёну Гомля абвясьціў яго і адпаведныя старонкі ў сацсетках «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Затрыманьні ў чэрвені адбыліся пасьля таго, як «Ранак» першым паведаміў пра выбух на сьветлагорскім заводзе цэлюлёзы, ад якога загінулі тры чалавекі.
- 11 чэрвеня ў Сьветлагорску затрымалі восем супрацоўнікаў тэлеканалу «Ранак». Сапраўднай прычынай для праблем у выданьня мог стаць сюжэт пра выбух на Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце, у якім загінулі тры чалавекі. Гэтае здарэньне асьвятляў «Ранак».
- На ўсіх затрыманых склалі пратаколы па ч. 2 арт. 19.11 КаАП. Мужчынам прысудзілі па 7 сутак адміністрацыйнага арышту, жанчынам — штрафы ў памеры 25 базавых велічынь.
- Cярод затрыманых былі Андрэй Ліпскі, журналіст; Павал Рабко, апэратар; Вадзім Вежнавец, галоўны рэдактар мэдыякампаніі; Уладзімер Папоў, апэратар; Марына Бычкоўская, маркетоляг; Алена Кісялёва, галоўная бухгальтарка; Крысьціна Казялькова, сакратарка; Ганна Згурская (цяжарная, на яе склалі пратакол і адпусьцілі, суду пакуль не было), Лізавета Шавяленка (яе таксама адпусьцілі пасьля складаньня пратаколу, бо яна мае інваліднасьць, суду таксама пакуль не было).
- Вядома, што ўсіх затрымлівалі ў розных месцах пасьля працоўнага дня. Адну з жанчын затрымалі ў іншым горадзе. Ёсьць інфармацыя, што затрыманьнем кіраваў гомельскі ГУБАЗіК.