Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Запытайся ў Дубаўца. Пра рэжымную прапаганду, гібель Алеся Пушкіна і будучыню беларускай гуманітарнай навукі


25 гадоў на Радыё Свабода Сяргей Дубавец знаходзіць сэнсы беларускага жыцьця і адказвае на вашы пытаньні.

— Рэжымная прапаганда — чаго яна хоча ад беларусаў?

— Бэтэшная прапаганда — гэта і ёсьць экстрэмізм у дакладным значэньні слова. Мне згадваецца рэкляма парку забаваў пад Горадняй, дзе ёсьць усё — ад рэляксу да экстрыму. Кліент з уласнае волі хоча выпрабаваць свой неўсьвядомлены страх. Так і глядач, які ўключае БТ, каб паказытаць сабе нэрвы.

Гэтым, дарэчы, цяперашняя прапаганда адрозьніваецца ад савецкай, якая ў пераважнай ступені абяцала сьветлую будучыню, а гэта ўжо рэлякс, а ня страх. Але сёньня ніхто нічога сьветлага не абяцае — наадварот, чым далей, тым горш. Таму калі на адрас апанэнтаў гучаць словы «мразь», «тварь», «животное» і падобныя, гэта значыць, што аргумэнты вычарпаныя, і трэба выключаць тэлевізар.

— Калі ўжо шырока бытуе выраз «рэжым Лукашэнкі», чаму герб/сьцяг гэтага рэжыму па-ранейшаму называюць «беларускімі»? Чаму нашы інтэлектуалы не зьвяртаюць увагі на гэта?

— Нашы інтэлектуалы збольшага ня ў той кандыцыі, каб дыктаваць парадак дня. Дыктуе жыцьцё. Проста відавочным становіцца, што «беларускія ўлады» ніякія не беларускія, і што рускамоўнасьць, якая ўчора здавалася бяскрыўднай, сёньня, як кажа Пуцін, азначае прыналежнасьць да Расеі. То бок беларускі рускамоўны дэмакратычны актывіст перастае быць беларускім, а, становячыся расейскім, перастае быць і дэмакратычным. Украінцы гэта зразумелі крыху раней. Узяць свой парадак дня ў свае рукі іх прымусіла вайна. Павальней, але тое самае мусіць адбыцца і ў нас.

— Што такое глыбінны народ, пра які кажуць прапагандысты?

— Гэта расейская зьява — народ, слаба закрануты цывілізацыяй. Ён кіруецца пераважна інстынктамі, а ня тым, што мы называем здаровай лёгікай і эмпатыяй. Глыбіннасьць яго ў тым, каб захоўваць паводзіны і звычаі з глыбінь вякоў, калі напад на іншую краіну або сямейны гвалт лічыліся нормай, калі крытычна важна, ці носіш ты бараду або хустку, ці не.

У Беларусі праявы «глыбіннасьці» калі й здараюцца, маюць расейскае паходжаньне. З часоў сярэднявечча ў нас усталяваліся цывілізаваныя дачыненьні паміж людзьмі, а на месцы расейскай глыбіннасьці паўстала такая зьява, як краязнаўства. Менавіта на краязнаўцах і паэтах, якія ёсьць у кожным беларускім паселішчы, трымаецца наша «глыбіннасьць».

— Праз рэпрэсіі ці ня будзе наша гуманітарная навука незваротна адкінутая назад?

— Парадаксальная рэч. Людзі навукі ў турмах і выгнаньні вольныя ад тых «чырвоных сьцяжкоў», якімі былі абкладзеныя ў сваіх акадэмічных кабінэтах. Сёньня з усёй вастрынёй бачыш, у якім загоне апынулася «афіцыйная» гуманістыка за гэтыя 30 гадоў. Зьнішчаная БелЭн, здэградаваныя акадэмічныя інстытуты... Але, выключаныя з рамак афіцыёзу, навукоўцы нават у турмах, пры ўсім гэтым ціску, мысьляць і пішуць кнігі.

Падобнае і з выгнанцамі. Мяркуючы з рассылак навуковых працаў, з узроўню дыскусій і асьветніцкіх праграм... Ясна, што многіх спасьціг цяжкі лёс, але што да гуманістыкі, насуперак гэтаму, складваецца ўражаньне прадуктыўнага росту.

— Куды можа пайсьці выпускнік журфаку, калі ўласна журналістыкі ў Беларусі не засталося?

— Сытуацыя падобная да той, што была ў савецкія часы, калі журналісты ішлі працаваць у «партыйную прэсу», бо іншай не было. Галоўнае тут застацца чалавекам і, як той казаў, ня ўдзельнічаць у подласьці. Ішлі на тэхнічныя пасады, пісалі пра культуру, разьвівалі эзопаву мову. Іншы раз удавалася зьмясьціць рэцэнзію на «няправільны» спэктакаль або кнігу, расказаць пра «няправільнага» забытага земляка...

Падтэкст і стыль — вось дзейсны спосаб разбураць жалезабэтон прапаганды і важная місія сапраўднага журналіста. Перад інтэлектуальнай перавагай аўтара часьцяком пасуе і цэнзар, і амбітны дубаломны рэдактар.

— Ці трэба і як дэмакратычная апазыцыя павінна адрэагаваць на публікацыю фільму з тварамі пратэстоўцаў?

— Гэта пытаньне адказнасьці. Паказ фільму нясе пагрозу тым, хто ў Беларусі. І рэагаваць на гэта павінен наш умоўны ўрад у выгнаньні. Аднак калі гэты ўрад праводзіць выніковую замежную палітыку, дык унутранай палітыкі амаль не відаць. Няма выразнай суб’ектнасьці інстытуцыяў і мэханізмаў іх дзейнасьці. Складваецца ўражаньне, што тыя, хто павінен кіраваць працэсамі ў межах той беларускай супольнасьці, што вымушаная была пакінуць краіну, дзейнічаюць як аматары.

На маю думку, якраз з заяўленай адказнасьці людзей ураду ці суду (які мусіць быць у гэтай мадэлі дзяржавы) трэба пачынаць гаворку пра адказнасьць публікатараў фільму.

— За што забілі Алеся Пушкіна?

— Ведаючы Алеся, маю толькі адзін адказ — за беларускую мову. Як і Вітольда Ашурка. Паводле ўсіх іншых прыкметаў — адэкватнасьць, камунікабэльнасьць, нават мімікрыя — яны абодва цалкам упісваліся ў вобраз вязьняў, што апынуліся ў турме, у сытуацыі выжываньня. А вось мова... Калі гучыць каманда «говори на нормальном языке», і звычайны вязень пераходзіць на расейскую, тут ня той выпадак. Ні Ашурак, ні Пушкін не маглі гэтага зрабіць у сілу сваёй базавай прыкметы. Як бы сказалі: будзь іншым. Але я ня іншы, я гэта я. Гэта мая сутнасьць. Ня можа верабей каркаць варонай. У адказ — ярасьць, гвалт, сьмерць.

Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669

ЧЫТАЙЦЕ ТАКСАМА:

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG