Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам дураць галаву карцінкамі». Сахашчык агучыў інсайд ад расейскіх сілавікоў пра мэту вагнэраўцаў у Беларусі


Валер Сахашчык
Валер Сахашчык

На гэтым тыдні кіраўнік ПВК «Вагнэра» Яўгеній Прыгожын прывітаў наймітаў у Беларусі. Ён казаў чальцам ПВК, што пакуль яны ня будуць браць удзел у вайне ва Ўкраіне, і паабяцаў зрабіць беларускае войска «другім войскам у сьвеце».

Што значыць для Беларусі прыбыцьцё тысяч наймітаў, тлумачыць прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінэта ў пытаньнях абароны і нацыянальнай бясьпекі Валер Сахашчык. Палітык даў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее время».

— У ПВК «Вагнэр» заяўляюць, што ў Беларусь прыбылі або прыбудуць 10 тысяч наймітаў. Вы разумееце, што адбываецца зараз? Чаму яны могуць навучыць беларускае войска?

— Я думаю, што вельмі вузкае кола людзей валодае рэальнай інфармацыяй аб тым, што робіць «Вагнэр». Была нейкая дамоўленасьць у вельмі вузкім коле, і гэтая дамоўленасьць, мяркуючы па ўсім, выконваецца. Нам дураць галаву, нам паказваюць нейкія карцінкі. Наколькі яны адпавядаюць праўдзе, цяжка сказаць. Выглядае на тое, што насамрэч вялікая колькасьць вагнэраўцаў перамяшчаецца ў Беларусь.

Так, яны пачалі рабіць заняткі ў баявой падрыхтоўцы з прадстаўнікамі ўзброеных сілаў Беларусі. Што яны будуць рабіць далей, сказаць дастаткова складана. Для мяне відавочна адно: Лукашэнка выключаны з ланцужка прыняцьця рашэньняў у гэтым пытаньні. Паводле той інфармацыі, якую я маю, усё адбылося безь яго. У мяне ёсьць пэўныя інсайды сярод расейскіх сілавікоў. Там існуе думка, што Беларусь падарылі Прыгожыну. І ён цяпер усё робіць, не пытаючыся ні самога Лукашэнкі, ні ягонага атачэньня. Тыя пытаньні, якія трэба было вырашыць, вырашаныя. Ён будзе асабіста рабіць усё, што лічыць патрэбным.

— Гэта значыць, іншымі словамі, калі Прыгожына нешта не задаволіць у Лукашэнку, ён можа зрабіць такі ж бунт, як у Расеі, і пайсьці на Менск?

— Я ня думаю, што гэта будзе ў такой форме, але тое, што ён зможа ў Беларусі зрабіць вельмі шмат, а можа быць, усё, — я цалкам дапускаю гэты варыянт.

— А калі дапусьціць той варыянт, які быў у Расеі? Калі, дапусьцім, у нейкі момант ПВК «Вагнэр» пойдуць на Менск, на Лукашэнку, ці зможа беларускае войска спыніць гэтых мяцежнікаў, як было ў Расеі? Колькасьць беларускага войска — да 50 тысяч. І ўжо 10 тысяч наймітаў ПВК «Вагнэра» ў Беларусі.

— Па-першае, з гэтых 50 тысяч баявых падразьдзяленьняў далёка не палова. Па-другое, у беларускім войску няма ніводнага генэрала, афіцэра, салдата, якія маюць баявы досьвед. Па-трэцяе, беларускаму войску ўсе гэтыя гады вайны актыўна ўбівалі ў галаву інфармацыю аб тым, што «Вагнэр» — супэрэфэктыўнае, супэрстрашнае, супэрмоцнае фармаваньне. Гэтым актыўна займалася ўся крамлёўская, калякрамлёўская і беларуская прапаганда.

У нас ужо 29 гадоў ва ўладзе Лукашэнкі, і ўсе гэтыя гады адбывалася адмоўная сэлекцыя кіроўных кадраў. Людзей, здольных прымаць сур’ёзныя адказныя рашэньні, там проста няма і быць ня можа. Таму ў складанай крызіснай сытуацыі, я баюся, што ня знойдзецца сярод гэтых усіх хлопцаў у лямпасах, абчэпленых мэдалькамі з ног да галавы, каго-небудзь, хто зможа проста аддаць загад і выйсьці супраць ПВК «Вагнэр». Я баюся, што яны, як бандэрлогі ў мульціку «Маўглі», замруць і будуць чакаць, што хто-небудзь за іх вырашыць іх лёс.

— У самой арміі ў Беларусі як ставяцца да таго, што прыехалі найміты ПВК «Вагнэр»: з асьцярогай ці з радасьцю?

— У мяне даволі-такі шырокія кантакты ў дзейным беларускім войску. Але трэба разумець, што са мной размаўляюць людзі, якія прытрымліваюцца прыкладна такіх жа поглядаў, як і я. Сярод гэтых людзей ёсьць абурэньне і абурэньне тым, што адбываецца. Гэтыя людзі, акрамя таго, што мы ўжо згадалі ў нашай размове, цалкам сурʼёзна лічаць, што кіраваньне тактычнай ядзернай зброяй таксама будзе перададзена вагнэраўцам. Тым больш іх разьмясьцілі побач зь месцам, дзе дысьлякуецца 465-я ракетная брыгада, у якой на ўзбраеньні стаяць «Іскандэры». Усё гэта вельмі непрыемна. Вядома ж, беларускія афіцэры адчуваюць, што ў іх проста забіраюць з-пад ног зямлю і робяць закладнікамі вельмі бруднай палітычнай гульні. Ніхто гэтым не задаволены. Але што яны змогуць зрабіць, жыцьцё пакажа. Насамрэч, мусіць, маглі б нават без прадажных генэралаў.

— Вы кажаце, што рашэньне аб разьмяшчэньні вагнэраўцаў у Беларусі было прынятае без Лукашэнкі. А вы ведаеце, якое яго асабістае стаўленьне да гэтага? Ён за ці супраць?

— Я крыху па-іншаму сказаў: рашэньне прымалася з удзелам Лукашэнкі. Але Лукашэнка даўно ўжо пастаўлены ў такія межы, што ён нічога не вырашае. Ён вымушаны згаджацца — ці гэта канец яго карʼеры і жыцьця. Яго асабістае стаўленьне: ён спрабуе рабіць добрую міну пры дрэннай ігры, ён спрабуе расказаць, што гэта карысна і трэба Беларусі. Але нават найбліжэйшае асяродзьдзе яго ў гэтым не падтрымлівае. Спрачаюцца, наколькі гэта ўвогуле магчыма спрачацца з дыктатарам, які за 29 гадоў гарачым жалезам выпаліў ва ўсіх людзей жаданьне пярэчыць. Тым ня менш настрой адмоўны, стаўленьне да гэтага працэсу адмоўнае.

На сёньня Лукашэнка ўжо не прымае рашэньняў: усё адбываецца само па сабе. Максымум, што ён можа, гэта зрабіць выгляд: «Так, так, я на гэта ўсё згодзен. Гэта я ўсё арганізаваў, гэта я ўсё так вырашыў». І ўсё.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG