— Выходзіць кніга пра Мікалая Сьлюнькова. А пра каго зь сёньняшніх беларускіх кіраўнікоў будуць напісаныя кнігі?
— Не ўяўляю, што пра кожнага зь іх можна напісаць шырэй за вікіпэдыйны артыкул. Афарызмамі яны не гавораць, а ўсе іх рашэньні, нават калі яны прымаюцца нібыта самастойна, гэта рашэньні Лукашэнкі. Пра яго ўжо напісана некалькі кніг, у тым ліку тымі, каго ён пасадзіў у турму.
Вось дзе цяпер героі будучых жыцьцяпісаў, цэлай бібліятэкі пра яркіх асобаў сучаснасьці, якія самастойна стварылі і дамагліся рэальна карысных для краіны рэчаў. Ня ведаю сярод палітвязьняў ніводнага нецікавага або пустога пэрсанажа. Сярод рэжымных калі хто і вылучаецца, дык агрэсіяй і бесчалавечнасьцю, а гэтага для кнігі недастаткова.
— Чаму ў Беларусі вяртаецца савецкае мілітарнае выхаваньне?
— Рэжым імкнецца супрацьпаставіць уласна беларускай гісторыі, найперш гераічнай гісторыі, савецкую гісторыю, якая ў сваёй вайсковай частцы на тэрыторыі Беларусі ўся і заўсёды кіравалася з Масквы і была насамрэч часткай расейскай імпэрскай гісторыі. Тут і НКВД, і партызаны, падпольшчыкі і ўласна армія.
Свая беларуская гісторыя, наадварот, гэта гісторыя вызваленьня з расейскага панаваньня — яна цэльная, шчырая, зразумелая і прывабная для моладзі. Таму яна матывуе і натхняе. Што да спробаў скамбінаваць мінуўшчыну беларускую (несавецкую) з савецкай, яны ня маюць шанцаў, бо пазбаўленыя самай простай лёгікі. І ў выніку атрымліваецца не выхаваньне, а замбаваньне.
— Што значыць судзіць памерлых «злачынцаў»?
— Мёртвым, як вядома, не баліць. Таму гэта пытаньне пра жывых — тых, хто судзіць. Яны адкінулі закон і мараль, яны «проста выконваюць загад». Чорнае называюць белым і ваююць з Курапатамі. Жывым выносяць бесчалавечныя прысуды за камэнтары і падабайкі ў інтэрнэце.
У такой сытуацыі гісторыя звычайна робіць парадаксальны разварот аж да апраўданьня і наступнай гераізацыі тых мёртвых злачынцаў і «злачынцаў», якіх судзяць жывыя. Так было, напрыклад, з Жаннай Д’Арк, якую спалілі на вогнішчы, пасьля судзілі зноў праз чвэрць стагодзьдзя. А ўрэшце далучылі да ліку сьвятых.
— Як адрозьніць праўдзівыя навіны ад фэйкаў?
— Навіны — гэта пацьверджаныя факты, а фэйкі — гэта заўсёды інтэрпрэтацыі — «ня ўсё так адназначна» і г.д. Калі кажуць, што ўкраінцы самі бамбяць свае гарады, знайдзіце гэтаму пацьверджаньне. А яшчэ пастаўце сябе на месца ўкраінцаў — ці вы б сталі так рабіць — бамбіць свой горад?
Гэта вельмі важная опцыя — умець паставіць сябе на месца іншага. Яшчэ малога мяне бабуля вучыла: хочаш яму зрабіць кепска? Спачатку зрабі гэта сабе, калі табе спадабаецца — тады рабі яму.
Ня верце інтэрпрэтацыям, якімі б вартымі даверу яны вам ні здаваліся. Верце спраўджаным фактам. Калі чалавек выказаўся супраць вайны — гэта факт. Калі судзьдзя сказаў, што гэта экстрэмізм — гэта фэйк.
— Касьцюшка ці Сувораў?
— Тадэвуш Касьцюшка наш зямляк. Ён змагаўся за незалежнасьць нашай радзімы, сьцьвярджаў яе прыналежнасьць да Эўропы, адкуль на працягу стагодзьдзяў да нас прыйшлі вяршэнства права, унівэрсытэты, высокая культура і ўсе без выключэньня даброты цывілізацыі.
Сувораў, наадварот, вёў у нас захопніцкую вайну, каб далучыць нашу радзіму да Масковіі. Ён патапіў паўстаньне Касьцюшкі ў крыві, і Беларусь больш чым на сто гадоў была ператвораная ў адсталую ўскраіну суседняй імпэрыі. Каб бачыць у ім героя, трэба быць глыбока савецкім чалавекам або «тоже русским». Але не беларусам.
— Ці ўплывае русыфікацыя на беларускія дэмакратычныя сілы сёньня?
— Хутчэй гэта некрытычны падыход да расейскіх стэрэатыпаў, навязаных і засвоеных яшчэ за савецкім часам. Сама расейская мова — зусім не бяскрыўдны інструмэнт, бо ў ёй закладзена столькі нябачных мін, што трэба пісаць пра гэта кнігі. Як з тымі «преступлением и наказанием», якія па сутнасьці не перадаюць сэнсу злачынства і пакараньня. Або з царом Пятром І, які для беларусаў быццам бы «свая гісторыя». Або з назвамі, калі нашу Дзьвіну, напрыклад, у беларускіх СМІ называюць Заходняй, хоць ніякай іншай у нас няма (ёсьць у Расеі)...
Проста варта памятаць, што русыфікацыя — гэта штодзённая праца вялізнай арміі службістаў, і гэтая праца не на паверхні.
— А што калі ў Лукашэнкі проста свая праграма, якую доўгі час падтрымлівала большасьць?
— Рэч не ў праграме, а ў «чалавечым матэрыяле». Краінай 30 гадоў кіруе чалавек, зь якім ты ніколі б ня меў справы па жыцьці. Магчыма, яго таму і выбірала большасьць, каб не перасячыся зь ім на вузкай сьцяжыне. Бо большасьць беларусаў усё ж людзі выхаваныя, тактоўныя. Думалі: сядзіць ён недзе там высока і хай сядзіць, абы не перашкаджаў жыць.
Але так не бывае. Бо ў гэткіх пэрсанажаў адна праграма — захаваць уладу. І рана ці позна ён зьявіцца на тваёй вузкай сьцяжыне, што і адбываецца сёньня. Зьявіцца, каб адпомсьціць за тое, што ты за яго галасаваць перастаў. Адсюль гэтыя перапоўненыя палітычнымі вязьнямі турмы і масавыя ўцёкі за мяжу.
Думкі, выказаныя ў аўтарскіх рубрыках, перадаюць погляды аўтараў і не адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.
❓Задайце ваша пытаньне. Telegram: @SvabodaBelarus; Signal: +37068643669