Палітвязьню Аляксандру Францкевічу зноў падоўжылі тэрмін у ШЫЗА
Як стала вядома праваабаронцам, палітзьняволенаму анархісту Аляксандру Францкевічу, асуджанаму ў справе «Рэвалюцыйнага дзеяньня» на 16 гадоў і 9 месяцаў калёніі ва ўмовах строгага рэжыму, чарговы раз працягнулі тэрмін у штрафным ізалятары ў папраўчай калёніі № 5 у Івацэвічах.
У ШЫЗА палітвязьня ўтрымліваюць з 28 сакавіка, куды яго зьмясьцілі адразу пасьля «карантыну». Цяпер Аляксандру падоўжылі тэрмін у ШЫЗА да 5 жніўня. Такім чынам, палітвязьня бесьперапынна ўтрымліваюць у ШЫЗА чацьвёрты месяц. Вядома, што ў Аляксандра няма адной ныркі, таму такое працяглае ўтрыманьне ў ШЫЗА можа дрэнна адбіцца на яго здароўі.