Сумнавядомыя падразьдзяленьні, якія зьніклі падчас пратэстаў з-за сьмерці Махсы Аміні, затрыманай за «няправільнае нашэньне хіджабу», аднаўляюць пешае і аўтамабільнае патруляваньне ў Іране, паведамляе Radio Farda.
Як і раней, патрулі «паліцыі нораваў» будуць «сачыць за выкананьнем рэлігійных нормаў і грамадзкай маралі», паведаміў прадстаўнік паліцыі.
Расфарміраваньне «паліцыі нораваў» у Іране было адным з патрабаваньняў удзельнікаў шматтысячных працяглых пратэстаў, якія ахапілі краіну восеньню. Аднак іранскія ўлады сталі жорстка перасьледаваць пратэстоўцаў, а ўвесну ўзмацнілі жорсткасьць захадаў кантролю ў грамадзкіх месцах краіны.
У апошнія месяцы многія жанчыны дэманстратыўна ігнаруюць патрабаваньне хадзіць з пакрытай галавой, у тым ліку і ў знак маўклівага пратэсту.
- 22-гадовая Махса Аміні ў верасьні мінулага году была затрымана паліцыяй нораваў па абвінавачаньні ў няправільным нашэньні хіджаба. З паліцэйскага ўчастка Аміні павезьлі ў шпіталь, дзе яна празь некалькі дзён памерла. Пратэстоўцы лічаць, што прычынай яе сьмерці стала зьбіцьцё супрацоўнікамі сілавых структур.
- Неўзабаве ў Іране пачаліся вулічныя пратэсты. Людзі выступалі зь лёзунгамі супраць паліцэйскага гвалту, супраць барацьбы іранскіх уладаў з іншадумствам, за дэмакратызацыю краіны і зьвяржэньне аяталы Алі Хамэнэі.
- Пратэсты жорстка падаўляліся. Паводле праваабаронцаў, за час масавых акцый больш за 600 дэманстрантаў былі забітыя, каля 20 тысяч чалавек узялі пад варту. Некалькіх чалавек пакаралі сьмерцю.